Падаюць зоры
Падаюць зоры
Падаюць зоры — гэта да шчасця. Толькi трэба паспець загадаць жаданне, канкрэтызаваць яго. Калi ж каханне азараецца шчасцем? У напружаныя хвiлiны прызнання цi ў хмельным узнясеннi ад першага пацалунку?! Ад смеласцi цi ўзаемнасцi?! У творчых сумесных дзеях — так сцвярджаецца ў песнi "Падаюць зоры" Леанiда Захлеўнага i Алеся Бадака. Паэт пiсаў тэкст да ўжо створанай музыкi i, акрылены рамантычнай мелодыяй, згадаў трапны мастацкi вобраз — знiчкi, каб перадаць iмклiвасць кахання. А яно заўсёды поруч са шчасцем. Толькi варта своечасова прыкмецiць гэты з’яднаны хуткаплынны працэс, адчуць i зразумець яго. І не прапусцiць шчаслiвага часу! Трэба спяшацца, як i загадаць жаданне ў тыя мройныя iмгненнi, калi падаюць зоры. Я твае пацалую далонi. Мне так цяжка было без цябе, Што баюся я нават сягоння I на мiг адпускаць ад сябе. Прыпеў: Падаюць зоры, падаюць зоры Цiхай начною парой. Падаюць зоры, падаюць зоры, Светлаю стануць расой. Я загадаю ў шчасцi i горы Не расставацца з табой. Я загадаю ў шчасцi i горы Не расставацца з табой. Гавары — буду слухаць да рання I хмялець ад пагляду твайго. Што мы зналi з табой пра каханне Да разлукi у некалькi год?! Прыпеў. Што было — назаўсёды пакiне I растане у зорнай начы. Мы ў мiнулае дзверы зачынiм I далёка закiнем ключы. Прыпеў.
|
|