Сяргей Дубавец. СВАБОДА. «Наша Ніва» і гомікі
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Першая беларуская газэта хоча быць першай ува ўсім. Але так не бывае. Трэба выбіраць паміж супрацьлеглымі кірункамі: нацыянальнай асьветай і прапагандай гомасэксуалізму. Інакш парвецца месца, на якім сядзяць. «Наша Ніва» выбірае другое.
У разьдзеле «Рэдакцыя рэкамэндуе» — «Калі ўсе ведаюць, што я гей». Чытачы слухаюцца. У разьдзеле «Самае чытанае» — «Калі ўсе ведаюць, што я гей». Пачытаў — выкажыся. Самы камэнтаваны матэрыял — вы ўжо здагадаліся, які. Герой публікацыі — маладзён, які стаў героем, калі публічна заявіў, што ён гомасэксуаліст і атрымаў за гэта адтэрміноўку ад войска. Ён зрабіў гэта, каб у войску зь яго ня зьдзекаваліся. (Напэўна, у беларускай арміі геяў змушаюць да традыцыйнага сэксу?) Не, ён не займаецца прапагандай сваёй арыентацыі. Але на пытаньне «Які ён, сёньняшні гей?» адказвае: «досыць адукаваны, вольны чалавек, які любіць мастацтва». Ці пасьля гэтага яшчэ хтосьці з маладых людзей ня хоча стаць геем? «Рэдакцыя рэкамэндуе». Ня ведаю, што за мажоры цяпер працуюць у «НН», але дакладна скажу, што гадоў дзесяць таму сэксуальная арыентацыя там ніяк не ўплывала на ацэнку чалавека, не рабіла зь яго героя і не была прадметам асаблівай увагі журналістаў і чытачоў. Але прыярытэты зьмяніліся. Магчыма, гэта зьвязана з агульным здрабненьнем іншых тэмаў — культуры, асьветы, асобы. І цяпер на першае месца выходзіць бульварны кшталт — «Прэм’ер-міністрам Ісландыі стала палітык-лесбіянка» (відавочна, у гэтым яе антыкрызысная праграма?). Не магу не пагадзіцца са словамі новага расейскага патрыярха, які на пытаньне «Ці вы супраць гомасэксуалізму?» адказаў «Я супраць прапаганды». Прапаганда — жанр «нізкіх» СМІ — партыйных альбо бульварных, якія замест асьветы клічуць публіку ў цемру нагавіц. Там жа бог мой колькі ўсяго і як цікава!.. У Беларусі ёсьць праблема з гомасэксуалізмам, але яна выглядае зусім ня так вясёлкава, як на Захадзе, і прапагандай не вырашаецца, а толькі ўскладняецца. У сярэдзіне 1990-х у Менску адно за адным адбылося некалькі зьверскіх забойстваў дзеячоў культуры. Я паслаў карэспандэнта да сьледчага. Карэспандэнт вярнуўся ні з чым. Маўляў, гэта разборкі гомікаў, міліцыя ня хоча ўмешвацца, нават крымінальныя справы не заводзяць... Я кажу: ці ты разумееш, што гэта такое? Пры чым тут гомікі — ня гомікі? Паглядзі на сябе: ты дарослы мужчына, жывеш адзін, заўтра цябе знойдуць з сотняй нажавых на целе, скажуць гомік, і разьбірацца ніхто ня будзе. Ён сарваўся: а што я зраблю?.. Праблема ў тым, што на працягу доўгага часу і з дапамогай савецкага крымінальнага кодэксу, які караў за «мужаложства», у грамадзтве быў створаны вобраз гоміка, «інакшасьць» ці нават «іншаплянэтнасьць» якога вычэрпвалася ягонай сэксуальнай арыентацыяй. І нармальны разумны сьледчы проста разводзіў перад такой справай рукамі. Бо гаворка ішла пра нейкіх асаблівых гуманоідаў, а не людзей. Звычайныя законы для звычайных «вась» пераставалі працаваць. Аварыя НЛА, куча трупаў, але не людзей, каго арыштоўваць? Прапаганда гомасэксуалізму — як адваротны бок таго артыкула ў савецкім КК — выконвае тую самую ролю фармаваньня вобразу асобы, самадастатковай сваёй сэксуальнай інакшасьцю — такой, як герой інтэрвію ў «НН». Няма сумневу, што трэба бараніць правы чалавека і што правы чалавека ня мусяць «уразацца» ў залежнасьці ад сэксуальнай арыентацыі гэтага чалавека, бо гаворка йдзе пра роўныя правы людзей, а не людзей і гомасэксуалістаў. Апошні распадзел, калі ў гоміку найперш бачаць экзатычнага гоміка, а не такога самага чалавека найперш, прыводзіць да захапленьня «экзотыкай», да прапаганды гомасэксуалізму, пабочны эфэкт якой — тая самая эскаляцыя гвалту ў дачыненьні да гоміка, які перадусім — гомік, а не чалавек. Калі падкрэсьліваецца індывідуальнасьць асобы, вартай публічнага знаёмства — гэта адно. Калі ж падкрэсьліваецца «пол» гэтай асобы — гэта іншае. Усе расізмы з нацызмамі заўсёды ўзрасталі на глебе нянавісьці да іншага, бо бачылі не Абаму, а чорнага, не Эйнштэйна, а жыда, не Асобу, а гоміка. Толькі ж здаровы розум мусіць пераадолець гэты чыста жывёльны падыход. Калі хочаш ацаніць мяне, глядзі на маю душу, на маё сэрца, на мой розум, а не на мае яйцы. Тады ж у 1997-м я надрукаваў у «НН» завочную палеміку з амэрыканскім пісьменьнікам Уайтам. Ён даводзіў адметнасьць псыхікі, сьветабачаньня й творчасьці геяў. Згадваю пра гэты эпізод, бо ён — з прамінулай эпохі. Тады й праўда шмат палемізавалі пра спэцыфіку творчасьці мастакоў-геяў, пра іншы сьветапогляд і нават новыя далягляды сусьветнай культуры ў зьвязку з гэтым. Уайт імкнуўся сьцьвердзіць, што геі — гэта субкультура, а ня яйцы. Але вось усё скончылася. Тэма вычарпалася. Не чуваць таго Ўайта, не відаць новых артыкулаў, ніхто не спрабуе ўнікаць у нейкія там інтэлектуальныя асаблівасьці. Паўсюль гучыць адно: хто каго й куды. Што ж тут прапагандаваць? І сярод кітоў, кажуць, ёсьць гомікі. Але, назіраючы за імі, мы наўрад ці найперш думаем пра гэта. Я вось прачытаў, што ў Англіі выйшла кніжка, якая абвяргае, што Фрэдзі Мэркуры быў гомасэксуалістам. Кажу пра гэта сяброўцы, яна ў адказ: а мне ўсё адно. І мне ўсё адно. Хіба гэта як-небудзь мяняе адносіны да музыкі Чайкоўскага? Ніякі не герой, а ўбогі чалавек той, чыя першая й галоўная вартасьць — гома- ён ці гетэрасэксуал. Колькі б ні махаў ён гэтым ці тым сьцягам. Дзе асоба? Дзе тое, што ён робіць? Ён яшчэ чаго-небудзь дасягнуў у жыцьці? У яго ёсьць цікавыя думкі? Можа быць, рэдакцыі варта было рэкамэндаваць іх? Той, хто напінаецца быць першым ува ўсім, непазьбежна аказваецца лідэрам глупоты. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец.
|
|