15 лютага праваслаўныя адзначаць Стрэчанне Гасподняе
14 февраля 2009 Общество
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, Народная газета Заўтра праваслаўныя адзначаць адно з вялікіх святаў — Стрэчанне Гасподняе. У народзе яго яшчэ называюць Грамніцы, а сімвалам гэтага свята і ў хрысціянскай, і ў народнай культуры выступае свечка, асвечаная ў храме ў гэты дзень. Сёння хіба толькі пчаляры здольны зрабіць сапраўдную свечку-”грамніцу” адпаведных памераў. Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах, аднак у сувязі з тым, што яны значна меншых памераў, іх раяць браць тры і перавязваць “васьмёркай” пасмачкай вычасанага лёну. * Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросту. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям’і і судакраналіся з полымем, тым самым як бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту. * Пасля “вогненнага асвячэння” ўсіх дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абходзіў усе куты хаты, зноў жа крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога “выпальвання” заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах. * Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні. * Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах існавала наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі-разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю скаціну ад сурокаў. * Дбайныя гаспадыні стараліся ў такое вялікае свята выканаць асобныя дзеянні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў: * Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачныя. Прыказка сведчыла: “Кармі курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом”. * Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў. * Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым сем разоў паесці ў гэты дзень. * Старыя людзі раілі: “Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія дамы сваякоў, родным, што жывуць у іншай сям’і”. * На Грамніцы ў храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго пры выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: “Божухна захавай цябе”. * Яе палілі падчас разгавення ў калядны вечар. * На Юр’я (6 мая), першы раз выганяючы карову на пашу, каб максімальна перасцерагчы галоўную карміцельку сям’і ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукі грамнічную свечку, вербную галінку і чырвонае яйка і тройчы па Сонцы абходзіла вакол каровы. Адвячоркам сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў. * Найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі. Свечка-”грамніца”, як дачка бога-грамаўніка, павінна была адвесці гнеў бацькі і заступіцца за чалавека ўжо хаця б таму, што ў гэтай хаце прысутнічала яго сімвалічная частка. Улетку пры набліжэнні навальніцы гаспадыня запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік. * На Купалле, каб не прапала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамі серп і крапіву-жыгучку, а да вушака мацавала свечку-”грамніцу” кнотам уніз. Грамнічная свечка суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе запальвалі тады, калі насыпалі насенне ў мяхі перад сяўбой і перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засек. Без грамнічнай свечкі не распачыналі зажынкі. Усё гэта рабілася для таго, каб захаваць палетак ад граду. * Свечку-абярэг шырока выкарыстоўвалі і падчас выканання сямейна-родавых абрадаў. * Адпраўляючы разам з хроснымі бацькамі дзіця да храма, родныя бацькі давалі ім асноўны хатні абярэг. Захавайце тую свечку-”грамніцу”, з якой вы хрысцілі дзіця, і запаліце яе тады, калі будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэту эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкі! Дарэчы, мы ў дадзеным выпадку не прапаноўваем нічога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабілі нашы мудрыя продкі. * Запальвалі “грамніцу” і ў той момант, калі збіраліся адымаць дзіця ад грудзей. * Свечку-”грамніцу” давалі ў рукі цяжка паміраючаму чалавеку, а потым ставілі яе каля галавы памерлага. Яна павінна была дапамагаць душы нябожчыка пакінуць хату так, каб не “пакрыўдзілася” ды не “выгледзела” сабе яшчэ каго-небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калі ў іншых выпадках свечкай-”грамніцай” карысталіся на працягу года ў самых розных сітуацыях, то ў выпадку смерці чалавека яна павінна была згарэць уся ў гэты ж дзень. * “Грамніцу” бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калі вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калі вяселле пераязджала ў дом жаніха. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам-соллю, якімі бацькі сустракалі пару пасля вянчання. * Някепска будзе запаліць асвечаную “грамніцу” і ў дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у загс, а парадзіху ў раддом, калі нованароджанага прывозяць дадому і панясуць у царкву хрысціць і г.д. * Калі ж на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая яе частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды або непасрэдна перад Грамніцамі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 февраля 2009 Общество Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, Народная газета Заўтра праваслаўныя адзначаць адно з вялікіх святаў — Стрэчанне Гасподняе.
|
|