12 марта 2009 Политика
Ігар АНДРЭЕЎ, Svabodaby.net
Не так даўно Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі абнародаваў вынікі апытання, якое сведчыць: большасць рэспандэнтаў згодны з меркаваннем, што спрашчэнне парадку прыцягнення дэпутатаў да адказнасці (у тым ліку і крымінальнай) будзе спрыяць больш эфектыўнай барацьбе з карупцыяй. Паводле слоў прадстаўніка Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, “з найбольшым энтузіязмам у падтрымку такой меры выказваліся бізнесмены і прадпрымальнікі”.
Некалькі гадоў таму прэм’ер-міністр Украіны Віктар Януковіч прапаноўваў “адмяніць крымінальную недатыкальнасць дэпутатаў, але захаваць палітычную”.
А што будзе, калі беларускіх народных абраннікаў зрабіць “датыкальнымі”?
Карэспандэнт “Тут і цяпер” пацікавіўся, што думаюць на гэты конт цяперашнія і былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Плакат 1947 г.
Уладзімір Здановіч: “Калі ласка, надзявайце кайданы ”
Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч заявіў нашаму выданню, што асабіста яму недатыкальнасць непатрэбна.
— Асабіста я не аддзяляю сябе ад тых звычайных людзей, якія абралі мяне ў парламент, — гаворыць Уладзімір Мацвеевіч. — І я лічу пустымі размовы пра тое, што дэпутат — гэта нейкі паднябёсны жыхар. У першую чаргу выбраннік павінен адчуваць сябе прадстаўніком народа. А нейкая недатыкальнасць у плане таго, каб не несці адказнасць за свае ўчынкі і дзеянні, якія ажыццяўляеш на пасадзе, — пра гэта не можа быць і размовы! Шчыра кажучы, мне недатыкальнасць не патрэбна. І калі раптам (крый Божа!) учыню нейкае правапарушэнне — калі ласка, надзявайце кайданы. А калі мяне пазбавяць недатыкальнасці, я гэтага нават і не заўважу.
— Існуе думка, што беларускім дэпутатам недатыкальнасць непатрэбная, бо яны, мякка кажучы, не зусім самастойныя, ім няма чаго баяцца — яны заўсёды на баку ўлады.
— Ёсць такая беларуская прымаўка: няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны. Калі чалавек лічыць, што яго погляды правільныя, ён павінен іх выказваць, пераконваць іншых людзей. І не важна, на якой пасадзе ён знаходзіцца. Пры гэтым варта адзначыць, што недатыкальнасць не з’яўляецца каўпаком, які дазваляе крычаць з трыбуны ўсё што хочаш і не несці за гэта ніякай адказнасці.
— Уладзімір Мацвеевіч, а беларускім дэпутатам хабар прапаноўваюць?
— У маёй практыцы такога не было. Напэўна, спрабуюць падкупіць таго чалавека, каго магчыма падкупіць. Са мной гэты нумар не пройдзе.
Уладзімір Парфяновіч: “У цяперашніх дэпутатаў няпыльная праца і салодкае жыццё ”
Трохразовы алімпійскі чэмпіён, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Уладзімір Парфяновіч таксама лічыць, што дэпутатаў варта пазбавіць недатыкальнасці.
— Мая пазіцыя вельмі простая: усіх пазбавіць недатыкальнасці, — выказвае сваё меркаванне Парфяновіч. — У цяперашніх прызначаных дэпутатаў і так салодкае жыццё: няпыльная праца, прыстойны заробак, будучая вялікая пенсія. Навошта ім яшчэ і недатыкальнасць? Хаця, быць сапраўдным дэпутатам — вельмі цяжкая праца. Але ў нас сапраўдных дэпутатаў, на маю думку, няма. І калі дэпутат бярэ хабар, то павінен несці за гэта адказнасць. Дарэчы, я да нядаўняга часу нават не ведаў, хто працуе намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў. Упэўнены, што большасць людзей не ведае прозвішча свайго дэпутата. І я таксама не ў курсе, хто з цяперашніх так званых дэпутатаў па якім-небудзь важным законе прагаласаваў не “за”, а “супраць”. Асабліва цікава будзе, калі на разгляд ППНС прадставяць законапраект аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі
На мой погляд, дэпутатам у першую чаргу неабходна перапісаць закон аб карупцыі. Трэба, каб адказнасць за карупцыю нёс і прэзідэнт. Мне няма розніцы, хто сёння альбо заўтра кіруе краінай — Лукашэнка, Іваноў альбо Сідараў. Перад законам усе павінны быць роўныя. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі прэзідэнтаў арыштоўваюць — гэта паказчык таго, што закон працуе. А ў нас прэзідэнт можа памілаваць, без дазволу прэзідэнта ніхто не затрымае прэм’ер-міністра ці міністра. І гэта няправільна.
ТУРЭМНЫЯ УНІВЕРСІТЭТЫ
У 2005 годзе да 7 гадоў пазбаўлення волі асуджаны былы дэпутат ППНС Мікалай Скутаў. Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Сваёй віны Скутаў не прызнаў. У 2006 годзе за падбухторванне да дачы хабару ў памеры 75 тысяч долараў асуджаны на 5 гадоў былы дэпутат ППНС Генадзь Дылеўскі. Турэмны вопыт таксама маюць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, экс-дэпутаты Вярхоўнага савета Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, Валерый Шчукін.
АСАБЛІВАЕ МЕРКАВАННЕ
Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што недатыкальнасць дэпутатам патрэбна. — Узгадваючы свой дэпутацкі вопыт (я да сярэдзіны 90-х гадоў быў дэпутатам Мінскага гарсавета), мяркую, што недатыкальнасць патрэбна дзеля таго, каб дэпутаты былі больш незалежнымі ад выканаўчай улады. Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, то я нават не ведаю У нас жа сёння сапраўдных дэпутатаў няма, таму няма пра што і казаць!
ШТО НАПІСАНА Ў ЗАКОНЕ?
У законе аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі напісана: “Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх думак і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Недатыкальнасць дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі распаўсюджваецца таксама на іх жылыя і службовыя памяшканні, асабістыя і службовыя транспартныя сродкі, перапіску, сродкі сувязі і прадметы, якія імі выкарыстоўваюцца і ім належаць.
На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым спосабам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды дзеючай Палаты прадстаўнікоў за выключэннем выпадкаў здзяйснення дзяржаўнай здрады альбо іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства”.
12 марта 2009 Политика Ігар АНДРЭЕЎ, Svabodaby.net Не так даўно Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі абнародаваў вынікі апытання, якое сведчыць: большасць рэспандэнтаў згодны з меркаваннем, што спрашчэнне парадку прыцягнення дэпутатаў да адказнасці (у тым ліку і крымінальнай) будзе спрыяць больш эфектыўнай барацьбе з...
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.