Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Айчыннае ліфтабудоўля
Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік.
Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае. На пачатку 2000-х, гледзячы на тэндэнцыі расійскага тэатра, Марк Захараў пажартаваў: "Яшчэ трошкі, і спектаклі пачнуць ставіць у ліфтах". Класных спектакляў "малой формы" тады сапраўды было зашмат, нават у нацыянальнай прэміі "Залатая маска" зрабілі пад іх спецыяльную намінацыю. На маю думку, такія спектаклі было б варта ўвогуле вывучаць больш падрабязна, бо гэта тэатр свайго асобага кшталту. Трэба памятаць, што нарадзілася тэатральнае мастацтва "на стадыёнах", старажытна-грэчаскія тэатры ўмяшчалі тысячы чалавек, паказы доўжыліся цэлымі днямі, бы сённяшнія музычныя фестывалі. Хіба сучасныя балет і опера больш-менш адпавядаюць старажытным стандартам. А вось драма ў масе сваёй усё настойлівей імкнецца ў падвалы і чардакі. Чаму? Вельмі цікавае пытанне. Зрэшты, па шчырасці, для нас не надта актуальнае. Такая з'ява, як спектакль "малой формы", масава ў нас адсутнічае. І тут таксама ёсць пра што паразважаць... Адразу трэба зрабіць папраўку: што ў Беларусі варта лічыць малой сцэнай? Узяць, напрыклад, Мінск, у асноўным тэатры тут умяшчаюць гледачоў дзвесці-трыста, у параўнанні з заламі-тысячнікамі яны сапраўды камерныя. Тым не менш на пляцовачках гэтых арганізоўваюцца такія масштабныя праекты, як "Кароль Лір", "Рамэа і Джульета", "Майстар і Маргарыта", "Каласы пад сярпом тваім". Я лічу, што раз такі грувасткі рэпертуар памяшчаецца на гэтых сцэнах, значыццца не такія яны ўжо і камерныя. У гэтым сэнсе "памер не мае значэння". Прынамсі ён лёгка кампенсуецца амбіцыямі. Уражваючыя спецэфекты на гэтых пляцоўках, канечне, не зладзіш, але ж неяк і без іх атрымоўваецца. Малая сцэна прымушае артыстаў працаваць па максімуму, таму і рэпертуар для яе падбіраюць адмысловы. На малых сцэных ставяць Дастаеўскага, ставяць Талстога, ставяць Кафку, малыя сцэны – гэта тыповая тэрыторыя драмы абсурду, тэрыторыя акцёрскага і рэжысёрскага эксперыменту. У падвале Тэатра.doc у Маскве значна зручней брудна лаяцца, чым на вялікіх акадэмічных пляцоўках, успрымаецца гэта больш адэкватна, а рэзананс ніяк не меншы. Адзін з найпапулярных цвікоў бягучага тэатральнага сезона ў Маскве, спектакль Студыі Жанавача "Рака Патудань" паводле Андрэя Платонава, паказваецца на сорак чалавек. Больш ніяк, бо ёсць нейкія ідэі, нейкі душэўныя фібры, якія не данесці да большай колькасці людзей. Таму нават калі казаць пра памер, на маю думку, сапраўдныя камерныя зальчыкі ў нас мусяць налічваць месцаў пяцьдзесят, і такіх у Мінску няшмат. Рэгулярна нешта паказвае толькі малая сцэна Купалаўскага тэатра. Малыя залы Тэатра імя М.Горкага і Тэатра юнага гледача амаль не функцыянуюць (адзін-два паказы штомесяц), толькі-толькі пачаў рэгулярна паказваць спектаклі арганізаваны ў фае малы зал Тэатра беларускай драматургіі, дзе актыўна бурліць аднаразавая дзейнасць Цэнтра драматургіі і рэжысуры. Ды хай сабе і мала гэтых залаў, праблема ў іншым: рэжысёры рэдка, вельмі рэдка ставяць нешта адмыслова пад гэтыя пляцоўкі. Каб не быць галаслоўным пагаворым як раз на канкрэтным прыкладзе. У сярэдзіне красавіка на галоўнай сцэне Тэатра беларускай драматургіі паказаўся спектакль "Яма", праект Цэнтра драматургіі і рэжысуры. Недзе год назад чытка гэтага спектакля была паказана якраз у фае тэатра, якое і называецца ў ніх малой сцэнай. Ад сябе скажу, што гэта памяшканне падыходзіць хутчэй для тэхнічных службаў, чым для гледачоў, але тым не менш хіба эксперыментальны тэатр мусіць клапаціць такая дробязь, як камфорт гледача ў пятым раду?.. Але вярнёмся да "Ямы". Скажу шчыра, мне не падаецца гэты матэрыял дасканалым. Бачны інтэнцыі стваральнікаў (аўтарам тэксту і рэжысёрам з'яўляецца малады Андрэй Бібікаў), бачны нават прагрэс, як нарастае на матэрыял акцёрскае, тэатральная "мяса". І тым не менш, я лічу дадзены праект няўдалым у тым ліку менавіта праз тое, што ён у выніку быў паказаны на занадта вялікай для яго пляцоўцы. Сам па сабе матэрыял вельмі камерны: героя кідаюць у яму, прымушаюць граць у нейкай незразумелай гульні. Гвалт, смерць, спроба вынайсці сябе ў сітуацыі экзістэнцыі – усё гэта прадстаўлена ў матэрыяле ў высокай канцэнтрацыі. Тым часам пляцоўка ў ТБД, паўтаруся, мажліва, не вялікая, але дужа шырокая. Трое акцёраў, што дзейнічаюць па цэнтры, гэту агромную прастору ніяк не выкарыстоўваюць, яны губляюцца, ім, як тое не парадаксальна, не стае свабоды. У мяне была магчымасць спытаць Андрэя, чаму свой аўтарскі праект ён запусціў у такіх не вельмі ўтульных абставінах, у адказ я пачуў пра памкненне на вялікую пляцоўку. Вось з гэтага "не хочацца" і можна вывесці, чаму спектаклі "малой формы" на Беларусі не атрымліваюць такога значэння, як у той жа Расіі. Не хочацца, таму што збольшага магчымасці і бонусы малых пляцовак мала хто разумее, а да іх ставяцца як да яшчэ адной вялікай сцэны. І дарэчы Купалаўскі тэатр – гэта тыповы прыклад такога стаўлення. Калі глянуць на пастаноўкі малой сцэны, то толькі адна з дзевяці – гэта дэбют маладога рэжысёра, дзве з дзевяці – монаспектаклі, да эксперыментальных я б аднёс хіба адзін "Востраў Сахалін". Астатнія, няхай з праблемамі, але цалкам можна было б пераносіць на вялікую пляцоўку, асабліва такі хіт, як "Дзікае паляванне караля Стаха". Іншая праблема, што вялікая сцэна Купалаўскага і так перанасычана пастаноўкамі. Значыцца Купалаўцам трэба насамрэч не малая сцэна, а яшчэ адна вялікая, чаго не хоча зразумець спадарства, ад якога залежыць пытанне з рэканструкцыяй. Іншым словамі, Купалаўскі тэатр – гэта выключэнне з замкнёнага колу: рэжысёры не ставяць для малой сцэны, бо іх няма, а іх не з'яўляецца, бо яны мала каму патрэбны. Апошнім часам на маіх вачах зачахла з паўтузіна праектаў, якіх проста не было дзе паказваць (спектакль "Цуд святога Антонія" Светы Бень, спектакль "Ана і ананас" ужо не атрымаўся ў Магілёве і да кучы праекты Цэнтра драматургіі і рэжысуры). І таму мне цяжка зразумець, чаму ў першым і лепшым тэатры краіны на малой сцэне ставяць Арбузава, а не Бэкета, МакДонаха ці Пражко. Рызыкну выказаць ідэю, што ў нас укаранілася ўспрыяцце тэатра, як своеасаблівай вытворчасці. І пры яўнай адсутнасці рэнтабельнасці малых формаў, іх патрэба для многіх (ад якіх залежыць рэалізацыя тэатральных праектаў) застаецца незразумелым. Але гэта ўжо тэма асобнай і досыць доўгай размовы. Дык вось, на маю асабістую думку, далейшае развіццё тэатра ў Беларусі варта пачынаць з усталяванне вось такіх пляцовачак-ліфтоў па ЖЭСах і склепах. І тады нам нарэшце будзе шчасце. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. |
|