21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Васілю Быкаву сёння споўнілася б 85 год...

26.08.2009 16:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

19 июня 2009 Культура
Віктар КОРБУТ, Народная газета Яшчэ шэсць год таму ён быў з намі, на тутэйшай зямлі, а цяпер — у лепшым свеце. Тут засталіся толькі ягоныя творы і памяць пра Васіля Уладзіміравіча — тых тысяч людзей, якія мелі шчасце з ім бачыцца, гаварыць, і тых мільёнаў, якія знаёміліся з пісьменнікам праз кнігі.

Пісьменнік не глядзеў на народ згары, як прарок (хаця такім яго многія называлі і пры жыцці і пасля смерці), ён не клікаў ні ў светлую будучыню, ні ў “залатыя вякі” мінулага. Васіль Уладзіміравіч агучваў тое, што баліць кожнаму беларусу. Гаварыў пра самую галоўную трагедыю ХХ стагоддзя — страшнае ліхалецце 1941—1945 гадоў. Пісаў пра народную вайну — народную праўду: не тое, што было прыдумана пасля партыйнымі гісторыкамі і ідэолагамі, а тое, што бачыў і перажываў сам, што пачуў ад людзей. І народным пісьменнікам быў не толькі паводле звання, заслужана нададзенага ў 1980 годзе, а такім быў прызнаны людзьмі, чытачамі.

Жывы класік

Праз год ці два пасля таго, як не стала Васіля Уладзіміравіча, неяк давялося трапіць у незвычайную вандроўку ва Ушацкі раён — у родныя мясціны класіка. Аўтобус вёз з Мінска ў Бычкі — вёску, дзе нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч. Глухая гэта мясціна — сорак кіламетраў ад райцэнтра. І людзей тут усё менш становіцца. Я тады яшчэ падумаў: з якой жа глыбінкі выйшаў чалавек, па якім увесь культурны свет сёння пазнае Беларусь!

Стоячы ў задуменні, раптам пачуў побач замежную гаворку, а потым тыя, што размаўлялі, нешта сказалі па-руску. Я абярнуўся: стаяла маладая пара з падлеткамі, усе выглядалі на заходні манер. Я пацікавіўся, адкуль яны: мо турысты — тады была б выдатная журналісцкая знаходка. Спадар прадставіўся: Стэфан Эрыксан, консул каралеўства Швецыя ў Мінску. Цяпер пан Эрыксан — паўнамоцны пасол скандынаўскай краіны ў нашай дзяржаве. І гаворыць свабодна па-беларуску. А ў Бычкі ён прыехаў тады невыпадкова: адсюль пачынаў знаёміцца з Беларуссю, на творах Быкава вучыўся мове...

Помню, і ў мяне адной з першых кніг, прачытаных на роднай мове, быў быкаўскі “Абеліск”, з серыі “Школьная бібліятэка”. З той пары калі дзе каля дарогі ўбачу помнік з зоркай — адразу згадваю Быкава. Бо слова “абеліск” трывала ўвайшло ў свядомасць як сінонім імя пісьменніка.

Будуць часам ідалы раструшчаны,
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў.

Рыгор БАРАДУЛIН


Прарок

Прарок застаўся між людзьмі —
Душа ж навекі адляцела,
Жальбу не выкажаш слязьмі,
Што Беларусь асірацела.

Хто заклікаў устаць з калень,
Навек спачыў у дамавіне…
Рабам не трэба перамен,
Ды марна Слова не загіне!

Яно наперад павядзе
За пакаленнем пакаленне,
І ў Беларускай Грамадзе
Абудзіць Годнасць і Сумленне!

Валерый БАРТАШЭВІIЧ


Даруй!

Даруй, Васіль,
За ўсё,
Што перанёс:
За ворагам нанесеныя раны,
За брудныя пляўкі з тэлеэкрана,
За слёзы ўшацкіх ссечаных бяроз.

Даруй!
Што ўсе свае зямныя дні
Ты азіраўся з горыччу міжволі
На памяці закінутае поле
І спадзяванняў спаленыя пні.

Даруй!
За наш нялітасцівы час,
За ціхае кананне роднай мовы,
За ўдзячнасці запозненыя словы
І ласкі зэканомлены запас…

Тужлівымі пакутлівымі снамі
Ты будзеш вечна мроіцца сынам.
Я ведаю --
Ты ўсё даруеш нам…
Але ці зможам дараваць мы самі?..

Генадзь БУРАЎКIІН

"Пасланец мужнасці"

Так названа кніга вершаваных прысвячэнняў вялікаму сыну Беларусі, народнаму пісьменніку Васілю Быкаву. Ідэя выдання кнігі (Мінск, "Кнігазбор", 2009 г.) належыць стваральнікам адзінага ў краіне недзяржаўнага музея славутага земляка ў Гродне і, у першую чаргу, няўрымсліваму энтузіясту, былому партызану і франтавіку Мікалаю Аляксандравічу Мельнікаву.

Народная воляПасля прачытання “Знака бяды”, у класе дзесятым ці адзінаццатым, мяне наведала ідэя запрасіць самога аўтара ў школу. Не памятаю ўжо, дзе дастаў хатні тэлефон Васіля Уладзіміравіча, але пазваніць і спытацца, ці гэта сапраўды са мной гаворыць Ён, я доўга не адважваўся. Здавалася, што на тым канцы провада адкажа хтосьці з Алімпа. А падняў трубку звычайны чалавек. Ён адразу папрасіў выбачэння, што хутчэй за ўсё не зможа прыйсці на сустрэчу з чытачамі, бо не надта добра пачуваецца. Але я насмеліўся і перапытаў: “Мо калі я праз тыдзень пазваню, вы будзеце не супраць да нас завітаць — натуральна, калі дасць Бог здароўя?” На шчасце, пасля некалькіх такіх спроб угаварыць пісьменніка я здолеў зладзіць спатканне з ім у школе.

На жаль, Быкаў быў сапраўды сур’ёзна хворы — праз пяць гадоў пасля той сустрэчы яго не стала. А неўзабаве пасля школьнага знаёмства Васіль Уладзіміравіч з’едзе на лячэнне за мяжу...

Калі 22 чэрвеня 2003 года, у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прыйдзе вестка пра смерць пісьменніка, я не пашкадую, што тады, у школе, не паспеў узяць у яго аўтограф. Не гэта істотна. Істотная сама сустрэча, жывая размова.


Генерал літаратуры

Пафас быў яму чужы. Ён не “прапагандаваў” патрыятызм. Ну як жа можна не любіць Радзіму? Такога пытання ў творах Быкава і паўстаць не магло. Любіць бацькаўшчыну — гэта значыць абараняць яе, як рабілі салдаты ў класічных творах Васіля Уладзіміравіча, араць сваю зямлю, сеяць, жаць, як рабілі героі “Знака бяды”.

У Быкава не паўставала карціна ідэальнай вайны, дзе вораг — фрыц, а “наш” — рускі, і рускі перамагае. У пісьменніка ўсё закручвалася ў складаную спіраль міжчалавечых дачыненняў, дзе перамагае неабавязкова станоўчы герой. Адзін з цэнзараў галоўліта так адгукнуўся пра аповесць “Круглянскі мост”: “Пададзеная аўтарам сітуацыя прыводзіць чытача да высновы: зло так і застаецца беспакараным, церпіць невінаваты чалавек — гэткае жыццё, і нічога ў ім не зменіш”.

Але ж так часта і бывае... Між тым Эрых Марыя Рэмарк казаў: “Розум дадзены чалавеку, каб ён зразумеў: жыць адным розумам нельга. Людзі жывуць пачуццямі, а для пачуццяў няма розніцы, чыя рацыя”. Быкава нярэдка параўноўвалі з Рэмаркам: яны абодва давалі волю эмоцыям там, дзе трэба было кіравацца толькі здаровым сэнсам. Таму героі пісьменнікаў паводзяць сябе нестандартна, не так, “як трэба”, а так, як атрымліваецца ў рэальным жыцці: па закону выпадку і ўдачы.

Нічога дзіўнага: Быкаў не быў матэматыкам, ён перад вайной паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча і да канца дзён не кідаў захаплення графікай. А ў тое, што яго прызванне — быць пісьменнікам, доўга не верыў. Сумняваўся.
“Сумняваецца той, хто мысліць”, — сцвярджаў антычны філосаф. Мо таму Быкаў кінуў вайсковую справу на карысць пісьменніцкай. Салдат не думае. Дакладней, не павінен думаць. Але Васіль Уладзіміравіч усё ж стаў генералам — у літаратуры. Ён адзіны з нашых класікаў, каго чытаюць тысячы людзей не толькі на радзіме і не толькі па школьнай праграме, хай сабе найчасцей у перакладах на рускую мову.


“Если буду живой, буду писать”

Усе, мабыць, ведаюць, што самога 19-гадовага Быкава пахавалі жывым, даслаўшы бацькам паведамленне з Украінскага фронту: маўляў, сын загінуў смерцю храбрых пад Кіраваградам. А пасля Васіль напісаў у родныя Бычкі: “Не знаю, живы ли Вы и как Вы живете. Я пока жив. Воюю. Сейчас направляюсь на фронт из госпиталя. От родных мест дал...” Ліст абрываецца. Захавалася толькі прыпіска: “Освобождаю Украину. Больше ничего не сообщаю, но, если буду живой, буду писать”.

Выжыў — і напісаў! Але спадчына пісьменніка дагэтуль цалкам не сабрана і не выдадзена. Кажуць, незадоўга да смерці Быкаў нават спецыяльна знішчыў многія свае лісты, дакументы. Маўляў, каму яно трэба, гэта было маё, асабістае, а нашчадкі хай чытаюць кнігі, а не пісьмы. Васіль Уладзіміравіч разумеў, што публіцы толькі і хочацца даведацца, чаго ж не сказаў ён пры жыцці і што нарэшце раскажуць лісты... А пісьменнік быў шчыры з сабой і народам: усё, што думаў, прагаварыў у свой час, і нічога “асаблівага” ў пісьмах дагэтуль не знойдзена...

Той жа ліст з фронту знайшоў адзін з будаўнікоў, што рамантавалі дом Быкава ў Бычках. К першай гадавіне з дня смерці класіка хату мясцовыя ўлады паднавілі і адкрылі тут дзяржаўны музей. Пісьмо рабочы перадаў захавальніцы музея, братавай пісьменніка Антаніне Быкавай, толькі праз год — столькі вазіў у машыне, пакуль не ўспомніў пра каштоўную паперу.

Родную хату Васіля Уладзіміравіча, праўда, амаль цалкам давялося складваць нанова. Валянціна Быкава, яшчэ жывая сястра класіка, расказвала, што хату пабудаваў іх бацька ў 1933 годзе, у вайну дом ацалеў, але апошнія трыццаць год стаяў пусты. Пасля правалілася столь... Давялося аднаўляць святое для беларусаў месца з нуля: з арыгінальных рэчаў захаваліся толькі засланка печы, дзвярныя металічныя ручкі, дзве лавы, абраз. Старой хаты, што не датрывала да музеефікацыі, спадарыні Валянціне шкада, але ж: “Новая гэткая красівая. Я, як пабачыла першы раз, дык не пазнала — як царкоўка стаіць, беленькая, гладзенькая!”

Новую хату прызналі і ластаўкі. Звілі сабе гняздо на вільчыку. Кажуць, дзе ластаўкі — там і шчасце. Шчасце — жыць на зямлі, якая дала свету вялікага Васіля і чытаць яго творы на мове арыгіналу — на роднай мове.


К 85-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама:

— Сёння ў раёне праходзіць свята паэзіі, прымеркаванае к 85-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава і 65-годдзю вызвалення Беларусі. Апрача галоўнага мерапрыемства ва Ушачах, госці свята наведаюць родныя мясціны літаратараў, якія паходзяць з нашага краю: музей Петруся Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічы, вёску Старына, дзе 80 год таму з’явілася на свет Еўдакія Лось. І, вядома, галоўны пункт праграмы — Бычкі. Тут хату Васіля Быкава глядзіць Антаніна Быкава, адна з васьмі жыхароў Бычкоў. Ёй ужо 72 гады, але спадкаемца пісьменніка адчыняе музей кожнаму, хто пастукае ў яе дзверы. Дом спадарыні Антаніны стаіць побач з хатай Васіля Уладзіміравіча і пазнаць яго лёгка — па буслянцы.

— Як праехаць у Бычкі з Ушачаў?

— З райцэнтра ходзіць аўтобус да вёскі Кублічы, але адтуль трэба прайсці яшчэ два кіламетры. Праўда, сёння пятніца, і аўтобус ідзе прама на радзіму Быкава, простым рэйсам сюды можна дабрацца таксама ў ня-дзелю. Але зручней за ўсё заказаць экскурсію — ва Ушачах або ў Полацку.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 июня 2009 Культура Віктар КОРБУТ, Народная газета Яшчэ шэсць год таму ён быў з намі, на тутэйшай зямлі, а цяпер — у лепшым свеце.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика