Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Гнілы зуб у беларускім роцеСяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». Станоўчая вестка апошняга часу — «Беларусь рыхтуецца да адмены сьмяротнае кары». Старшыня Вярхоўнага суду ўдакладніў: «Судзьдзяў псыхалягічна рыхтуюць да таго, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае». Хоць насамрэч варта было б гаварыць пра псыхалягічную падрыхтоўку ўсяго грамадзтва. Бо грамадзтвы са сьмяротнай карай і безь яе — далёкія, як неба й зямля. Маю на ўвазе ня сутнасныя характарыстыкі самой сьмяротнай кары: тое, што сьмерць — ня кара, бо яе няма ўжо каму ўсьвядоміць і несьці па жыцьці; што забраць жыцьцё можаш тады, калі можаш яго вярнуць; што заўсёды ёсьць верагоднасьць судовай памылкі, а сьмерць выправіць немагчыма; што караць абсалютнай карай могуць хіба што абсалютна бязгрэшныя людзі... Калісьці Альбэр Камю патрабаваў: калі дзяржава ўчыняе акт справядлівасьці, дык няхай яна робіць гэта публічна, няхай кат будзе папулярнай у народзе асобай, нашто ўсё гэта хаваць ад людзей?.. Маю на ўвазе нашы з вамі адносіны. На жаль, стаўленьне нашага грамадзтва да сьмяротнае кары сфармаванае не сярэднявечным вобразам адсячэньня галавы на гарадзкой плошчы, які мы перажылі разам зь сярэднявеччам і цяпер успрымаем як атавізм, як даўно пройдзеную эвалюцыйную прыступку, як тое, што сёньня выглядала б дзікунствам і абсурдам. Наша стаўленьне сфармаванае савецкімі часамі, калі ўсё грамадзтва было падзеленае на тых, хто пісаў даносы й расстрэльваў, тых, на каго пісалі й каго расстрэльвалі, і тых, хто чакаў свае чаргі, гэта значыць, баяўся. Колішні анэкдот: мы ўсе, як у трамваі — адны сядзяць, іншыя трасуцца. Гэты псыхалягічны падзел і сёньня дае аб сабе знаць, калі гаворка заходзіць пра сьмяротную кару й яе адмену. Таму толькі падрыхтаваць судзьдзяў і адрапартаваць Эўропе — мы адмянілі! — яшчэ ня значыць адмяніць у сутнасьці. Гаворка йдзе пра зьмену жыцьцёвае філязофіі ўсёй нацыі. У чым тут галоўная праблема? У тым, каб грамадзтва стала больш людзкім, чалавечным, гуманным. Прынцып людзкасьці кажа: чым больш цяжкая ахвяра, тым яна больш важная. Але ў часы сталінскіх расстрэлаў гэты прынцып быў пастаўлены з ног на галаву. Чым больш «цяжкі» прысуд, тым больш «лёгкімі» былі адносіны да падсуднага з боку пракурораў, чэкістаў і публікі таксама. Мяркую паводле таго, як вяліся чэкісцкія справы. Калі на цябе напісалі данос і «тройка» прысудзіла табе год ссылкі або тры гады лягераў, або восем гадоў турмы, усе неабходныя «графы» ў тваёй справе будуць запоўненыя дакладна, бо ты нікуды не зьнікаеш, твая біяграфія працягваецца, ты застаесься ў статыстыцы. Калі ж табе далі ВМП (расстрэл), нічога дзіўнага, калі тваё прозьвішча напішуць з памылкай, калі дата арышту ня будзе прастаўленая, а дата расстрэлу ня будзе ўказаная як правіла. «Зьвестак пра выкананьне прысуду няма». Інакш кажучы, ты ўжо «адпрацаваны матэрыял», нікому не цікавы, ты проста нішто, сьмецьце. Перапрацоўка «чалавечага матэрыялу» ў сьмецьце й стварыла тую сытуацыю, калі такое звышважнае рашэньне ад імя дзяржавы й нацыі — адабраць жыцьцё — прымаецца закрыта ад усіх і зьдзяйсьняецца таемна. Без шырокага грамадзкага абмеркаваньня і, калі на тое пайшло, публічнага выкананьня. Роля публікі — не ўнікаючы ў сутнасьць справы ды ніякім бокам яе не перажываючы, паўтараць у трамваях «сабаку сабачая сьмерць» і нязьменна даваць статыстыку — народ «за» сьмяротную кару. Але расстрэл — гэта важна, гэта тое, што трэба абдумваць усім, бо ён учыняецца ад імя ўсіх, гэта выключны выпадак у жыцьці грамадзтва, гэта незваротнае дзеяньне. Паглядзі, уяві сябе на месцы ахвяры, а не на месцы Бога. Пакуль ня прыйдзе такое разуменьне, адмена сьмяротнае кары будзе заставацца не эвалюцыйным крокам краіны наперад, а ўсяго толькі мараторыем, замарозкай гнілога зуба ў нашым агульным роце. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец. |
|