Выпрабавальнае дваццацігоддзе фестываля «Басовішча»«Басовішча» — фестываль, які два дзясяткі год на тэрыторыі Польшчы аб’ядноўваў незалежную, падпольную і забароненую беларускую музыку і яе маладых энергічных прыхільнікаў, — у гэтым годзе чакае істотнае выпрабаванне. Па-першае, пасля таго, як лідэры айчыннага андэграўнду наведалі галоўнае гняздо дзяржаўнай ідэалогіі, вайна змянілася бяз’ядзернасцю і нейтралітэтам — «дзюбелі» не выдумляюць новых назваў гурту, каб паспець правесці канцэрт да таго, як будынак клубу рэзка стане пажаранебяспечным, а «ляпісы» крычаць «Белараша ліберта!» у забітым гледачамі, як кансерва селядцамі, Палацы спорту. Бездакорнаму правядзенню фестывалю BelaMusic не спрыяе толькі надвор’е, а Піт Паўлаў збірае маладыя каманды на бясконцых лесвіцах ампірнага Дому афіцэраў, можна сказаць, у хвіліне хады ад рэзідэнцыі. Другая істотная змена адбылася ў самім «апараце», які запускае «Басовішча» — нядаўна ў «Беларускім аб’яднанні студэнтаў» (БАС) адбылася змена кіраўніцтва, і Радка Дамброўскага, які кіраваў арганізацыяй два гады, на пасадзе старшыні змяніла Мажэна Саевіч. Па-трэцяе, конкурсная частка — тое, дзеля чаго ў Барык (новыя кіраўнікі аб’яднання настойваюць на гэтай назве ўрочышча пад польскім Гарадком) збіралася процьма маладых беларускіх каманд, папярэдне прайшоўшы некалькі этапаў «Адборышча» ў Мінску, у гэтым годзе праводзіцца не будзе. Басаўцы тлумачаць такое рашэнне тым, што амаль ніхто з апошніх лаўрэатаў «Басовішча» так і не стаў зоркай у Беларусі, не дамогся асаблівай увагі і любові слухачоў. Наадварот, пасля гэткай вымаранай перамогі ўзнагароджаныя калектывы рэзка знікалі, месца ж маладых фаварытаў у беларусі займалі небеларускамоўныя калектывы, якія пра «Басовішча», можа, і ведаць не ведалі — «Серебряная Свадьба», «Кассиопея», The Toobes… Сёлета, карыстаючыся з круглай даты існавання фэсту, БАС ладзіць экскурс у гісторыю беларускай рок-музыкі. Апроч процьмы беларускіх і некалькіх польскіх каманд, у падляшскім лесе выступяць родапачынальнікі беларускага року — «Бонда» і «Мроя», і выканаюць свае старажытныя хіты. Канчатковы парад выступаў двухдзённага фэсту выглядае наступным чынам: 17 ліпеня, пятніца, дзень першы «Жнюв», BY — 19:00 Tarpach, BY — 19:30 Aдкрыццё фэсту — 20:00 SOK, BY — 20:10 «Бан-Жвірба», BY — 20:50 :B:N:, BY — 21:25 RIMA, PL — 22:15 ZERO-85, PL — 23:05 Znich, BY — 00:00 IQ48, BY — 00:50 Sciana, BY — 01:40 18 ліпеня, субота, дзень другі Rahis, BY — 17.00 «Босае сонца», BY — 17:30 «ДетиДетей», BY — 18:15 OSIMIRA, BY — 19:00 «Палац», BY — 19:45 «Крама» + «Бонда», BY — 20:30 Lao Che, PL — 21:30 Neuro Dubel, BY — 23:00 ULIS, BY — 00:00 N.R.M. + «Мроя», BY — 01:00 Па словах намесніцы старшыні БАСа Касі Кузьміч, збольшага ўжо ўсё падрыхтавана для правядзення фэсту, засталося вырашыць некаторыя тэхнічныя пытанні, дамовіцца пра начлег для музыкаў. Ніякіх зменаў у размяшчэнне фестывальнага поля сёлета ўнесена не будзе — намётавае мястэчка за сцэнай, кошт за магчымасць паставіць там намёт — 15 злотых (каля 5 долараў), як заўсёды, на фестывалі будзе чыстая вада, прыбіральні і гарачая ежа, з гэтага году ў жыхароў намётавага мястэчка з’явіцца магчымасць падзарадзіць тэлефон. Душавых кабінак, праўда, пакуль не з’явіцца. Гэта, кажа Кася, занадта дорага. Ужо намаляваны і лагатып фестывалю — як і ў некаторыя папярэднія гады яго стварыў вакаліст беластоцкага гурта Zero-85 Юрка Асеннік. Кася запэўнівае, што лагатып цалкам перадае дух «Басовішча». Майкі і іншую атрыбутыку з лагатыпам, як заўжды, можна будзе набыць на фестывалі. У гэтым годзе выдаваць бясплатныя візы наведвальнікам «Басоў» пагадзілася толькі консульства Польшчы ў Гродне, прыём заявак скончыўся ўчора, 9 ліпеня. Кася кажа, што такой колькасці ахвотных арганізатары нават не чакалі — усяго анкеты для атрымання візы падаў 1021 грамадзянін Беларусі. Праўда, большасць заявак было пададзена ў апошнія тры дні, таму басаўцы хвалююцца, ці паспее консульства аформіць такую колькасць візаў. Калі ўсё атрымаецца, на фестывалі чакаюць не менш за пяць тысяч гледачоў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Басовішча» — фестываль, які два дзясяткі год на тэрыторыі Польшчы аб’ядноўваў незалежную, падпольную і забароненую беларускую музыку і яе маладых энергічных прыхільнікаў, — у гэтым годзе чакае істотнае выпрабаванне. |
|