Грып А (H1N1) асаблiва небяспечны для людзей з атлусценнемГрып А (H1N1) асаблiва небяспечны для людзей з атлусценнем Згодна са звесткамi Еўрапейскага цэнтра кантролю за захворваннямi, колькасць захварэлых на грып A (H1N1) перавысiла ў свеце ўжо 188 тысяч чалавек i 1265 чалавек загiнулi ад гэтай хваробы. У Еўрапейскiм рэгiёне выпадкi захворвання зарэгiстраваны ў 47 краiнах. На тэрыторыi Еўрасаюза пацверджана 27 337 выпадкаў захворвання, 40 з iх завяршылiся лятальным канцом (30 — у Вялiкабрытанii, 7 — у Іспанii, па адным — у Венгрыi, Бельгii i Францыi). "Засвяцiўся" новы высокапатагенны грып таксама i ва ўсiх краiнах, з якiмi мяжуе Беларусь. У Латвii пацверджана 19 выпадкаў грыпу A(H1N1), у Лiтве — 22 выпадкi, Эстонii — 42, Польшчы — 93 i адзiн — ва Украiне.
Дарэчы, спецыялiсты Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя канстатуюць, што ў большасцi краiн (ЗША, Канадзе, Вялiкабрытанii, Японii) пераважная колькасць выпадкаў захворвання на пандэмiчны грып па-ранейшаму рэгiструюцца сярод маладых асобаў, сярэднi ўзрост якiх складае ад 12 да 17 гадоў. Аднак па меры далейшага распаўсюджвання пандэмiчнага вiруса сярод насельнiцтва сярэднi ўзрост захварэлых пачынае ўзрастаць. Магчыма, гэты звязана з тым, што самыя раннiя выпадкi iнфiцыравання адбывалiся ў дзiцячых калектывах, а затым вiрус распаўсюджваўся i на iншыя катэгорыi насельнiцтва. Да фактараў рызыкi цяжкага працякання грыпу А (H1N1) эксперты адносяць сардэчна-сасудзiстыя, рэспiраторныя, анкалагiчныя захворваннi, дыябет i астму. Нядаўна была атрымана iнфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што яшчэ адным фактарам рызыкi цяжкага працякання хваробы можа быць атлусценне. Цяжарнасць таксама з'яўляецца сур'ёзным фактарам рызыкi. Аднак поўная эпiдэмiялагiчная карцiна распаўсюджвання пандэмii яшчэ не зусiм зразумелая, паколькi ў многiх краiнах цыркулююць паралельна вiрусы як сезоннага, так i пандэмiчнага грыпу, а пандэмiя знаходзiцца яшчэ на адносна ранняй стадыi свайго развiцця. Дзiўным чынам Беларусь працягвае заставацца астраўком, куды грып A (H1N1) пакуль не трапiў. Але расслабляцца санэпiдслужба не збiраецца. За здароўем пасажыраў, якiя прыбываюць у нашу краiну авiятранспартам з небяспечных у эпiдэмiчным плане краiн, наладжаны пастаянны манiторынг. Толькi за адзiн дзень 3 жнiўня iм былi ахоплены 28 рэйсаў, у тым лiку транзiтныя i чартарныя рэйсы ЗША, Канады, Англii, Iталii, Аўстрыi, Германii, Турцыi, Расii, Польшчы, Чэхii, Латвii, Iзраiля, Кiтая, Казахстана, Францыi, Балгарыi, Эстонii i Фiнляндыi: 1781 пасажыр i 150 членаў экiпажа. Напрыканцы мiнулага тыдня санэпiдслужбай быў выяўлены пасажыр з тэмпературай i прастуднымi сiмптомамi, якi прыляцеў з Пiзы (Iталiя) у аэрапорт Гомеля. На шчасце, апасеннi медыкаў не пацвердзiлiся. Канчатковы дыягназ, якi быў яму пастаўлены — "вострая рэспiраторная вiрусная iнфекцыя, фарынгiт". Надзея НIКАЛАЕВА. |