Лецiшча з паўднёвым каларытамЛецiшча з паўднёвым каларытам Пад Слаўгарадам жонка i муж Мiхайлавы вырошчваюць 38(!) гатункаў вiнаграду. Са жнiўня яны запрашаюць турыстаў адпачыць "На Сожы ў Еўдакii". Еўдакiя Паўлаўна — гаспадыня сядзiбы. Яна больш за 30 гадоў пражыла i адпрацавала ў Бiшкеку, а ў пачатку 1990-х гадоў перасялiлася з Кiргiзii ў Беларусь. — Я — прафесiйны юрыст i працавала суддзёй, а цяпер увесь свой час аддаю прыгажосцi прыроды, кветкам, агароду i пчолам, — прызнаецца маладжавая пенсiянерка. Барыс Iванавiч, у мiнулым спецыялiст па электронiцы, цяпер цалкам падтрымлiвае памкненнi жонкi. Ён паказвае пакой, амаль гатовы для прыёму гасцей. У жнiўнi тут мяркуюць жыць мiнчане i турысты з Iзраiля, якiя прагнуць чыстага паветра i спакою. — Тут у нас цiшыня i хараство! — запэўнiвае Еўдакiя Паўлаўна. Моладзi гаспадары прапануюць ставiць палаткi прама на ўзбярэжжы Сожа. Нават з прыступак на ганку лецiшча праз вiнаградную лазу адкрываюцца бяскрайнiя зялёныя краявiды. У садку Еўдакii Паўлаўны — кветкi, арэлi i абвiтыя вiнаградам аркi. Вiнаград — гэта захапленне Мiхайлавых. — Я ўсё жыццё марыў мець кавалак зямлi, каб саджаць вiнаградную лазу i вырошчваць спелыя гронкi, — кажа Барыс Iванавiч. — Але такiх умоў не было. Цяпер нарэшце я маю магчымасць займацца сваiм хобi. Паверце, i пад Слаўгарадам вiнаград цудоўна выспявае! Яны выпiсваюць саджанцы розных гатункаў, вырошчваюць смачны вiнаград i частуюць сваiх гасцей хатнiм сухiм вiном. Другое захапленне гаспадароў — гэта пчолы. Сотня пчалiных сем'яў забяспечваюць сядзiбу мёдам. — Тут добрыя лугi, лiпы i сланечнiкi, — расказвае Еўдакiя Паўлаўна. — У нашай акрузе няма сельскай гаспадаркi, таму не ўносяцца i ўгнаеннi. Атрымлiваецца экалагiчна чысты мёд, што i пацверджана сертыфiкатамi. Цiкава, што гаспадыня сядзiбы прапануе не толькi мёд, але i пчолатэрапiю. Яна ўпэўненая, што ўкусы пчолаў, калi няма алергiчнай рэакцыi, маюць станоўчае ўздзеянне на арганiзм. — Паводле даследаванняў, пчаляры практычна нiколi не пакутуюць на ракавыя захворваннi, — пераконвае пенсiянерка. — Я звычайна закрываю ад пчол толькi галаву, а там няхай кусаюць. I, ведаеце, я нiколi нiчым не хварэю, маю моцны iмунiтэт! Калi хто за больш традыцыйнае стаўленне да прадуктаў пчалярства, то цяпер кошт лiтра мёду Мiхайлавых каштуе 24 тысячы рублёў. А вось цану на адпачынак на лецiшчы гаспадары назваць не могуць: яна будзе дагаворная, у межах 40—60 тысяч рублёў на чалавека за суткi з харчаваннем. Цэнасная палiтыка, запэўнiваюць гаспадары, у разумных межах, дзе прыярытэт аддаецца суайчыннiкам. Усе харчовыя справы на сядзiбе раяць гасцям абавязкова перадаць у рукi Еўдакii Паўлаўны, якая стала сапраўднай знаўцай азiяцкай кухнi. Для гатавання бешбармака, лагмана i iншых страў з мудрагелiстымi назвамi гаспадыня нават вырошчвае на агародзе спецыяльныя зёлкi, а гатункi агароднiны яна прывезла з Кiргiзii. Рэцэпты Мiхайлава не хавае. Напрыклад, расказала яна, дым-ляма гатуецца ў казане: яго дно засцiлаецца кавалкамi нятлустай ялавiчыны цi баранiны, а потым слаямi кладзецца агароднiна — цыбуля, салодкi перац, капуста, баклажан, таматы. Прычым кожны слой трэба перасыпаць зелянiнай i дадаваць спецыi. На маленькiм агнi ва ўласным соку гэты "торт" будзе тушыцца 1 гадзiну 20 хвiлiн. Рэкамендуецца падаваць такiм чынам, каб былi бачныя слаi. Праўда, нават карпатлiвае запiсванне ўсiх складнiкаў i кухарскiх прыёмаў не гарантуе смачнага вынiку: на сярэдзiне рэцэпта дым-лямы можна засумаваць, збiцца i нарэшце зразумець, што такiя кулiнарныя шэдэўры наўрад цi па сiле аматару хуткiх снеданняў i лёгкiх вячэраў. Так што на Слаўгарадчыну па азiяцкую кухню?.. Дарэчы, у будучынi прыём турыстаў на экасядзiбе Еўдакiя Паўлаўна i Барыс Iванавiч мяркуюць пашырыць i зрабiць сямейным бiзнэсам. Дачка, юрыст, вывучылася таксама на менеджара ў сферы турызму, а ўнучка выдатна ведае англiйскую мову i iмкнецца стаць перакладчыкам. Менавiта iм i давядзецца ажыццявiць мару Мiхайлавых: не аддаць i не прадаць унiкальнае лецiшча ў Аляксандраўцы-2, а пакiнуць яго ў спадчыну нашчадкам, якiя стануць сапраўднымi гаспадарамi ў прыгожым кутку сваёй радзiмы. Iлона Iванова. Слаўгарадскi раён. |