Беражыся аўтамабiля, за рулём якога п'яныБеражыся аўтамабiля, за рулём якога п'яны Субота — самы небяспечны дзень для кожнага, хто нават мiжволi становiцца ўдзельнiкам дарожнага руху. Такi вынiк можна зрабiць на падставе аналiзу, праведзенага дзяржаўнай аўтаiнспекцыяй УУС Гомельскага аблвыканкама. Яно i зразумела: менавiта ў суботу мы расслабляемся пасля цяжкага тыдня. А тым часам пiльнасць, уласцiвая ў iншыя днi, адыходзiць кудысьцi ўбок. Сiтуацыя пачынае змяняцца да горшага ўжо ў пятнiцу, калi пасля адносна спакойных серады i чацвярга адбываецца больш ДТЗ, а ў суботу яна дасягае пiку. Мiж iншым, у нядзелю паводзiны вадзiцеляў i пешаходаў на дарозе таксама не вельмi дысцыплiнаваныя. Так i становяцца выхадныя днi самымi "ўраджайнымi" на дарожныя ахвяры. Што датычыцца гадзiн, тут таксама ёсць зразумелыя заканамернасцi. Менш за ўсё
аварый адбываецца ранiцай — да 11.00, а вось пасля поўдня паступова здарэнняў
становiцца больш. Рэзка пагаршаецца сiтуацыя на дарозе пасля 17 гадзiн. Пакуль
большасць з вадзiцеляў не загоняць сваiх жалезных коней у гаражы (гэта прыкладна
да 23 гадзiн), не трэба страчваць пiльнасць. Мiж тым, статыстыка сведчыць i яшчэ
аб адным пiку аварыйнасцi на дарогах — пасля гадзiны ночы. Вiдаць, у гэты момант
пачынаюць дэманстраваць зухаватасць тыя аўтааматары, якiм ужо мора па калена —
да дзвюх ночы, пакуль нарэшце не знойдуць прыгоды на сваю галаву...Выканаўца абавязкаў начальнiка ДАI УУС Гомельскага аблвыканкама Iгар Макушэнка
расказвае, што за выхадныя днi можна "злавiць" на дарогах Гомельшчыны больш за
120 вадзiцеляў у нецвярозым стане. I прыводзiць прыклады.
— 5-гадовае дзiця загiнула сёлета ў Калiнкавiцкiм раёне. Яго збiў супрацоўнiк сiлавых структур непасрэдна ў населеным пункце. Ён наехаў на маленькага веласiпедыста, якi рухаўся па абочыне. Вiноўнiк аварыi знiк з месца здарэння. У ходзе пошукавых мерапрыемстваў вадзiцель быў устаноўлены — ён адпачываў дома. Экспертыза пацвердзiла, што ў момант здарэння грамадзянiн быў у нецвярозым стане. Адказнасць за падобнае кiраванне машынай — вельмi жорсткая. Тым не менш сёлета ў Гомельскай вобласцi 4482 вадзiцелi былi затрыманы ў стане алкагольнага ап'янення за рулём. За паўторнае кiраванне транспартным сродкам ў нецвярозым стане даведзены ўжо крымiнальныя справы ў дачыненнi да 334 вадзiцеляў. Менавiта так, у апошнiм выпадку наступае не адмiнiстрацыйная, а крымiнальная адказнасць. Яна цягне за сабой да 6 месяцаў папраўчых работ або штраф да 1000 базавых велiчынь. Супрацоўнiкi ДАI сцвярджаюць, што суд сёння на справе, а не толькi ў тэорыi прымяняе санкцыi, якiя палягчаюць кiшэню парушальнiкаў дарожнага руху на 20 мiльёнаў рублёў. I яшчэ адна акалiчнасць. Сёлета ў вобласцi за ваджэнне аўтамабiля ў нецвярозым стане былi затрыманы 23 адказныя асобы. Адзiн з чыноўнiкаў кiраваў аўтамабiлем не толькi п'яны, але i пазбаўлены раней вадзiцельскага пасведчання па той жа прычыне. У дачыненнi да яго заведзена крымiнальная справа. Сярод тых, хто пад добрым градусам садзiўся за руль, заўважаны кiраўнiкi розных устаноў, напрыклад: загадчык кафедры Гомельскага медыцынскага ўнiверсiтэта, камандзiр узвода лiцэя МНС, спецыялiст транспартнай iнспекцыi. Кiраўнiк адной з ПМК вобласцi п'яны кiраваў службовым аўтамабiлем. Штодзень супрацоўнiкi ДАI затрымлiваюць у сярэднiм 30—35 нецвярозых вадзiцеляў. Мiж iншым, што датычыцца яшчэ адной з самых распаўсюджаных прычын здарэнняў на дарозе — перавышэнне хуткаснага рэжыму, кiраўнiцтва ДАI папярэджвае: дарожнае брацтва ў выглядзе перамiгвання фарамi становiцца неактуальным — сёння мiлiцыя аснашчана такой апаратурай, якая здольная "засекчы" перавышэнне хуткасцi там, дзе парушальнiкi менш за ўсё чакаюць.Iрына АСТАШКЕВIЧ. Фота аўтара. |