Сястрычкi з вёскi КрынiчкiСястрычкi з вёскi Крынiчкi Г iсторыя з пажарам у вёсцы Крынiчкi Барысаўскага раёна не новая, але нагадаць пра яе нялiшне яшчэ раз. І не толькi злосным аматарам-падпальшчыкам сухой травы, гаспадарам вясковых сядзiбаў i дачнiкам. Кожнаму неабходна ведаць меры перасцярогi i абыходжання з агнём, каб не нарабiць шкоды нi сабе, нi людзям i не дай Бог пацярпець, як здарылася гэта з сёстрамi Зiнаiдай Кульцёнак i Раiсай Волкавай (на фотаздымку) i iхнiмi суседзямi. Агонь не даруе свавольства i безадказнасцi, пра што жудасна сведчаць папялiшчы крынiчкаўскiх сядзiбаў, ад якiх засталiся адны комiны. Нават цяперашнi травастой не здольны схаваць адбiткi вялiкай бяды, у якой сёстры нiколечкi не вiнаватыя. Зiнаiда i Раiса жывуць цяпер у другiм канцы вёскi ў хатах, якiя дагэтуль стаялi пустыя. Яны i цяпер — суседкi. Тады наогул жылi адна насупраць другой. Я папрасiў iх прыгадаць пра бяду, якая абрынулася на iх гэтак нечакана ў сёлетнюю Радаўнiцу. "Было вельмi горача i ветрана, — прыгадвае старэйшая сястра Раiса дзень 28 красавiка, — прыблiзна а палове на чацвёртую пасля паўдня загарэўся мой дом. Я паспела схапiць грошы i крыху адзежы". А Зiнаiда нiчога не паспела вынесцi, затое ўратавала свайго невiдушчага мужа, якi шэсць гадоў пакутуе ад глаўкомы. "Я выйшла з хаты i ўбачыла, што гарыць наш хлеў. Што, адкуль, чаму — я нiчога не разумела, — дадае Зiнаiда Захараўна. — Пабегла назад, схапiла дзеда i хутчэй на двор".
У той дзень Зiнаiда, як i многiя вяскоўцы, збiралася наведаць могiлкi, але нешта
яе спынiла. "Каб пайшла, напэўна мужа нiхто б не выратаваў".
Звычайна на Радаўнiцу бывае шмат выхадных i ў вёску прыязджаюць усе дачнiкi. Зразумела, гэта самы час навесцi парадак i пасадзiць агароды. А калi яшчэ i надвор'е спрыяе... Але ў той дзень яно спрыяла яшчэ i бядзе. Адзiн з колiшнiх дачнiкаў запалiў цi то смецце, цi старую салому, а сам, як пазней дазналiся вяскоўцы, заняўся агародам. Пра агонь узгадаў, калi ўласная хата была ахоплена полымем. Вецер сапраўды дапамагаў агню, як бензiн, раздуваў лёгка i перакiдваў яго на iншыя пабудовы. "Вёска гарэла, як у вайну", — сказалi жанчыны i дадалi, што iхняя вёска ў вайну якраз i не пацярпела. Неадкладна выклiкалi пажарных i, безумоўна, толькi дзякуючы iм не згарэла ўсё. Але ж восем сядзiбаў сталi попелам... Як нi дзiўна, у лёсе Зiнаiды Кульцёнак гэта не першая бяда ад агню. 18 гадоў таму ад няспраўнай электраправодкi згарэў яе папярэднi дом. Пагаравалi тады з мужам, але знайшлi моцы i пабудавалi новы. I вось зноў чырвоны певень акрамя хаты паглынуў пуню з сенам, хлявы для каровы i для кабылы, старую i новую лазнi, iстопку, дзве паветкi, дзесяць машын дроў... Цяпер новы дом iм ужо не патрэбен. За грошы, якiя выплацiла дзяржава, пагарэльцы-пенсiянеры прыдбалi сабе старое жыллё. Дзецi дапамаглi ўладкавацца. Зiнаiда i Раiса маглi б застацца ў дзяцей у Барысаве, але як iх не ўгаворвалi, вярнулiся назад. "Толькi дадому", — адказалi дзецям. Бо дом для iх больш чым дом. Гэта i суседзi, i зямля навокал, i лес, i рэчка, i могiлкi. Вярнулiся, таму што не трымаюць нi на кога зла, што даравалi. Цi скардзяцца на лёс? Якраз гэтага я i не пачуў. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. |