Аддаленыя наступствы лiўня,Аддаленыя наступствы лiўня, якi прайшоў у Жлобiнскiм раёне паўтара тыдня таму, адчула рачулка Добасна, што цячэ праз пасёлак Чырвоны Бераг. Быццам вясной, яна выйшла з берагоў на пойму. І сёння падлеткi збiраюць прама на полi невялiкую рыбiнку сачкамi. З-за высокiх тэмператур i працэсаў гнiення раслiннасцi, якiя актывiзавала спякотнае i вiльготнае надвор'е, рыба пачала задыхацца. Адначасова з'явiлiся чуткi, што ў ваду трапiлi ядахiмiкаты з палёў. Iх абвяргае намеснiк начальнiка Жлобiнскай iнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Мiкалай Марчанка. Мы размаўлялi з iм у момант, калi ён непасрэдна даследаваў сiтуацыю з заморам рыбы на рацэ Добасна. Спецыялiст сцвярджае, што праверыў ачышчальныя збудаваннi населенага пункта i крухмалапатачнага завода, якi цяпер не працуе увогуле. Парушэнняў не выяўлена. Больш за тое, у гэты момант нiдзе ўздоўж ракi не ўносiлiся хiмiчныя ўгнаеннi — паўсюль iдуць работы па ўборцы збожжа. Ён адзначае, што рака бярэ пачатак у балотах i тарфянiках, якiя таксама "забiраюць" кiсларод, патрэбны для рыбы. Мiж тым i пробы, узятыя на канец лiпеня, ужо сведчылi аб яго недахваце ў вадзе. Зараз мiжраённай лабараторыяй зроблены новы забор аналiзаў, вынiкi якiх будуць вядомыя праз некалькi дзён. Але ж, падкрэслiвае Мiкалай Марчанка, для панiкi падстаў няма. Iрына АСТАШКЕВIЧ. |