ЖАБАЖАБА Жаба ў культуры ўсходнiх славян заўсёды ўспрымалася як нячыстая жывёла, роднасная змеям. Часам жабы сялiлiся побач з калодзежамi, а iх жыхарства ў вадаёмах наблiжала iх да рыбаў. Па народных уяўленнях у жабаў ператваралiся ластаўкi, якiя накiроўвалiся на зiму ў вырай. Лiчылася, што ў жабаў ёсць свой каранаваны цар. Часам жабам прыпiсвалася здольнасць джалiць людзей накшталт змей. Існавала павер'е, што Бог ад стварэння свету забаранiў iм кусаць чалавека. l У адным з паданняў сказана, што "жабы — гэта былыя людзi, патопленыя сусветным патопам. У iх, як i ў людзей, па пяць пальцаў на руках i нагах: чатыры доўгiя, а адзiн — кароткi. Прыйдзе час, i яны зноў стануць людзьмi, а мы, тыя, хто жыве цяпер, ператворымся ў жабаў". l Лiчылася, што ў жабаў таксама ператваралiся тапельцы, якiх зацягнулi ў ваду русалкi. У народзе казалi, што такiх тапельцаў можна вярнуць да жыцця, калi пераадолець чароўныя сiлы. Так узнiкла забарона забiваць жабаў — магчыма, загубiш невiнаватую душу. l Паўсюдна лiчылася, што забойства жабы паклiча за сабой працяглыя дажджы. Таму ў засуху выконвалi рытуальнае забойства i пахаванне жабы з надзеяй на доўгачаканы дождж. Часам з той жа мэтай жабу кiдалi ў калодзеж. l Жабу выкарыстоўвалi ў народнай магii, каб навесцi на хату бяду, раз'яднаць людзей. l Па народных уяўленнях, жаба была звязана з галоўнай хатняй кармiцелькай — каровай i яе малаком. Гэта мiфалагiчная сувязь прасочвалася i на бытавым узроўнi: для таго, каб на больш працяглы час захаваць малако, у збан кiдалi (саджалi) жабу. Таксама лiчылася, калi без падставы забiць жабу, у каровы знiкне малако. l Паўсюдна жанчынам забаранялася браць у рукi жабу, iнакш хлеб не будзе ўставаць. Лiчылася, калi пад печкай сядзiць жаба, хлеб не атрымаецца. Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК. |