Источник материала:
Валерый Сердзюкоў: "Мы актывізавалi ўзаемадзеянне ў сферы вытворчай кааперацыi"
Факты сведчаць аб тым, што Ленiнградская вобласць вельмi ўстойлiвая да сённяшнiх
рэалiй сусветнай эканомiкi. Як гэтага змаглi тут дабiцца? І якiм чынам у цяперашнiх
умовах будзе развiвацца супрацоўнiцтва гэтага рэгiёну Расii з Рэспублiкай Беларусь?
На гэта i шэраг iншых пытанняў карэспандэнт "Звязды" папрасiў адказаць губернатара
Ленiнградскай вобласцi Валерыя Сердзюкова.
— Устойлiвасць вобласцi да цяперашнiх рэалiй тлумачыцца дыверсiфiкацыяй эканомiкi
рэгiёну, стаўкай на рэальны сектар, якую мы зрабiлi яшчэ некалькi гадоў таму,
— адзначыў Валерый Паўлавiч. — Напрыклад, каля 75 працэнтаў прадукцыi, якая вырабляецца
ў вобласцi цяпер, складаюць тавары прадпрыемстваў, пабудаваных, рэарганiзаваных
на працягу апошнiх дзесяцi гадоў. Гэта дазваляе гаварыць пра добрыя перспектывы
далейшага развiцця рэгiёну, нягледзячы на крызiс. У той жа час, нягледзячы на
створаны фундамент, якi трывала супрацьстаiць эканамiчным нягодам, Урадам прымаецца
шэраг мераў, што садзейнiчаюць падтрыманню стабiльнасцi сiтуацыi i недапушчэнню
сур'ёзных правалаў. Мы разумеем, што ў сучасных умовах прагназаванне рынкавай
сiтуацыi дастаткова ўмоўнае. Таму наша задача — забяспечыць магчымасць працы ўсiх
галiн, як мiнiмум, на ўзроўнi мiнулага года i, як максiмум — з павелiчэннем паказчыкаў.
Важным у гэтай сувязi для нас застаецца i мiжнароднае супрацоўнiцтва. Адным з
прыкладаў такой працы якраз з'яўляецца ўзаемадзеянне Ленiнградскай вобласцi з
рэгiёнамi Беларусi, з якой нас звязваюць даўнiя культурныя, эканамiчныя, навуковыя
i iншыя кiрункi сумеснай дзейнасцi. З улiкам цеснага партнёрства па цэлым шэрагу
кiрункаў i было прынята рашэнне аб распрацоўцы плана сумесных дзеянняў па барацьбе
з крызiсам. Карэляцыя працы рэгiёнаў у гэтым напрамку, безумоўна, дасць станоўчы
эфект як для далейшага ўзаемадзеяння, так i для супрацiўлення крызiсу паасобку.
Вы ведаеце, што сёлета на пачатку лютага Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы
ўхвалiў план сумесных мерапрыемстваў па супрацьдзеяннi ўплыву фiнансавага i эканамiчнага
крызiсу на эканомiку Расii i Беларусi. Ленiнградская вобласць удзельнiчае ў рэалiзацыi
гэтага плана. Перш за ўсё наша праца датычыцца забеспячэння далейшай сумеснай
працы расiйскiх i беларускiх прадпрыемстваў як на тэрыторыi нашага рэгiёну, так
i ў вашай рэспублiцы. Акрамя таго, мы надаём вялiкую ўвагу выставачным мерапрыемствам:
планам вызначана сiстэматычнае правядзенне выстаў-кiршамоў спажывецкiх тавараў,
форумаў у сферы аграпрамысловага комплексу, у прыватнасцi, мiжнародных выстаў
"БелАгра" ў Мiнску i "АграРусь" у Санкт-Пецярбургу. Якраз у гэтыя днi праходзiць
"Аграпрамысловы форум Ленiнградскай вобласцi 2009", якi аб'ядноўвае ўсе значныя
аграрныя мерапрыемствы — конкурсы прафесiйнага майстэрства, спецыялiзаваныя выставы
i канферэнцыi. I Рэспублiка Беларусь бярэ актыўны ўдзел: запланавана дэманстрацыя
сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнiчай i камунальнай тэхнiкi беларускай вытворчасцi.
— Якiя карэктывы, на ваш погляд, неабходна цяпер унесцi ў арганiзацыю планавання
i рэалiзацыю сумесных праектаў з Рэспублiкай Беларусь?
— На наш погляд, нiякiх прынцыповых змяненняў у арганiзацыю планавання i рэалiзацыю
сумесных праектаў, а таксама змяненняў у пагадненне аб супрацоўнiцтве ўносiць
не трэба. Мы не плануем адступаць ад агульных прынцыпаў, абазначаных у пагадненнi.
Не выключана, што крызiс прыўнясе нейкiя змяненнi, што датычацца тэрмiнаў рэалiзацыi
тых або iншых праектаў i iх аб'ёмаў на канкрэтны перыяд, але мы перакананыя, што
ў цэлым абодва бакi змогуць выканаць намечанае. Iснуе практыка падпiсання праграмы
супрацоўнiцтва на тры гады да заключанага пагаднення. Ужо ў гэтым, больш дэталёвым
дакуменце ўсе праекты i мерапрыемствы абавязкова будуць адаптавацца да рэальных
фiнансава-эканамiчных умоў.
— Як развiццё вытворчай кааперацыi памiж суб'ектамi гаспадарання рэгiёнаў Расii
i Беларусi можа змякчыць уздзеянне крызiсу?
— Я ўжо казаў, што мы зрабiлi стаўку на рэальны сектар эканомiкi яшчэ некалькi
гадоў таму. I сёння вiдавочна, што гэты шлях быў абраны правiльна. Таму ў рамках
двухбаковых адносiнаў сёння мы актывiзавалi ўзаемадзеянне ў сферы вытворчай кааперацыi.
Напрыклад, у ходзе вiзiту нашай дэлегацыi ў Беларусь памiж Ленаблспажыўсаюзам
i Белкаапсаюзам быў падпiсаны пратакол аб пашырэннi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва
ў галiне ўзаемных паставак тавараў. У чэрвенi ў горадзе Гатчына Ленiнградскай
вобласцi быў праведзены кiрмаш-продаж беларускай прадукцыi, у рамках якога адбылося
заключэнне кантрактаў на аптовыя пастаўкi памiж прадпрыемствамi Ленаблспажыўсаюза
i Белкаапсаюза. Акрамя таго, умацаванню ўзаемнай павагi i ўзаемаразумення памiж
брацкiмi народамi, безумоўна, садзейнiчае ўзмацненне культурнага i гуманiтарнага
складнiка мiжрэгiянальнага супрацоўнiцтва, а менавiта абмен творчымi калектывамi,
студэнцкай моладдзю. Прычым апошняму напрамку мы надаём сёння асаблiвую ўвагу,
бо 2009 год абвешчаны ў Расii Годам моладзi. Мэтазгодна таксама ўзмацнiць узаемадзеянне
гандлёва-прамысловых палат. Гаворка пра гэта iшла неаднаразова ў рамках двухбаковых
перагавораў. Я думаю, што цяпер, у няпросты для абодвух бакоў час, мае сэнс больш
актыўна заняцца гэтым пытаннем i перайсцi ад слоў да справы.
— Якiя сумесныя праграмы супрацоўнiцтва малога i сярэдняга бiзнэсу маглi б цяпер
ажыццяўляцца Ленiнградскай вобласцю i Рэспублiкай Беларусь?
— Пытанням развiцця малога i сярэдняга бiзнэсу ў Праграме супрацоўнiцтва на 2009—2011
гады нададзена асаблiвая ўвага. Больш за тое, шэраг сумесных праектаў ужо паспяхова
рэалiзуецца. Часта дамовiцца такiм прадпрыемствам аказваецца значна прасцей, чым
буйным iгракам. Крызiс паказаў, што менавiта гэты сегмент больш гнуткi i прыстасаваны
для аператыўных змяненняў. У нашым рэгiёне вялiкай папулярнасцю карыстаюцца беларускiя
тавары лёгкай прамысловасцi, тавары народнага ўжытку. I мы аказваем усебаковую
падтрымку арганiзацыi паставак з Беларусi. У прыватнасцi, у рамках супрацоўнiцтва
Ленаблспажыўсаюза з Белкаапсаюзам намечана правядзенне сiстэматычных сумесных
выстаў-кiрмашоў спажывецкiх тавараў у Ленiнградскай вобласцi, у тым лiку восеньскiх,
выхаднога дня, калядных. Упэўнены, гэтыя мерапрыемствы стануць яшчэ адным крокам
насустрач прадстаўнiкоў бiзнэсу абодвух бакоў.
Пытаннi задаваў Барыс ЗАЛЕСКI.