21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калi цвiтуць цюльпаны

07.08.2009 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калi цвiтуць цюльпаны

...Прэзентуючы гэтую рубрыку (без малога восем гадоў таму), пiсала, што ў жанчын так часта бывае — любяць адных, жывуць — з другiмi. І што мне ў гэтым сэнсе пашчасцiла... А вось з працай — менш: шчыравала ў іншых газетах, а чакала i чытала найперш "Звязду". Даслоўна: "Цяпер — пiшу. I нават верыць хачу, што гэта — надоўга, што прыме патрабавальны звяздоўскi чытач маю "простую мову".

У тым, што прыняў (хай, магчыма, i не кожны!) сумневу даўно няма. Ёсць — светлае жаданне на дзень народзiнаў газеты падараваць яму "букет" — з чарговых абразкоў.

Мы бульбашы...

Мiнск патанае ў кветках.

Гучыць гэта, вядома ж, загучна, але праўда ў словах ёсць, бо iмi — знаёмымi i незнаёмымi, вядомымi i невядомымi — упрыгожаны вулiцы, плошчы i скверы, iмi абсаджаны подступы да ўсiх прадпрыемстваў-устаноў, яны, найперш, вiтаюць клiентаў у банках, цырульнях i крамах, ад iх святлеюць двары.

У суседнiм вось клумба прывабiла — нечым незвычайным, бэзава-белым...

Вачам не паверыла — бульба! Ды такая спраўная — нi жука на ёй, нi фiтафторы якой! Кусцiкi — хоць на выставу!

Хто ж вырасцiў, як такая думка ў голаў прыйшла, — застаецца толькi здагадвацца. Мо напрадвеснi купiў хто мяшок, у кватэру нёс ды рассыпаў (а дурэючы хтось клубнi ў клумбу ўваткнуў)? Цi наадварот — выносiў — звялую-прарослую i пашкадаваў потым выкiнуць?.. А мо старэнькi хто спецыяльна пасадзiў, каб яшчэ раз убачыць, як жа хораша цвiце, i падумаць, цi вялiкая вырасце, цi смачная, панепакоiцца аб тым, хто ўбярэ i калi — той, хто садзiў? I тады, як счэзне бульбоўнiк, цi да часу, п'янчужка якi, на закусь?

...Хоць ахову да клумбы прыстаў!

Для таго, каб сабраць нечаканы ўраджай, каб захаваць i каб налета — зноўку пасадзiць. Ужо на многiх клумбах! На пацеху.

Пад вадой

Сына Алёна гадуе адна i нi на што не скардзiцца. Ну хiба па драбязе — на тое, што лёгка прывучыўшы дзiця да гаршка, не можа нiяк адвучыць?! Ладны ўжо, а захоча — хай па маленькай патрэбе — дзвюма ручкамi штонiкi ўнiз (ледзь не да костачак) — i садзiцца...

Гаварыла яму, i не раз, што гэта — не абавязкова, што трэба ўжо стоячы... Марна ўсё!

Добра, сваяк у госцi заехаў... Падгадаў неяк час, узяў малога за ручку, завёў у патрэбнае месца — разам, удваiх, "пастаялi", i дзiця такое ж гордае было, што ўмее — вось так, "па-даросламу"...

Праўда i на жаль — не ўсё.

У суботу вось яны на рэчку пайшлi, размясцiлiся (непадалёк потым — кампанiя хлапцоў), загаралi, купалiся. Потым малы па звычцы трусiкi ўнiз (абедзвюма ручкамi) — i на ўвесь пляж:

— Мама, а дзе тут можна пi-пi?.

Тая хуценька завяла — у першы раз... У другi — хлопчык ужо сам пабег... Трусы на каленках... Суседзi аж зайшлiся ад рогату...

— З каго?! З чаго?! Што вы тут смешнага ўбачылі? — кiнулася ў наступ мацi. — Дзiця — двухгадовае — у туалет бегае, ведае, куды трэба, а вы?!... Бэйбусы няшчасныя! Вядро пiва выпiлi i ў той бок — нi нагой. Усё плаваць ходзiце... Думаеце, не бачыць нiхто... Не ведае?

...Факт: вочы — у тым лiку на вельмi i вельмi многае — нам адкрываюць мацi. Калi не свае, то чужыя.

Толькi б не позна...

Суцяшэнне

Гастраном — чарга ля касы. Наперадзе — дзяўчо з заплечнiкам. На iм — вялiкi значок з надпiсам: "Торможу без предупреждения"... Гэта — пра мяне. Добра было б купiць. I прычапiць. Каб ведалi...

Як, мiж iншым, i тое, што "Торможение — тоже движение!"

Без вiны

...Ранiца, вулiца. I не сказаць жа, што падбегам iшла, што дужа засяроджанай, а мужык з-за вугла, як чорт з табакеркi выскачыў — насустрач, з цыгарэтай... Ды такой смярдзючай, — мiжволi скрывiлася.

Ён заўважыў. Я — запрабачалася.

I толькi потым падумала, а цi трэба было? Мо курцы павiнны такi ведаць, што ад iх (у абсалютнай бальшынi i яшчэ мякка кажучы) непрыемна пахне?..

I, можа, гэта яны мусяць прабачацца? Перад дзецьмi, перад цяжарнымi i проста жанчынамi, перад хворымi...

Не з-за iх?

Фактар рызыкi

...Рэпартаж той пiсаўся ў нумар i быў, лiчы, гатовы (заставалася — перачытаць-падпiсаць, хто на здымку), калi пазванiла прыяцелька i непазнавальным голасам сказала, што ў яе... прапала дзiця: тры гадзiны таму пайшло ў краму па хлеб... Пайшло i дагэтуль няма. Яны ўжо ўсiх абзванiлi... I ўсё аббегалi. Што рабiць? — пыталася жанчына.

Паспрабавала крыху супакоiць, нешта параiла, паабяцала, што вось зараз здам рэпартаж i прыеду...

Лёгка было абяцаць, а рабiць...

Думкi i радкi сталi блытацца, словы "не iшлi", у галаву, як заўсёды ў падобных выпадках, лезла самае горшае — мне... Што ўжо казаць пра мацi?!

Але ж дапiсала. Здала i паехала.

На палове дарогi спынiў мабiльнiк — знайшлося дзiця!.. I камень з душы...

Вярнулася назад на працу — у рэпартажы, што пiсаўся ў нумар, былi памылкi. Iх далёка не кожны б заў-важыў, з-за iх нiхто б не пацярпеў. I тым не менш...

Стан, пры якiм, хай на iмгненнi, але трацiцца кантроль, з лёгкай рукi лётчыкаў, авiядыспетчараў i г.д., называецца чалавечым фактарам.

Кажуць, менавiта з-за яго людзi адмаўляюцца ад розных небяспечных праектаў...

Я ж пакуль — заўсёды баюся, калi звiнiць мабiльнiк у вадзiцеля тралейбуса — хто яго ведае, што яму скажуць. I як ён успрыме?

У кожнай шафе...

Дамоў, ад сваёй лепшай сяброўкi Iванаўна ў той вечар ледзьве прыпаўзла.

А туды ж — ляцела ж на крылах!

Яшчэ б: яе былая студэнтка (гадоў з 20 у Штатах жыве) папрасiла дапамагчы — знайсцi жанчыну, якая згадзiлася б прыглядаць за яе не старым яшчэ i не хворым бацькам, гэта значыць, званiць яму i, калi той папросiць, на якую гадзiнку прыязджаць — можа, нешта есцi зрабiць цi прыбраць, папрасаваць, дапамагчы што з дачы спарадкаваць... Само сабой — калi раптам занядужыць — побач пабыць. I за гэта, штомесяц, атрымлiваць зарплату ў... 300 долараў ЗША!

— Верачка, мiлая! — "не трымаючы" эмоцый казала Iванаўна сваёй сяброўцы, — я за цябе паручылася, я iм расказала, што ты разумная, добрая, клапатлiвая... Што ты — проста цудоўная гаспадыня... I, нябось, забылася ўжо, калi гатавала нешта прыстойнае? Нябось забылася, калi прыбiрала ў людскiм доме... Верачка, ты ж хоць душу там адвядзеш: занятак будзеш мець... I грошы? 300 долараў! ды іх — ты ж ведаеш — не ўсiм выкладчыкам сёння даюць! Званi, згаджайся! Хоць зажывеш — прыадзенешся крыху, абутак купiш... Гэта твой шанц, разумееш?!.

Ад яго — i цалкам жа рэальнага! — вочы ў Веры спярша загарэлiся. I... гэтак жа хутка патухлi, бо куды ёй з падводнай лодкi?! Два сыны. Абодва п'янiцы. Але на матчыну пенсiю яшчэ не дужа разгоняцца, таму працуюць i хоць трохi трымаюцца. А ўладкуецца на працу яна — усё, кiнуць. I пазахлынаюцца ж, п'ючы!... Альбо пазабiваюцца... Таму ёй — з дому — нельга, нi нагой. Як-нiяк — мацi... Дзе крыкам, дзе плачам — ратуе. I будзе... Пакуль жывая...

Дамоў ад сваёй лепшай сяброўкi Iванаўна ледзь прыпаўзла. А туды ж — ляцела на крылах.

У кожнай шафе — свой шкiлет. У кожнай сям'i сваё пекла.

Кожнай сястрыцы па завушнiцы?

З мультфiльма: "Мы строили-строили и наконец построили". З жыцця: мы ехалi-ехалi i такi ж прыехалi:

— Троллейбус дальше не пойдет! — гучна аб'явiў кiроўца мiж двума прыпынкамi.

Пасажыры — пераважна моўчкi — падалiся да выхаду. Але не ўсе: "меншая палова" засталася — стала пытацца, а што зрабiлася, цi надоўга рамонт?..

Яно i зразумела: людзi аплацiлi праезд, разлiчвалi дабрацца, яны не вiнаватыя, што нешта зламалася ў гэтым тралейбусе. А ў iншы зойдзеш, — i зноўку плацi: каму што раскажаш?

Зрэшты, расказаць цяпер ёсць каму: гаспадарамі па салонах ходзяць кандуктары.

— Што ў вас за праезд? — пытае ў кожнага мажная кабета.

Нехта ў адказ ёй паслухмяна дастае праязны, нехта — хоць-нехаць купляе бiлецiк.

— Нiчога, — буркае побач вялiкi баўдзелаваты бомж.

— А чаму гэта?! — строга пытае жанчына.

— Мне адзiн прыпынак, — кiдае той, з надзеяй, вiдаць, што адчэпiцца. Ды не на тую напаў, як кажуць!

— Пехатой тады iдзi, — смела наступае на яго кабета. — А сеў ехаць, значыць, плацi!

— А колькi тут трэба плацiць? — цiкавiцца раптам яго сябрук, вiдаць, яўна заахвочаны тым, што i iх вось палiчылi за людзей, падышлi ды нешта гавораць...

— Шэсцьсот рублёў... З дваiх — тысячу дзвесце! — патрабуе кандуктарка.

Твары ў мужыкоў (яшчэ мякка кажучы!) здзiўлена выцягваюцца, бо капейка якая (калi яна ёсць?), то выключна ж на святое — гэта значыць, на вiно цi гарэлку, "выкiнуць" яе на праезд... Ды лягчэй самiм...

Прыпынак якраз, дзверы ў тралейбусе адчыняюцца, i бамжы "выкiдваюцца", выходзяць. Кандуктарка ж, "завёўшыся", яшчэ доўга крычыць, што з-за гэтых вось розных неплацельшчыкаў на зарплату грошай няма, што будзь яе воля, яна б усiх зайцоў, а тым болей вось гэтакiх, "у некую арудзiю", каб свет не паскудзiлi, што з-за iх...

Пад гэты цалкам заканамерны крык успамiнаецца зусiм, здавалася б, недарэчнае — з паўгода таму ўбачаны дакументальны фiльм пра замахi на жыццё Гiтлера. Адзiн з iх, з гэтых замахаў, спланаваў студэнт. I апынуўся ўжо ў патрэбным месцы, у патрэбны час, i страляць, як быццам, умеў. Аднак — нiбы чорт якi ахоўваў фюрэра: ён павiнен быў прайсцi першым i ў цэнтры, а пайшоў збоку i паводдаль ...

Страляць туды сэнсу не мела, i замах быў адкладзены. Студэнт паехаў дамоў — зайцам i яго затрымалi, мусiць, такiя ж пiльныя прынцыповыя кандуктары, завялi ў пастарунак, дзе, прынамсi, i высветлiлася, што нi бiлета, нi грошай у хлопца няма, а вось зброя ёсць. Ён нават шчыра сказаў, для чаго...

Як i трэба было чакаць, хлопца, "злачынцу", судзiлi i, як кажуць, мала не далi — пазбавiлi жыцця. А сапраўдны злачынца застаўся жыць i распачаў-такi Другую сусветную вайну, наступствы якой крывавяць да сёння.

Таму Гiтлера (хай i ў лаўрах Герастрата) помнiць цi не ўвесь свет.

Iмя таго студэнта — магчыма — гiсторыкi. Суддзяў i кандуктара — анiхто.

Калi цвiтуць цюльпаны

У кнiгарнi забягаю зрэдку — нешта пэўнае ўзяць, на хвiлiнку. Выходжу — праз гадзiну i не раней, бо там не за тое, дык за гэта, а вокам зачэпiшся.

Узiмку неяк кнiжку разгарнула, прачытала толькi абзац (герой некаму расказваў, як жонка яго нарадзiла сынка i як ён тады ўсе клумбы абрэзаў — з гладыёлусамi i... цюльпанамi).

Цюльпаны (прынамсi тады) цвiлi выключна вясной, гладыёлусы — у канцы жнiўня.

Не дараваўшы аўтару вось гэтай "маленькай хлуснi", кнiжку купляць не стала.

А вось прачытаць — давялося: сябрук параiў. Меў рацыю — цiкавая кнiжка, патрэбная.

Iх, непатрэбных, i насамрэч, вiдаць, не бывае? Нават цяпер.

Валянцiна Доўнар.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Прэзентуючы гэтую рубрыку (без малога восем гадоў таму), пiсала, што ў жанчын так часта бывае — любяць адных, жывуць — з другiмi. І што мне ў гэтым сэнсе пашчасцiла... А вось з працай — менш: шчыравала ў іншых газетах, а чакала i чытала найперш "Звязду". Даслоўна: "Цяпер — пiшу. I нават верыць хачу, што гэта — надоўга, што прыме патрабавальны звяздоўскi чытач маю "простую мову". У тым, што прыняў (хай, магчыма, i не кожны!) сумневу даўно няма. Ёсць — светлае жаданне на дзень народзiнаў газеты падараваць яму "букет" — з чарговых абразкоў.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика