БАТЭ дастаўся балгарскi "Лiтэкс"БАТЭ дастаўся балгарскi "Лiтэкс" У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскiм Ньоне ўчора прайшла жараб'ёўка раўнда плей-оф адборачнага турнiру Лiгi Еўропы. БАТЭ трапiў у першую нясеяную групу разам з шатландскiм "Хартсам", казахскiм "Актобе", чэшскай "Сiгмай" i грэчаскiм ПАОКам. У пяцёрцы патэнцыяльных супернiкаў беларускага чэмпiёна былi нямецкi "Вердэр", англiйскi "Эвертан", харвацкае "Дынама", галандскi "Херэнвен" i балгарскi "Лiтэкс". У вынiку барысаўскаму клубу дастаўся ўладальнiк Кубка Балгарыi "Лiтэкс" з Ловеча. Клуб двойчы станавiўся чэмпiёнам Балгарыi (1998, 1999) i чатыры разы — уладальнiкам Кубка (2001, 2004, 2008, 2009). Летась "Лiтэкс" заняў чацвёртае месца ў чэмпiянаце краiны. У БАТЭ ёсць усе шанцы прайсцi супернiка, тым больш, што вопыт гульнi з балгарскiмi клубамi ў каманды ёсць — якраз летась барысаўчане сустракалiся з "Леўскi" з Сафii ў трэцiм квалiфiкацыйным раўндзе Лiгi чэмпiёнаў i перамаглi па суме двух матчаў. 20 жнiўня барысаўчане сустрэнуцца з супернiкам у Барысаве, а 27-га правядуць матч у адказ на выездзе. Алена АЎЧЫННІКАВА. |