Калi будуць павялiчаны камунальныя тарыфы?Калi будуць павялiчаны камунальныя тарыфы? Як ужо паведамлялася, Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi накiравала ва Урад прапановы наконт павышэння "кватэрных" плацяжоў. Агульны рост чакаецца ў межах трох долараў. Пры гэтым, як паведамiла карэспандэнту "Звязды" начальнiк упраўлення эканомiкi Мiнжылкамунгаса Алена Дудзiнская, у разлiк бярэцца стандартная двухпакаёвая кватэра агульнай плошчай 48 квадратных метраў з трыма жыхарамi. Спецыялiст адзначыла пазiцыi, па якiх магчымы рост плацяжоў: водазабеспячэнне, каналiзацыя, тэхнiчнае абслугоўванне, вываз i абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў. Гэтыя паслугi займаюць найменшую "вагу" ў жыроўках жыхароў i рэальны рост разлiкаў насельнiцтва (пры ўмове, што кватэра абсталявана лiчыльнiкамi) складзе 4-5 тысяч рублёў. Нават такiя невялiкiя грошы дазволяць пэўным чынам палепшыць фiнансавае становiшча камунальных арганiзацый. Тым не менш рашэнне аб павелiчэннi камунальных плацяжоў пакуль не прынятае. Як заўважыла Алена Дудзiнская, такi крок заўсёды павiнен суадносiцца з ростам даходаў насельнiцтва. Мiкалай ЛІТВIНАЎ. |