У бусліным царствеУ бусліным царстве Тут можна згубiцца ў травах i павудзiць у лесеПераправа, бераг левы, бераг правы На пароме перапраўляемся цераз Прыпяць, з аднаго боку ракi — эксперыментальная лесапаляўнiчая гаспадарка i сельскагаспадарчы комплекс "Ляскавiчы", з другога — ахоўная тэрыторыя, куды могуць патрапiць толькi супрацоўнiкi Нацыянальнага парку "Прыпяцкi" i арганiзаваныя групы турыстаў. "Экалагiчны" бок па вясне становiцца недаступным пешаму спадарожнiку, пойму паглынае рака. Вясной Прыпяць завiтвае ў шыкоўную дубраву, векавыя дубы-прыгажуны месяцамi стаяць "па калена" ў вадзе. Зараз Прыпяць адступiла, але паўсюль балоцiстыя плямы, i азёры з баязлiўкамi-лiлеямi, якiя "закрываюцца" на ноч i хаваюцца ад дажджу.
— Я памятаю, што былi такiя часы, калi рыба тут наогул не цанiлася, бо было яе вельмi многа, на ўсю маю вёску хапала толькi аднаго вялiкага невада. Як толькi ў кагосьцi заканчвалася рыба, мужчыны на выхадных выбiралiся па яе. Вярталiся з поўнай лодкай рыбы, кожны браў столькi, колькi трэба, а астатняя проста раздавалася мiнакам. Любы мог падысцi i зачарпнуць сабе вядзерцам, — расказвае пра свой край карэнны паляшук, дырэктар Нацпарку "Прыпяцкi" Сцяпан Бамбiза. І распавядаць пра сваю малую радзiму гэты чалавек здольны гадзiнамi, ён упэўнены, што няма лепшых мясцiн у Беларусi. Мiжволi пачынаеш яму верыць. Ты нясi мяне, ракаМы выпраўляемся ў падарожжа па Прыпяцi. Цеплаход разразае воднае палатно колеру пэпсi. Што за сакрэты хаваюцца там, пад цёмнай вадой? У якi казачны свет плывеш ты, прыгажуня Прыпяць? Хто адпачывае на тваiх залатых пясчаных косах. Хто гуляе па духмяных травах у бязмежных лугах? Цi не гушкаюцца русалкi на галiнках дрэў, што навiсаюць над вадой? Не задаволеныя гулам судна, чаплi злятаюць з дрэў, што туляцца ля вады, i ляцяць кудысьцi туды, у нязведаны зялёны свет поймы. Тут ёсць мясцiны, дзе калонii гэтых птушак перавальваюць за некалькi дзясяткаў. Дзесьцi пад цёмнай вадой хаваюцца гiганцкiя самы. На шматлiкiх плёсах адпачываюць у спякоту падводныя драпежнiкi. Тут можна лавiць рыбу ў лесе (плаваць на лодках памiж дрэў, што стаяць у вадзе). У гэтых краях можна згубiцца ў травах, што ў рост чалавека, калi аленi бегаюць па iх, часам вiдны толькi кароны-рогi... Тады разумееш, чаму Сцяпан Мiкалаевiч кажа: "Адарвi мяне ад гэтых мясцiн, i ўсё...". I ён, i яго каманда робяць усё магчымае для гэтага краю. Вёска, з якой
Тут дзейнiчае ўнiкальная мадэль арганiзацыi прыродаахоўнай тэрыторыi, калi наваколле i чалавек узаемазвязаны памiж сабой. Так, пойма Прыпяцi — гэта прыродны комплекс, якi створаны рукамi чалавека за тысячы гадоў. Людзi адваёўвалi яе ад зараснiку, лясоў. Тут склаўся сiмбiёз памiж рыбай, птушкамi i чалавекам. Калi людзi не будуць касiць траву, усё зарасце кустоўем, рыба не пойдзе на нераст у мясцiны, дзе гнiюць травы, пералётныя птушкi будуць шукаць сабе больш прывабныя месцы. Яшчэ ў часы Вялiкага Княства Лiтоўскага было заведзена: калi чалавек адстаяў у прыроды сабе кавалак зямлi, высек кустоўе, прывёў у парадак — гэта зямля становiцца ягонай. Пэўныя роды мелi сваю вотчыну ля ракi. Траву рэгулярна абкошвалi, тут кармiлiся вялiкiя статкi свойскiх жывёл, сена вазамi вывозiлася на продаж. I пойма Прыпяцi была настолькi дагледжаная, што можна здалёк было бачыць караблi, што плылi па рацэ. Але паступова той сiлы мужчын з сякерамi ды косамi, жанчын, што з сярпамi выкошвалi траву памiж лозамi, не стала, i ўзбярэжжы ракi — ужо непраходныя мясцiны. За некалькi гадоў шыкоўны пойменны луг можа ператварыцца ў царства лоз. Так, людзi ўзгадваюць, што калi яны вярталiся з вайны, то не пазнавалi свайго краю. Сёння пра пойму клапоцiцца кiраўнiцтва Нацпарку, яна абкошваецца, а духмянае разнатраўе iдзе на корм тутэйшым кароўкам, i малако з водарам прыпяцкiх зёлак паступова заваёўвае новыя рынкi, людзi, што прачулi пра яго, спецыяльна стаяць у крамах, чакаюць прывозу. У найблiжэйшы час, напэўна, знойдзе свайго спажыўца i пакуль дэфiцытнае, але вельмi смачнае i карыснае мармуровае мяса ("Прыпяцкi" толькi пачынае займацца вырошчваннем мясных цялят). Акрамя таго, што Нацпарк цалкам забяспечвае кармамi ўласную гаспадарку, дык прадае яшчэ iх суседзям. У аграгарадку Ляскавiчы iнтэнсiўна будуецца жыллё, за апошнiя некалькi гадоў насельнiцтва тут павялiчылася амаль удвая. Напэўна, ужо мiнаюць часы, калi не было каму хадзiць у школу: так, калi яшчэ зусiм нядаўна ў першым класе было ўсяго 4 дзiцяцi, сёння iх каля 30, на ўлiк па цяжарнасцi сёлета стала каля 30 жанчын. "Вiдаць, буслы носяць", — жартуе дырэктар, бо гнёзды гэтых птушак раскiданы па ўсёй вёсцы. Уласна кажучы, вёскай Ляскавiчы ўжо i не назавеш, хоць бы таму, што iнфраструктура тут не горшая, чым у горадзе. Чыстыя, светлыя вулiцы, прыгожыя сучасныя будынкi школы, дзiцячага садка, бальнiцы, пошты, банка, дагледжаны агароджаны стадыён (кажуць, такога пакуль няма i ў блiжэйшых райцэнтрах), новыя яркiя дамкi з гарачай вадой (iнтэрнаты для спецыялiстаў, што прыязджаюць сюды працаваць). Мясцоваму кiраўнiцтву закiнутыя гаспадаркi ўдалося прывесцi ў парадак. Разумны падыход, супрацоўнiцтва з беларускiмi навукоўцамi i асаблiвае стаўленне да гэтых мясцiн, клопат пра iх дапамагаюць дасягаць шыкоўных вынiкаў гаспадарання. "Так, можна было кiнуць палi, няхай зарастаюць лесам, не вазiцца з запушчанымi гаспадаркамi, але як тады быць людзям, якiя тут жывуць", — заўважаюць у Нацпарку. — Насельнiцтва трэба абавязкова заняць, тады i праблем з парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства будзе меней". А работы тут дастаткова, сельская гаспадарка з кожным годам пашыраецца. Так, у апошнiя гады было ўведзена каля тысячы гектараў, раней там "прапiсвалася" пустазелле з кустамi, а сёння гэта самыя ўрадлiвыя землi. Праведзена мелiярацыя, прымаюцца эфектыўныя метады гаспадарання — у Нацпарку адыходзяць ад нiзкай рэпрадукцыi насення, сеюць элiтнае, не эканомяць на ўгнаеннях. У вынiку на кiнутых палях, дзе ўжо параслi былi дрэвы, сёння збiраюцца неблагiя ўраджаi збожжавых культур, расце адна з лепшых у Беларусi кукуруза, у якой лёгка можна схавацца з галавой, на фермах, што развальвалiся, вырошчваюцца племянныя каровы, у планах на будучыню — продаж элiтнага насення i элiтнай жывёлы. I сёлета дзяржзаказ па збожжы тут перавыкананы, а ўборка яшчэ працягваецца. Зараз Нацпарк — асноўны працадаўца для насельнiцтва блiжэйшых раёнаў — Петрыкаўскага, Жыткавiцкага, Лельчыцкага. I зарплаты тут адны з самых высокiх — сярэдняя перавышае 700 тысяч. Можа таму многiя работнiкi iншых гаспадарак падаюцца сюды на заробкi. У Нацпарку не толькi вырошчваюць збожжа, але i перапрацоўваюць яго на муку. Шмат людзей заняты ў дрэваперапрацоўчай галiне, прынамсi, мясцовы паркет ужо некалькi гадоў лiчыцца адной з лепшых марак у Беларусi. Прыбытак дае турызм. Гэтыя мясцiны прываблiваюць гасцей з-за мяжы, 40 працэнтаў з тых, хто прыязджае сюды пагасцiць, — замежнiкi. Попыт на адпачынак у "Прыпяцкiм" значна перавышае прапанову, добрая доля нумароў, нават з улiкам тых, што пакуль толькi будуюцца, ужо забранiравана на некалькi месяцаў наперад, рэзервуюцца месцы нават на наступны год. Дарэчы, адзiн з лепшых турысцкiх комплексаў "Ляскавiчы" аздоблены разьбой, i "смачна" па-дызайнерску аформлены, — гэта былая... канюшня. Цяпер у Ляскавiчах будуецца новая гасцiнiца, i ў хуткiм часе больш людзей змогуць захапляцца гэтым краем, катацца на цеплаходах, вудзiць на Прыпяцi. Рыхтуецца тут i новая "прынада" для турыстаў — сафары-парк, дзе можна будзе з машыны фатаграфаваць дзiкiх жывёл. Прынамсi, сафары па-беларуску будзе адметным у Еўропе, парк зойме плошчу больш чым у 5 тысяч гектараў. Цяпер гэта тэрыторыя агароджана, тут ствараюцца кармушкi, будуюцца вышкi, на якiх можна будзе затаiцца, каб назiраць за жывёламi. Лугi тут чаргуюцца з палямi, спецыяльна засеянымi для падкормкi. Мы толькi заехалi ў сафары-парк — i адразу ж на полi заўважылi двух дзiкоў i двух аленяў, яшчэ хвiлiна — i паважна сыходзяць далей ад дарогi тры рагачы, далей — наогул па полi нясецца статак у некалькi дзясяткаў аленяў. Адчуванне, што трапляеш на парад дзiкiх жывёл... Свае культурныя палi ёсць i ў жывёл, якiя ў сафары не ўдзельнiчаюць. Не ўсе палi з пасевамi загароджаныя, асобныя спецыяльна пакiнуты, каб там маглi збiраць ураджай дзiкi. Развiццё сельскай гаспадаркi дазволiць весцi паляўнiчую гаспадарку на больш высокiм ўзроўнi. Бо павялiчваецца кармавая база, i пагалоўе дзiкiх жывёл у "Прыпяцкiм" хутка павялiчваецца. — Добра гаварыць пра экалогiю, калi нешта ёсць "у кiшэнi". Эканомiка дапамагае нам клапацiцца аб прыродзе, — заўважае Сцяпан Бамбiза. — Калi мы ўзялi на баланс сельскагаспадарчы комплекс, вынеслi ўсе жывёлагадоўчыя фермы за межы водаахоўных зонаў i сканцэнтравалi ў тых мясцiнах, дзе гэта не будзе шкодна. Мы разабралiся з браканьерамi. У нас пачала павялiчвацца колькасць рыбы. А яшчэ трэба зарабляць грошы, каб укладаць iх у людзей, iх дабрабыт... Алена Дзядзюля. |