Першая жнiвеньская хваляПершая жнiвеньская хваля Арэнда жылля На працягу вясны i першых двух месяцаў лета на сталiчным рынку арэнды прыватных кватэр назiралася тэндэнцыя на знiжэнне цэннiкаў. Увесь гэты час прапанова iстотна перабольшвала попыт. Цяпер, дзякуючы студэнтам-першакурснiкам, попыт на арэнду жылля ў Мiнску значна павялiчыўся. Знiклi танныя аднапакаёўкi У чэрвенi i лiпенi на сталiчным рынку iснавала пэўная колькасць не вельмi лiквiдных аднапакаёвых кватэр, якiя прапанавалiся будучым кватарантам за 160—180 долараў плюс квартплата. Пачынаючы з другой дэкады жнiўня, такiя цэны на аднапакаёўкi ўжо знiклi. Паводле iнфармацыi начальнiка аддзела арэнды жылля сталiчнага агенцтва "Час пiк" Сяргея Кадолы, цяпер сярэднi кошт арэнды аднапакаёвых кватэр у старых дамах спальных раёнаў i ў новабудоўлях складае 200 долараў. Кватэры ў дамах паблiзу з першай лiнiяй метро i вакол цэтра каштуюць ужо 250 долараў. Цэннiк арэнды двухпакаёвых кватэр павялiчыўся да 250—300 долараў, а трохпакаёўкi прапануюцца за 300-320 USD. Спецыялiст агенцтва падкрэслiў, што агучаныя цэны iснуюць галоўным чынам па тых кватэрах, якiя здаюцца менавiта маладым сем'ям, або адзiнокiм, але не вельмi маладым людзям. Увогуле, сённяшняя практыка паказвае, што каля 60—70 працэнтаў уласнiкаў жылля катэгарычна адмаўляюцца здаваць свае кватэры менавiта студэнтам. З iншага боку, iснуе другая катэгорыя арандадаўцаў, якiя здаюць кватэры выключна студэнтам, але цэннiк у iх ужо зусiм iншы... Кватэра для студэнтаў — мiнiмум 250 USD Сёння жыхары i наведвальнiкi сталiцы заўважылi ў метро, у розных спецыялiзаваных выданнях абвесткi аб тым, што той цi iншы iнстытут цi ўнiверсiтэт шукае кватэры i пакоi для iншагароднiх студэнтаў. Цяпер усё часцей арганiзацыйныя аддзелы навучальных устаноў спрабуюць наладзiць сваю ўласную базу кватэр, якiя здаюцца студэнтам. Толькi самыя вядомыя i буйныя ВНУ сёлета зарэзервавалi для першакурснiкаў кожнае чацвёртае месца ў сваiх iнтэрнатах. Аднак iснуюць i такiя навучальныя ўстановы, якiя ўласных iнтэрнатаў увогуле не маюць. Дэфiцытам iнтэрнатаў у поўнай меры карыстаюцца ўладальнiкi лiшнiх кватэр, для якiх галоўнае — атрымаць максiмальны прыбытак. Так, сёння мiнiмальны кошт арэнды любой па якасцi аднапакаёвай кватэры для трох студэнтаў складае ўжо 250 долараў. Калi аднапакаёўка не вельмi маленькая па плошчы i мае чатыры ложка-месцы, або, калi яна знаходзiцца побач з той, цi iншай ВНУ, то кошт арэнды павялiчваецца да 280—300 долараў плюс квартплата. Галоўным чынам, для чатырох студэнтаў прымальным варыянтам лiчыцца двухпакаёвая кватэра з вялiкай агульнай плошчай у новабудоўлях за 300 долараў або невялiкая "хрушчоўка" ў спальных раёнах за 260—280 долараў. Трохпакаёвыя кватэры для студэнтаў каштуюць ужо мiнiмум 350 долараў. Аднак гаспадары кватэр не заўсёды згаджаюцца пераўтвараць сваё жыллё ў мiнi-iнтэрнат, калi ў кватэры жывуць 5—6 чалавек. Сёння ў базе звестак агенцтваў нерухомасцi штодзённа з'яўляецца каля 30—50 новых кватэр, а засяляецца каля 20—25 чалавек цi сем'яў. Спецыялiсты агенцтваў нерухомасцi ўпэўненыя, што праз тыдзень попыт на арэнду жылля пачне ўжо абганяць прапанову, а ў апошнiя днi жнiўня пачнецца сапраўдны студэнцкi ажыятаж. Эксперты рынку нерухомасцi ўпэўненыя, што ў гэтыя днi кошт арэнды аднапакаёвых кватэр у прэстыжных для студэнтаў месцах можа падскокнуць да 300—350 долараў. Сяргей КУРКАЧ. |