Ці істотна павялічыліся кошты на патрыманыя аўто?
24.09.2010 11:23
—
Новости Авто
|
Расіяне і казахі ўсё ж ламануліся па беларускія машыны. Кошты на аўтамабілі сярэдняй рукі павялічыліся, а запчасткі даражэйшымі не сталі.
1. Прадаўцы падвышаюць кошты з-за новых чутак пра размытнёўку З верасня на беларускіх аўтарынках пачалося якое-ніякое ажыўленне. У параўнанні з летам попыт на машыны павялічыўся, адпаведна кошты таксама пайшлі ўверх. Журналіст "Звязды"вывучаў цэны на аўтарынку "Ждановічы", дзе аўтамабілі звычайна купляюць сярэднестатыстычныя беларусы. - Як правіла, з верасня попыт на машыны павялічваецца на 5-10 %. Прычына ў сезонным фактары. Людзі вяртаюцца з адпачынкаў - як пакупнікі, так і прадаўцы, - тлумачыць механізмы функцыянавання аўтамабільнага рынку Дзмітрый Бражыцкі, намеснік старшыні камерцыйнага аддзела гандлёвага цэнтра "Ждановічы". - Відавочнага падаражэння, што здарылася мінулай вясной, зараз няма. А тое, што здарылася ўвесну, усе памятаюць. Кошты падскочылі з-за размоваў пра новыя мытныя пошліны за ўвезеныя ў Беларусь машыны. Тады наша краіна стварала супольную мытную прастору з Расіяй і Казахстанам, увозныя пошліны павінны былі ўніфікавацца да расійскага ўзроўню. Некаторыя мадэлі маглі падаражэць да 40-50 %. Але новыя пошліны для патрыманых машын з 1 ліпеня 2010 года не ўвялі. Цяпер па аўтарынку "Ждановічы" блукаюць новыя чуткі: страшную размытнёўку ўвядуць ужо з Новага года. - І гэта здарыцца абавязкова! - запэўнівае аўтаперагоншчык Саша. - Мой брат працуе на шынамантажы, у яго абслугоўваецца адзін мытнік, вялікая шышка. Той сказаў: купляйце машыны, таму што з новага года ўвядуць пошліны, як у Расіі... Такія сенсацыі пра падаражэнні на аўтарынках з'яўляюцца штогод. Выгадна гэта ў першую чаргу самім аўтагандлярам, якія такім чынам павялічваюць кошты. З іншага боку, гісторыя пра мытныя пошліны і сапраўды небеспадстаўная, і залежыць яе фінал у першую чаргу ад палітычных адносінаў Беларусі і Расіі. Дарэчы, намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк паведаміў, што змены мытных пошлінаў не прадугледжваюцца прынамсі да 1 ліпеня 2011 года. - Але адзін Бог ведае, што сабе надумаюць чыноўнікі. То павышаюць, то не павышаюць. Вунь як у 2009 годзе з "баксам" здарылася. Хлоп - і за адзін дзень курс на 600 рублёў вырас. Трэба трымаць нос па ветры, — так скончыў размову пра рынкавыя чуткі гандляр Саша. А мне засталося толькі пагадзіцца. 2. На якія машыны падскочыў цэннік? Сезоннае падаражэнне адбілася далёка не на ўсіх мадэлях. Напрыклад, кошты на маленькія машынкі так званага "гарадскога класа" застаюцца на адным узроўні і ў сезон, і ў міжсезонне. Французскае "Рэно Кліа"( 2003 года выпуску, з дызельным рухавіком 1500 см3), як каштавала цягам лета да 5500 долараў, так і каштуе. Усё з-за таго, што такія машыны карыстаюцца малым попытам. А папулярныя мадэлі ў той жа час падаражэлі на 5-10 %. - Што ты на яе глядзіш, курыца? Дадамо тры сотні - і нармальную тачку купім! - сварыцца мужык на сваю жонку, якой спадабаўся знешні выгляд маленькай машынкі "гарадскога класа". І сапраўды, за 5800 долараў можна набыць аўтамабіль гольф-класа "Опель Астра" (2002 года выпуску, з дызельным рухавіком 1700 см3). На гэтай папулярнай машыне падвышэнне кошту адбілася відавочна. Рост склаў каля 6,4 % (прыкладна 350 долараў). Распаўсюджаны бензінавы кампактвэн "Сітраэн Пікаса" падвысіўся ў кошце прыкладна на 400 долараў (6,1 %). А дызельны "Фальксваген Пасат" (1900 см3, 2003 г.в.), пра які мараць многія беларусы, падаражэў амаль на 10 % (у ліпені каштаваў 8200 долараў, у канцы верасня - 9000). 3. Расіяне ўсё ж ламануліся па машыны ў Беларусь Нагадаем, што ўвесну гэтага года многія аўтаперагоншчыкі набывалі адразу па некалькі машын. Спадзяваліся, што з увядзеннем агульнага мытнага кодэкса Беларусі, Расіі і Казахстана прададуць гэтыя машыны рускім і казахам. Мяжы ж не будзе! Агульны мытны кодэкс прынялі, але танныя машыны з Беларусі пускаць у Расію не сталі, пабаяліся пахіснуць мясцовы аўтапрам. Беларускія аўтаперагоншчыкі, якія планавалі абагаціцца, атрымалі страты. Але ў пачатку верасня стала вядома: аказваецца, машыны з Беларусі можна ўвозіць у Расію без мытных пошлінаў. Але ёсць два абмежаванні: а) аўтамабіль павінен быць зарэгістраваны на тэрыторыі нашай краіны да 01.01.2010, б) машыны павінны адпавядаць экалагічнаму стандарту Еўра 4. Такі стандарт можна пацвердзіць у фірмовых аўтамабільных цэнтрах і звычайна яму адпавядаюць дарагія машыны высокага класа. Якраз такіх прадаецца нямала на сталічным аўтарынку "Малінаўка". - Апошнія тры тыдні расіяне і казахі ахвотна купляюць у нас машыны коштам вышэй за 30 тысяч долараў і не раней чым 2005-га года выпуску, - распавядае Генадзь Тарыба, начальнік аўтамабільнага рынку "Малінаўка". - Доўгі час яны стаялі, таму што нашаму беларускаму пакупніку былі не па кішэні. Але цяпер іх разбіраюць, і кошт на такія машыны трошкі павялічыўся. На расійскіх аўтамабільных форумах пакупнікі "беларускіх" машын ахвотна размяшчаюць фотаздымкі свайго "Пашпарта транспартнага сродку", які атрымоўваюць ужо на тэрыторыі Расіі. І ў графе "Мытныя абмежаванні" там сапраўды пазначана - "не ўстаноўлены". 4. Кошты запчастак не павялічыліся У ліпені на старонках "Звязды" прадказвалася асенняе падаражэнне аўтазапчастак. - У краіну ўвезлі зашмат аўтамабіляў, якія хутка пачнуць ламацца. Попыт на запчасткі павялічыцца. А значыцца - і цана, - разлічвалі рынкавыя гандляры. Але ў верасні падаражэння не здарылася. Мы абышлі кропкі на двух сталічных аўтарынках, праманіторылі сітуацыю на іншых гандлёвых аб'ектах, дзе прадаюцца аўтазапчасткі. Кошты нідзе не пайшлі ўгару. АЎТАЖАРТ Калі аўтаперагоншчыкі распавядалі мне пра свае пакручастыя лёсы, то не забыліся давесці такую показку. Паспрабую перадаць яе ў інтэлігентных фарбах. Сыну аўтаперагоншчыка споўнілася 18, прыходзіць ён да бацькі і кажа: - Бацька, мне не хапае ўвагі з боку жанчын. - Сынку, дам табе такую параду. Калі хочаш займацца з дзяўчынай каханнем штоноч, ажаніся. А калі хочаш рабіць гэта штоноч і штодзень - купі патрыманую машыну. Калі здараюцца сезонныя падаражэнні? Кошты павялічваюцца з верасня і трымаюцца да канца снежня. З новага года і да канца халадоў (канец сакавіка) - попыт нізкі, а значыцца - кошт таксама падае. З вясны і да пачатку лета зноўку пачынаецца сезон. З чэрвеня да пачатку верасня - чарговае зацішша. І калі з такім раскладам найбольш выгадна набываць машыну? Вядома, у несезонныя часы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На расійскіх аўтамабільных форумах пакупнікі "беларускіх" машын ахвотна размяшчаюць фотаздымкі свайго "Пашпарта транспартнага сродку", які атрымоўваюць ужо на...
|
|