Ці падаражэлі аўтамабілі з канца лета?. 21.by

Ці падаражэлі аўтамабілі з канца лета?

14.12.2011 10:24 — Новости Авто |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці падаражэлі аўтамабілі з канца лета?


Мы параўналі сённяшнія кошты на патрыманыя нямецкія, японскія і французскія легкавікі з коштамі канца жніўня. Даследаванне праводзілі на буйных аўтарынках, а таксама прагледзелі газетныя аб'явы і нашы аўтамабільныя інтэрнэт-сайты.

Цягам 2011 года "Звязда" ацэньвала беларускі рынак аўто, што былі ў карыстанні. На нашых старонках друкаваліся адпаведныя параўнальныя табліцы. Рабілася гэта дзеля таго, каб ацаніць, ці моцна змяніліся кошты пасля ўвядзення новых мытных пошлін з 1 ліпеня 2011 года.

Для даследаванняў мы выбралі тузін самых папулярных у народзе легкавікоў.

Пазбягаючы бясплатнай рэкламы, на гэты раз не будзем называць канкрэтныя мадэлі. Скажам толькі, што гэта хадавыя ў Беларусі нямецкія, французскія і японскія машыны гольф-класа, сярэдняга класа, мікравэны і ўніверсалы павышанай праходнасці. Як з бензінавымі, так і з дызельнымі рухавікамі. Мы знаёміліся з цэнамі на буйных аўтарынках "Малінаўка" і "Ждановічы", ацэньвалі прапановы на двух найбуйнейшых аўтамабільных сайтах краіны, праглядалі аб'явы ў самай папулярнай аўтамабільнай газеце. Такім чынам, выводзіўся сярэдні кошт канкрэтнай мадэлі.

Натуральна, такое даследаванне не можа прэтэндаваць на "жалезную" дакладнасць. Але яно паказвае прыкладныя тэндэнцыі на беларускім аўтарынку.

Вынікі даследавання

Папулярныя нямецкія аўтамабілі 2003-2006 гадоў выпуску (гольф-класа, сярэдняга класа) у параўнанні з канцом лета гэтага года падаражэлі прыкладна на 5,1%.

У параўнанні з сёлетнім сакавіком (дзейнічалі старыя мытныя пошліны) кошт вырас прыкладна на 8%. Значыць, калі мінулай вясной аўтамабіль каштаваў 10000 долараў, то стаў каштаваць 10800. Пагадзіцеся, вялізным падаражэннем гэта не назавеш.

*  *  *

Хадавыя японскія машыны 2003-2004 гадоў выпуску (сярэдняга класа і ўніверсалы павышанай праходнасці) у параўнанні з канцом лета гэтага года... патаннелі на 0,2%.

У параўнанні з сакавіком 2011 года (вялікія мыты яшчэ не ўвялі) кошт вырас на 3,1%: калі машына ўвесну каштавала 13000 долараў, стала — 13400. Зноў жа вялікім скачком гэта не назавеш.

*  *  *

Папулярныя французскія машыны 2003-2006 гадоў выпуску (гольф-класа, мікравэны) у параўнанні з канцом лета падаражэлі прыкладна на 3,2%.

Калі параўноўваць з мінулым сакавіком — на 11,9%. То бок, калі машына каштавала 10000 долараў ЗША, стала — 11190.

P.S. Чакалася, што пасля ўвядзення новых мытных пошлін амплітуда коштавых змен дасягне некалькіх тысяч долараў. Даследаванне паказала, што кошты на папулярныя ў народзе аўтамабілі пакуль выраслі ненашмат — ад некалькіх соцень долараў да тысячы з лішкам.

Рынак пераарыентаваўся на расіян і казахаў

Чаму, нягледзячы на вялізныя пошліны, цэны на папулярныя аўтамабілі, былыя ў карыстанні, павялічыліся неістотна? Асаблівых капіталаў на набыццё машын беларусы сёння не маюць. Гэта наступствы фінансавага крызісу. 

— Нашы зараз увогуле нічога не купляюць, працуем пад расіян і казахаў, — тлумачыць журналісту "Звязды" аўтагандляр Віталь Голасаў.

— Мой знаёмы хоча прадаць дызельны ўніверсал павышанай праходнасці. Сярэдні кошт у інтэрнэце — 13300 долараў. Як машыну прадаць? — пытаюся ў аўтагандляра.

— Калі яна не праходзіць на Расію, то за такія грошы ён гэту машыну не прадасць. У нас яе рэальна збыць за 11500-12000, не болей. І тое са скрыпам. Кошты ў інтэрнэце і ў газетах — не паказчык. Людзі часам даюць аб'явы на дурніцу...

Журналіст "Звязды" размясціў у інтэрнэце аб'явы па продажы непапулярных у Расіі і Казахстане дызельных аўтамабіляў гольф-класа. Французская машына праходзіла на Расію і Казахстан, нямецкая — не.

Цягам тыдня па "французе" патэлефанавалі тройчы. І ў выніку машына была прададзеная. На другі аўтамабіль увагі ніхто так і не звярнуў. Бо не праходзіла на РФ і Казахстан. Выходзіць, аўтагандляр мае рацыю: беларусы купляць машыны, мякка кажучы, не кідаюцца. А калегі па мытнай прасторы машыны і могуць купляць, і хочуць гэта рабіць у Беларусі.

Сталічны аўтарынак сярэдняга класа "Ждановічы" сёння ў многім працуе для забеспячэння расіян. Ледзь не на кожнай машыне, якія прадаюць прафесійныя аўтагандляры, аб'ява "На РФ".

Яшчэ адна цікавая дэталь. Па маіх назіраннях, многія нашы аўтаперагоншчыкі, якія працягваюць прыганяць машыны з-за мяжы, пераключыліся на нямецкія і японскія малалітражкі ад 2008 года выпуску. Машыны, прыгнаныя ўжо па новай размытнёўцы. І ў пераважнай большасці гэта бензінавыя аўто. Іх кошт вагаецца ад 12500 да 16000 долараў ЗША.

— Мы імкнемся ставіць кошт як мага меншы за той, што ставяць у Расіі, — працягвае аўтаперагоншчык Віталь Голасаў. — Але розніца атрымліваецца невялікая. Аднак казахі і расіяне ўсё адно едуць. Лічаць, што ў нас танней і што ў нас машыны лепшыя, бо дарогі больш гладкія.

Канец дызельнай эры

Яшчэ год-паўтара таму беларусы моцна цанілі менавіта дызельныя машыны. Салярка каштавала дзешавей за 92-гі бензін. А дызельны рухавік аб'ёмам 2000 см3 спажываў на два-тры літры паліва меней, чым бензінавы з прыкладна такім жа аб'ёмам.

Таму машына з дызельным маторам каштавала прыкладна на тысячу долараў даражэй, чым такі ж самы аўтамабіль з падобным па аб'ёме рухавіком бензінавым.

Але новыя дызельныя аўтамабілі сталі вырабляць куды больш дарагімі ў абслугоўванні. Замена двухмасавага махавіка, напрыклад, можа абысціся ў 500-600 долараў. Столькі ж пацягне замена турбіны ці рамонт паліўнай помпы. Замена дэмпфернага шкіфа генератара "высмакча" не менш за 100 долараў ЗША.

Абслугоўванне большасці бензінавых рухавікоў куды больш таннае.

Пакуль яшчэ выхлапныя пахі на аўтарынку даюць зразумець, што дызельных аўтамабіляў прадаецца нямала. Але іх удзельная вага змяншаецца.

А кошты паміж "дызелямі" і "бензінкамі" прыкладна зраўняліся.

Калі раней салярка каштавала меней за бензін, то сёння дызпаліва — на 10,5% даражэйшае, чым Аі-92. І гэтая акалічнасць, падобна на тое, згубна б'е па папулярнасці некалі ўлюбёнай саляркі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы параўналі сённяшнія кошты на патрыманыя нямецкія, японскія і французскія легкавікі з коштамі канца жніўня. Даследаванне праводзілі на буйных аўтарынках, а...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Авто)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика