Хуткімі тэмпамі праходзіць уборачная кампанія ў ААТ «Агратэхсэрвіс». 21.by

Хуткімі тэмпамі праходзіць уборачная кампанія ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

вадзіцель ААТ “Агратэхсэрвіс” Вячаслаў Катовіч

вадзіцель ААТ “Агратэхсэрвіс” Вячаслаў Катовіч

У ААТ “Агратэхсэрвіс” першыя камбайны на ніву выйшлі 13 ліпеня. Уборачную кампанію тут пачалі з абмалоту азімага рапсу. З кожным днём тэмпы жніва ўзрастаюць. На сённяшні дзень на абмалоце азімых зерневых задзейнічаны 6 адзінак збожжаўборачных камбайнаў. Нягледзячы на капрызы надвор’я, аграрыі скарыстоўваюць пагодныя хвіліны, каб убраць збажыну.
Усяго ж агульны клін зерневых і зернебабовых культур па гаспадарцы складае 3342 гектары. Гэта самая вялікая плошча сярод астатніх сельгаспрадпрыемстваў раёна, якая падлягае ўборцы.
Напрыканцы мінулага тыдня збожжаўборачныя камбайны сельгаспрадпрыемства кіраўніцтва гаспадаркі сканцэнтравала ў аддзяленні Вялікае Сяло. На 48-гектарным полі каля вёскі Баяршчына абмалочвалі азімую пшаніцу. Тут жа знаходзіўся аграном аддзялення Аляксандр Пугаўка.
— Праблем асаблівых на жніве ў нас няма, — кажа Аляксандр Уладзіміравіч. — Тэхніка не прастойвае з-за адсутнасці паліва, яно заўсёды ёсць у наяўнасці, паломкі камбайнаў здараюцца рэдка. Вось толькі “нябесная канцэлярыя” раз-пораз уносіць свае карэктывы ў нашу работу. Па аддзяленні пасеяна 386 гектараў азімай пшаніцы, 256 — трыцікале, 135 гектараў займае ячмень. Гэта не вельмі многа, калі ўлічваць той факт, што камбайнеры працуюць бездакорна і сумленна.
Тым часам на поле пад’ехаў грузавы МАЗ, за рулём якога знаходзіўся Вячаслаў Катовіч. Пакуль была вольная хвіліна, мы пагутарылі з вадзіцелем “дваццацітонніка”.
— За рулём аўтамабіля знаходжуся ад цямна і да цямна, — крыху кажа Вячаслаў. — На перапынак амаль няма часу, бо два аўтамабілі сапсаваліся. Цяпер на адвозе зерня толькі тры МАЗы. Адлегласць да зернесушылкі, якая размяшчаецца ў Шаркаўшчыне, даволі значная, таму затрачваем лішнія хвіліны на транспарціроўку.

Нібы карабель плыве па пшанічнай ніве камбайн Андрэя Корсака

Нібы карабель плыве па пшанічнай ніве камбайн Андрэя Корсака

Неўзабаве на камбайнах Валерыя Александровіча і Віктара Баранчукова заззялі аранжавым святлом электрамаякі. Значыць, бункеры цалкам напоўніліся збожжам, якое залацістымі струменямі пасыпалася ў кузаў аўтамабіля. Некалькі хвілін — і Вячаслаў, завёўшы рухавік свайго МАЗа, адпраўляецца ў чарговы рэйс, каб адвесці збожжа на сушылку і зноў прыехаць пад чарговую загрузку.
Па стане на 3 жніўня ў ААТ “Агртэхсэрвіс” абмалочана 403 гектары або 12,1 працэнта да запланаванага. Сярэдняя ўраджайнасць складае 27,4 цэнтнера з гектара. Як мяркуюць кіраўніцтва, спецыялісты гаспадаркі і самі хлебаробы, уборачную кампанію тут павінны правесці ў тэрмін і без страт.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика