Источник материала:
Тынкоўшчыкі Аляксандр Дромантас і Дзмітрый Салачонак
Будаўнік — прафессія масавая і вельмі патрэбная грамадству. Яе прадстаўнікі карыстаюцца стабільным попытам на рынку працы. У шэрагу самых запатрабаваных прафесій будаўнік трывала займае пазіцыі залатой сярэдзіны.
— Будаўнічая галіна Шаркаўшчынскага раёна прадстаўлена перасоўнай механізаванай калонай № 68, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Валерый Казлоўскі. — На сённяшні дзень гэта адзіная арганізацыя, якая займаецца ўзвядзеннем новых і рамонтам існуючых будынкаў у нашым рэгіёне, а таксама за яго межамі.
Сёлета шаркаўшчынскія будаўнікі працуюць на субпадрадзе ў Глыбоцкай ПМК-48 на ўзвядзенні шматкватэрнага пяціпавярховага жылога дома на завулку Даватара ў гарадскім пасёлку. Акрамя гэтага, спецыялісты арганізацыі задзейнічаны на вызначаных відах работ на памежным пераходзе “Урбаны” Браслаўскага раёна, у самім Браславе, у Міёрах, Верхнядзвінску. Канечне, у цяперашні час даволі складана канкурыраваць на будаўнічым рынку краіны, калі паўсюдна патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты. Тым не менш, мы заўсёды клапоцімся пра тое, каб Шаркаўшчынская ПМК-68 мела аб’ёмы работ, штат спецыялістаў арганізацыі пашыраўся, умацоўваўся і калектыў рос прафесійна.
— На сённяшні дзень у нашай арганізацыі працуюць 72 чалавекі, — прадаўжае размову начальнік ПМК-68 Васілій Зубовіч. — Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, сёлетні год для нас складваецца з эканамічнага боку нядрэнна. У арганізацыі няма страт, працуем мы апошнім часам з прыбыткам. Усе работнікі своечасова атрымліваюць заработную плату. Яе сярэдні памер складае 650—670 рублёў. У хуткім часе брыгады цесляроў, муляроў і аддзелачнікаў прыступяць да работы на будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома ў Шаркаўшчыне. Аб гэтым ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам Глыбоцкай ПМК-48.
Нашы будаўнікі задзейнічаны і за межамі раёна. Трэці год запар шаркаўчане працуюць на рэканструкцыі памежнага пераходу “Урбаны” Браслаўскага раёна. У самім Браславе мы праводзім капітальны рамонт будынка Белаграпрамбанка. У Міёрах працуем на завяршэнні ўзвядзення 40-кватэрнага жылога дома, здача ў эксплуатацыю якога плануецца на верасень сёлетняга года. Там на субпадрадзе ў Браслаўскай ПМК-42 працуюць нашы муляры. Плануем на дадзеным аб’екце арганізаваць вахтавую работу тынкоўшчыкаў. У Верхнядзвінску на цэнтральнай кацельні масласырзавода выконваем агульнабудаўнічыя работы: рамантуем бытавыя памяшканні, ставім дзверы, вокны, узводзім дах.
У будучым плануем працаваць у Браславе на заканчэнні ўзвядзення шматкватэрнага дома. Усе мы разам прыкладаем максімум намаганняў, каб для працаўнікоў арганізацыі заўсёды былі пэўныя аб’ёмы работ, каб спецыялісты ПМК-68 былі запатрабаваныя на рынку працы і мелі дастойную заработную плату.
Пётр Бруйка і Сяргей Дземідовіч займаюцца рамонтах даху на кацельні Верхнядзвінскага масласырзавода
Валерый Венядзіктавіч і Васілій Канстанцінавіч віншуюць з прафесійным святам ветэранаў будаўнічай галіны Шаркаўшчынскага раёна, якія ўнеслі важкі ўклад у станаўленне і развіццё арганізацыі. Зычаць ім трывалага здароўя і доўгіх год жыцця! Сённяшнім будаўнікам яны жадаюць поспехаў у працы, сямейнага дабрабыту, кар’ернага росту і матэрыяльнага дастатку!
Сяргей РАЙЧОНАК.