Памерла апошняя прадстаўніца роду Луцкевічаў
21.10.2009 17:59
—
Новости Культуры
|
Сёньня ўраньні ў Санкт-Пецярбургу (Расея) на 99-м годзе жыцьця памерла Марыя Чапялёва (з Шабуняў). Яе маці Эміля была роднай сястрой слынных дзеячаў беларускага адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў.
Яна нарадзілася 16 студзеня 1911 г. ў горадзе Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і інжынэра-чыгуначніка Алеся Шабуні і выпускніцы беластоцкага інстытуту шляхетных дзяўчат Эмілі Луцкевіч. У 1916-м сям’я пераехала ў Менск. Тут Марыя скончыла мэдыцынскі інстытут, пасьля чаго разам з групай сяброў была арыштаваная і абвінавачаная ў антысавецкай прапагандзе. Асуджаная ў 1936-м на тры гады лягераў, яна ніколі ўжо не змагла вярнуцца ў Беларусь і нават цягам дваццаці гадоў ня ведала пра лёс маці і сястры Яніны (бабулі славутага сьпевака Данчыка), якія падчас вайны выехалі за мяжу. Усё пасьлялягернае жыцьцё спадарыня Марыя працавала лекарам у Манчагорску Мурманскай вобласьці. Распавядае дачка Маргарыта Пярова: “Мама была вельмі адданая сваёй працы. У хаце ў нас размаўлялі толькі пра лекі і хворых. Мама працавала і ўдзень, і ўвечары, і ноччу яе выклікалі”. Пасьля выхаду на пэнсію ў 1973 годзе яна пераехала да дачкі ў Санкт-Пецярбург і актыўна ўключылася ў жыцьцё беларускай грамады, а пазьней і таварыства ахвяраў сталінізму “Мэмарыял”. Спадарыня Пярова працягвае: “Нягледзячы на сталыя гады, на перажытае ў лягерах, яна была вельмі мабільная. Чатыры гады таму мы сьвяткавалі беларускай грамадой яе 95-годзьдзе. Сабралася шмат людзей, прыяжджаў Данчык. Так было прыгожа, так было цудоўна. Яна так добра выглядала, такая маладая. Побач зь ёй людзі проста лепшымі станавіліся. Нейкае сьвятло ад яе было. Што цёця Яня, што мама - гэта такая шляхетнасьць, якой ужо няма”. Шматгадовае сяброўства з нашчадкамі Луцкевічаў зьвязвае Ірыну Ніжанкоўскую, унучатую пляменьніцу першага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Ўласава і падчарку мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча. Разьвітаньне з Марыяй Чапялёвай для яе - разьвітаньне з цэлай эпохай першых беларускіх адраджэнцаў: “Яна была апошняй з таго старэйшага пакаленьня, каго я ведаю, зьвязаных зь беларусамі. Наша сям’я больш веку сябравала зь сям’ёй Луцкевічаў. І гэта сяброўства наша працягваецца. Першы раз я пазнаёмілася з Марыяй Аляксандраўнай у Радашкавічах, куды яна прыехала са сваім стрыечным братам Лявонам Луцкевічам да маёй мамы. На жаль, пазьней нашы спатканьні былі больш сумныя. Некалькі разоў я зь ёй спатыкалася ў Вільні. Разам былі на пахаваньні Зоські Верас, Юркі Луцкевіча. Пару гадоў таму я адведала гасьцінны дом Марыі Аляксандраўны ў Пецярбурзе, і яна мяне ўразіла, што ў такім ужо веку сталым, каторая прайшла такое цяжкое жыцьцё, яна была вельмі аптымістычная, любіла пасьмяяцца, пажартаваць, была такая вясёлая”. У Марыі Чапялёвай засталіся дачка Маргарыта і двое ўнукаў - Натальля і Павал. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яе маці Эміля была роднай сястрой слынных дзеячаў беларускага адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў
|
|