Марыя Роўда. Беларускі бальзам. 21.by

Марыя Роўда. Беларускі бальзам

07.03.2010 19:34 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апавяданне.

Гэны чалавек адняў акно, што выходзіла ў дварышча. Рама трымалася на трох цвіках і ўжо сама выпадала раз‑другі ўлетку. Люба нават дзівілася, як гэта яшчэ ніхто да іх не ўлез у хату. Асабліва парачка мясцовых алкаголікаў — заўсёды без грошай, засмяглых, прагных выпіць. Іх далікатнасць пераўзыходзіла ўсе межы: у Любы грошай не пазычалі, мыла з падворка не кралі (у той час, як на гэта скардзіліся ўсе суседзі). Адзінае, хоць калі прасіліся, каб Люба адвезла іх на сваёй машыне за бырлам у суседнюю вёску. Аўтамабіль яе, чырвоны «Форд Ка», яны празвалі божай кароўкай. Відаць, ім падавалася стылёвым пад’язджаць на гэткай адмысловай цацачнай машынцы да крамы, на зайздрасць усім іншым засмяглым хадакам.

А пачалося ўсё з таго, што суседзі‑алкаголікі перанялі неяк Любу ў Святках ля дзяржаўнай крамы. (Сама Люба закуплялася ў прыватнай крамцы «Алеся».) Галя з Валерам літаральна перакрылі целамі вузкую дарогу, расставіўшы ў бакі рукі. Звярнуць можна было толькі ў плот настаўніка малявання, таму жанчына мусіла спыніцца і запусціць пошасць у аўтамабіль. Парачка расцвіла. Кланяліся, усміхаліся шчарбатымі ратамі. Валера пачаў разувацца, стоячы на пяску. Люба запратэставала, але Галя таксама скінула гумовыя боты — у раблёных шкарпэтках з асцём і саломай палезла ракам праз пярэднія дзверы на задняе сядзенне. Селі, паехалі. Галя з Валерам радаваліся, як мурзатыя вясковыя дзеці. Распавядалі пра дачку (Любіну сяброўку дзяцінства), пра сваіх шасцярых унукаў, пра маленькага сына, аддадзенага на выхаванне талкаўнейшай за бацькоў дачцэ. Звычайнае кіно: алкашы вядуцца ў любым веку, як трусы, а нармальныя людзі вылічваюць дні авуляцыі, п’юць вітаміны, вядуць стэрыльны лад жыцця і ніяк не народзяць.

Тая іх паездка выклікала ўсеагульнае спачуванне да Любы з боку суседзяў і сяброў. Кожны другі дзелавіта пытаўся: «У машыне не смярдзіць?» «Не, — адказвала пацярпелая. — Муж прапыласосіў і памыў. Здымаў нават сядзенні. Знайшоў нямецкую яшчэ чайную лыжку і пяцьдзесят еўрацэнтаў». Рэагавалі амаль аднолькава: «Лепей пашукаў бы, дык і каску б нямецкую знайшоў». Але мыццё гэнае было часткова дарэмным. Галя з Валерам ператварылі добрасуседскія адносіны ў тэрор: часта яе не турзалі, але раз на тыдзень настойвалі на сумеснай вылазцы ў краму. «Хоць бы грошай не прасілі, — падбадзёрвала сябе Люба, — а то мы самі жабраваць пойдзем».

Хутка пачаліся пазачарговыя просьбы. Неяк раніцай Люба мыла ў сенях галаву. Ведаючы, што ў вёсцы амаль нікога няма, бо ўсе бабкі сядзяць у лісічках, сені яна не зачыніла. Калі ў дзвярах з’явілася Галя, дзяўчына ажно здрыганулася. Было ад чаго: мала таго, што яна спужалася, дык яшчэ і здзівілася. Да вяселля іх трэцяга сына заставаўся яшчэ ты¬дзень, але Галя была акуратна прычасаная, умытая, апранутая ў чыстую светлую крымпленавую сукенку. На ёй былі блакітныя баваўняныя шкарпэткі і белыя басаножкі. Без каросты на твары суседка выглядала як тыповая сібірачка з Алтайскага краю. Люба стаяла, разявіўшы рот, і вада з мокрых валасоў цякла на плечы і станік.

Галя сціпла прысела ў дварышчы на лаве. У руках яна сціскала рудую сумку — яшчэ гадоў дзесяць таму з такімі сумкамі бабкі ездзілі ў райцэнтр па хлеб і цукар.

— Мыешся?

— Мыюся.

— І я сёння галаву мыла.

— М‑м.

— Давай з’ездзім у Святкі.

— Я ж мыюся.

— Ты ж ужо шампунь змыла.

— А я яшчэ бальзамам намажуся.

— Ну, дык і яго некалі змыеш.

— Чакаць трэба.

— Я пачакаю.

— Мне яшчэ сохнуць.

— У цябе ж у машыне печка.

— Усё роўна. Я мокрая не паеду.

— А я пазней падыду.

— Бензіну мала.

— …

— Грошай няма. Грошы ў мяне адкуль? Я ж грыбы і ягады не здаю.

Галя, здаецца, пераканалася, што на¬дзея на транспарт не спраўдзіцца. Неяк бокам устала з лавы, як быццам абмякла, аплыла ўся ўнутры сваёй параднай сукенкі, у задуменні папаўзла з дварышча. Праз паўгадзіны яна ўжо дзяўблася ў бок Святак у сваім звычайным вобразе: спартыўныя штаны, расцягнуты сіні гольф, брудная цёплая хустка на галаве, на нагах гумовыя боты. Люба думала, што памрэ ад сораму: чалавек, можа, новае жыццё збіраўся пачаць, а тут такі нядобрасуседскі аблом. «Няўжо я зброя цемры на гэтым свеце?» — жахалася Люба і папівала з васьмідзесяцігадовай сваячкай Рэняй свежавыціснуты парэчкавы сок.

Праз колькі хвілінаў хату мінуў змрочны Валера. «Во, адзеўся, як настаўнік! У чорным пінжаку, у крэмавых нагавіцах! Сэканд‑хэнд ім на дзяцей прысылаюць! Далібог, як польскі кавалер! Хоць ты кніксэн перад ім рабі. Я ў польскую школу хадзіла, шэсць класаў скончыла. Мяне настаўнікі любілі, далей вучыцца клікалі, але я часта хварэла. Ды ў нас зямлі было! Трэба ж некаму рабіць. Дзеўка павінна была ткаць і прасці, а не кніжкі чытаць. Я па‑польску вершы ўмею. А за саветамі я непісьменнай лічылася», — затараторыла баба Рэня. «Валера ж Галю з Сібіры прывёз, — без пераходу працягвала сваячка. — Ён раней у Мінску жыў, жонку меў, кватэру і дзіцё. Казаў, на дошкі нейкія на танцы хадзіў. Вось праз дошкі гэныя і разышоўся. За аліменты яго ў калонію ўпяклі. А там ён з Галяй распісаўся і з двума дзецьмі яе сюды прывёз. Наташа з Мішкам не ягоныя, у іх сваіх толькі двое. Во як жыццё, бывае, павернецца. І я школу не скончыла. А настаўнік да мяне прыходзіў, угаворваў. Пераконваў бацьку: «Чловекем бэндзе!» Была б зараз настаўніцай, як ты». «Настаўніца ўжо даўно за чалавека не лічыцца», — хацела супакоіць бабку Люба, але вырашыла не разбураць чароўнай мары старой.

Увечары яны з мужам пілі гарбату і гаманілі пра здабыткі дня. Муж Віктар быў гісторыкам, працаваў на кафедры ва ўніверсітэце. Пасля абароны дысертацыі змог нарэшце спакойна заняцца любімай справай: ездзіў па навакольных вёсках, паданні запісваў, корпаўся ў курганах ля Княжына. У яго ўжо склалася свая паралельная гісторыя гэтага краю, і Люба ўважліва слухала пра неверагодныя выкрунтасы людзей і часу. Жонка любіла такія расповеды, ахвотна ездзіла з Віктарам на ровары да старэнькіх апавядальнікаў з напаўжывых падслепаватых вёсак, але курганы рушыць баялася. Нягледзячы на свой халодны навуковы розум, яна верыла ў містычных ахоўнікаў гістарычных месцаў. Пераказвалі, што яе прадзед бачыў ноччу ля Княжына дзяўчыну ў белым, а ў Матусевічах пераймаў людзей прывідны чорны чалавек у капелюшы. Не, лепей ужо жывыя суседзі‑алкашы, чым гэныя здані.

Нечакана з вуліцы Любу паклікала жанчына. Праз фіранкі і прыцемак не відаць было, хто гэна, толькі вылучаўся сілуэт у яскравым чырвоным швэдары. «Бабы Рэні дачка,» — здагадалася Люба і, не марудзячы, адчыніла акно. Жах! Гэна зноў была Галя. Вясёлая, прыязная. «Не пакрыўдзілася», — суцешылася Люба. «Грошай папросіць, — прашаптаў Віктар. — Прыгрэла алкалоідаў!»

— Любка! Я пытацца прыйшла. Як па‑беларуску «жаворонок» будзе? Я ж сама з Расіі. Песня ёсць такая: «Жаваранак звініць і плача». А Валерка кажа «жаўрук».

— Жаўрук. Так і ёсць — «жаўрук». Але песню я не ведаю. Я рок слухаю.

— А‑а. А мы сядзім, вершы адзін аднаму расказваем, пяём. Ну, я пайду. Во Валерка! Во разумны! Ледзь не такі прахвесар, як ты.

— Я не прафесар, я дацэнт. І тое — не па званні, а па пасадзе. Гэта благая прыкмета — званне накідаць. Сурочыш.

— Ой, складанае ў цябе жыццё, Любка. Жаўрук. Ха‑ха. Ну, я пайду.

«Бачыш, — паддражніла мужа Люба. — Вершы расказваюць, пяюць. А мы развялі тут з табой гістарычную трупярню».

На наступны дзень Галя з Валерам зніклі з вёскі. На вуліцы не з’яўляліся, за бырлам ехаць не прасіліся. Нехта меркаваў, што яны выправіліся да сына, дапамагаць рыхтавацца да вяселля. Іншыя, як баба Рэня, лічылі, што алкашы проста не вытрымалі і закупілі выпіўкі на сабраныя з ягад грошы для сына. Вокны ў іхняй хаце былі завешаныя, а праверыць, засунутыя дзверы на засаўку знутры ці замкнёныя на замок знадворку, нават шпіёнкі‑бабкі не парупіліся. «Хоць бы яны там жывыя былі», — нервавалася Люба, але ў астатнім бестурботна дажыла апошні тыдзень вакацый, у той час як Галя з Валерам нема і зацята прапівалі на падлозе ў хаце вясельны падарунак сыну.

Калі адпачынак скончыўся, Люба з Віктарам выправіліся ў горад. Спа¬дзеву на хуткае вяртанне не было, бо працавалі сем дзён на тыдзень. Пасля параў у суботу не мела сэнсу некуды далёка кідацца, і Віктар лічыў за шчасце пасядзець у архівах, а Люба нават у ня¬дзелю сустракалася са сваімі аспірантамі і магістрантамі. Да таго ж увосень у горадзе віруе свецкае жыццё. Усе свежанькія і творчыя пасля адпачынку — так і струменіць крэатыў, толькі паспявай перабягаць ад музея да тэатра.

Але неспадзеўна верасень пайшоў па іншым сцэнары. Упершыню за пятнаццаць гадоў працы расклад у абаіх зрабілі такі, што ў суботу не было параў. І хоць начальства ўважліва сачыла за выкананнем кантракта і папярэджвала, што шэсць дзён на тыдзень раб‑выкладчык павінен знаходзіцца ў пятнаццаці хвілінах язды ад універсітэта, Люба з Валерам вырашылі рызыкнуць — ездзіць па выхадных на лецішча ў вёску. «Зараз людзі яшчэ ні бульбы не бяруць, ні гародаў не парадкуюць. Ягады адышлі, восеньскія грыбы не прымаюць. Я шмат чаго змагу запісаць. Зацішна, сентыментальны вераснёўскі настрой — у старых языкі развяжуцца», — марыў Віктар. «Мая прафесарка з Масквы палову былога Саюза на лецішчы кансультуе, а потым два дні на тыдзень такія лекцыі чытае, якія ў нас дакладна не пачуеш. І ніхто не загадвае ёй бязвылазна сядзець на кафедры», — бухцела Люба. «Прарвемся. Ад нашай кватэры на ўскрайку столькі ж ехаць да ўнівера, колькі адсюль з перавышэннем хуткасці на якіх‑небудзь дзесяць кіламетраў», — падбухторваў яе Віктар. «А калі пазногці будуць брудныя, адзежа прасмердне печкай?» — вагалася Люба. «Слухай, твая загадчыца не Шэрлак Холмс. Да таго ж ты сама казала, што яна сама ніколі пазногці не фарбуе. Можа, яна цябе нарэшце палюбіць?» — пасмяяўся муж.

Вырашана было ў пятніцу пасля заняткаў заскокваць у машыну і мчаць за горад. Аспіранты‑магістранты мусілі адрывацца ад падпрацовак і абурана выпраўляцца на кансультацыі да Любы сярод тыдня, а архіў — чакаць зімы і змены раскладу. А трэцяй гадзіне дня Люба ўжо зарульвала на святкаўскае скрыжаванне ля дзяржаўнай крамы. Яна ўспомніла пра Галю з Валерам і тую летнюю засаду, а заадно і пра тое, што ў хаце няма запалак.

Люба спынілася ля распіснога плота настаўніка малявання і пабегла ў краму. Тая, дзякуючы суседзям, асацыявалася ў яе выключна з бырлам. Мясцовыя п’яніцы, што яшчэ не зусім адпілі мазгі, нават мелі ў краме крэдыт і вярталі грошы з палучкі альбо са здадзеных чарніц і лісічак. Таму, купляючы запалкі, Люба міжволі кінула позірк на паліцу з алкагольнымі напоямі і здзівілася, убачыўшы на ёй «Беларускі бальзам». П’яніцы такога не пацягнуць па грашах альбо проста пагрэбуюць, бо п’юць, па іх меркаванні, нармальнае віно. Здаецца, «Беларускі бальзам» быў выстаўлены на продаж спецыяльна для такіх вытанчаных вераснёўскіх пакупнікоў, як Люба. Для такіх, што звараць сабе добрай кавы, дададуць туды кроплю бальзаму, сядуць ля печкі і будуць чытаць навуковы часопіс або разумную кніжку ці балбатаць па мабіле з якім‑небудзь мінскім інтэлектуалам альбо калегай з Берліна. Зачараваная ўласнай выкшталцонасцю раба‑выкладчыца, што ўцякла на выходныя, узяла бутэльку бальзаму і дома з гонарам паставіла яе ля кафейнага сервіза з кельцкім арнаментам. Але кавы яна не папіла ні ў гэны, ні на наступны дзень.

Спачатку бліжэй да вечара скончыўся газ — да Радаўніцы яны не збіраліся вяртацца ў вёску і не замовілі новы балон. Проста заліваць каву кіпенем з электрачайніка Люба палічыла плебействам і падрыхтавалася трываць цяжкасці, пакуль не прывязуць электраплітку бацькі. Тыя, па шчаслівым супадзенні, вырашылі якраз прыехаць у грыбы.

Назаўтра раніцай перагарэлі пробкі, і Люба з Віктарам, паснедаўшы сухапярам бутэрбродамі, выправіліся ў азызлы лес, малюючы ва ўяўленні сваё бясслаўнае вяртанне ў межы «пятнаццаці хвілінаў язды». Поўныя кошыкі тугіх баравікоў неяк суцешылі іх, але халодная драбніца прабівала на кашаль. Люба баялася захварэць і пачала прыкідваць, як бы папіць гарачага. Пайсці да бабы Рэні папрасіць гарбаты? Але ў вёсцы свае законы — падумаюць, што яна напрошваецца паесці або ўвогуле звар’яцела: ходзіць да паўдня ў госці, просіць гарачага папіць. Зазірнуць да Галі з Валерам? Але ці вядзецца ў іх што ў гаспадарцы, акрамя бырла, ды ці ў вёсцы яны — можа, ужо балююць дзе ў Святках? Люба пачала ціха падвываць і скардзіцца Віктару на нягоды. «А ты выпі бальзаму, — прапанаваў ён. — Там зёлкі ёсць — гэта лячэбная рэч. І моцная. Дапаможа». Люба пасмактала грамаў дваццаць таго напою. І праўда, зрабілася цяплей, і горла ўжо не балела. Прыехалі бацькі з сябрамі, прывезлі замоўленыя пробкі і электраплітку. Пачалося бясконцае перабіранне грыбоў, варка супу, і за агульным тлумам да кавы ля печы справа ў гэны дзень ізноў не дайшла. Пастаўленая на старую абшытую дрэвам лядоўню «Снайге», бутэлька з бальзамам была забытая на паўгода. Толькі хоць калі зімой Люба ўзгадвала пра яе ў горадзе. Добра было б, замест таго каб на парах сядзець, пакатацца на лыжах у вёсцы: тая нявыпітая кава з бальзамам альбо гарбата з духмянага малінніку…

І вось сталася так, што гэны чалавек адняў раму ад дварышча, адчыніў фортачку, дастаў цвік і выняў унутранае акно. Перакінуў тулава на падваконне, удыхнуў пах чыстай бялізны з шафы, ляжалых посцілак і пагрызеных мышамі шпалераў. Раней у малым пакойчыку стаяў ля акна жалезны ложак. У дзяцінстве Любе падабалася ляжаць на ім, трымацца рукой за металічную шышку на брыжы, слухаць лета. Як куры квокчуць, пчолы гудуць, дзеці смяюцца, калодзеж рыпіць. Гадоў у дзесяць, лежачы на тым ложку, Люба чамусьці наважылася сама сабе адказаць на пытанне, ці ёсць Бог. Невядома чаму, ёй так закарцела разабрацца з гэтым, але кожны дзень яна сядала з пазакласным чытаннем на ложак, прыслухоўвалася да наваколля, да сваіх думак, сагравала рукой металічны набалдашнік і пыталася ў сябе: «Ці ёсць Бог?» Тады яна вырашыла, што Бог ёсць. Беспадстаўна, бяздоказна — проста прыняла ў сябе гэты пастулат і ніколі ў ім болей не сумнявалася.

Цяпер ложак пераставілі да сценкі і на яго месцы стаяў нізкі фатэль. Ніхто ніколі не сядзеў у ім, бо пачытаць кніжку ўсё роўна любілі на тым самым ложку, як ва ўтульнай норцы — ложак быў часткова застаўлены шафай. На фатэлі складалі коўдры і посцілкі, і чалавек гэны мякка спусціў на іх ногі ў запэцканых граззю гумовых ботах.

Ён толькі што быў у Галі з Валерам, мірна выпіваў, абыякава аглядаў іх голую хату, ведаючы, што там няма чым парадаваць сваю клептаманію. Жыў Юрка ў суседняй вёсцы на звалцы, бо бацька прагнаў яго з хаты за штогадовыя судзімасці, п’янства і зладзеяватасць. А што ў вёсцы красці, чым наталяць сваю асацыяльную прагу? Вось хата адна нядаўна гарэла — толькі і радасці, што нацягаў сабе потым у логава абгарэлага рыззя. Вяртацца туды проці ночы не хацелася, мучыў голад, карцела яшчэ выпіць. Галі з Валерам ужо нямнога было трэба — пастарэлі. А яму яшчэ дваццаць пяць — малады арганізм просіць добра выпіць і закусіць.

Юрка паспрабаваў раскруціць сяброў на працяг балявання. Гаспадары аднекваліся, хіліліся да брудных падушак. Госць разважаў уголас, да каго б яшчэ прыбіцца, дзе б пажывіцца. Валера, ледзьве вяжучы лыка, узгадаў Любу: «Вось каб нам божую кароўку сюды ды ў Святкі пракаціцца — з музыкай, уключыўшы печку». Юрка зацікавіўся, што за божая кароўка такая. Разамлелыя, Галя з Валерам яшчэ болей расплыліся, перанесліся ў думках у летняе цяпло. Вяла, з усмешачкай Валера распавёў Юрку пра суседку. Той не верыў вушам: зусім побач, за трыццаць метраў стаяла хата, поўная райскіх дабротаў, а ён нудзіўся тут, у галяку. Разамлелыя сябры‑сабутэльнікі ўжо не цікавілі і не раздражнялі яго. Ён адчуваў у сабе хваравіты гон, які беспамылкова дапамагаў яму знайсці гадзіннік у раз¬дзявалцы, пакуль аднакласнікі былі на фізкультуры, адшукаць слоік агуркоў у суседкі ў сенях ці бутэльку гарэлкі, прыхаваную аднавяскоўцам да пасадкі бульбы. Юрку няважна было, што гадзіннік у яго адбяруць на наступным уроку, што за слоік ён атрымліваў таўкачом па карку, а за гарэлку — і ў вуха кулаком, бо ніколі не ўмеў хаваць крадзенага ці талкова скарыстацца са свайго нешчаслівага таленту.

І вось ён выйшаў з маленькага пакойчыка ў гэну хату. Тут было чыста, на падлозе ляжаў новы зялёны дыван, раскла¬дзеная канапа была засланая посцілкай, шытай з сотаў‑кавалачкаў штучнага футра (след маніі, якая ахапіла іх вёскі гадоў дваццаць таму). На журнальным століку быў абы‑як нагрувашчаны стосік кніжак. На сценах, у серванце меліся фатаграфіі розных гадоў і, па вялікім рахунку, цяжка было зразумець, хто жыве ў гэтым доме: ці якая‑небудзь бабка, ці дачнікі. Юрка адчыніў белыя дзверы і ўвайшоў у гэту хату. Смярдзела халоднай печкай, па падлозе і працёртым дыване ішлі белыя пісягі — відаць, мышы цягалі аднекуль муку. Ён прайшоўся па мышыных слядах — так і ёсць. На маленькай рудой лядоўні стаяў прагрызены пачак мукі, трохлітровы слоік закатанага салёнага сала і амаль поўная бутэлька «Беларускага бальзаму». Жыццё расквецілася фарбамі. Тут — Юрка ведаў — ніхто не мог схапіць яго за руку, вырваць з рота кавалак сала, запатрабаваць падзяліцца пітвом. Усё гэта было нічыйным. Нічыйным, бо і хата была не хата, а нейкае лецішча. І жыццё людзей тут было не сапраўдным, а лялечным — далёкім ад усіх вясковых клопатаў, кшталту сена, дроваў, бульбы, пасты, свіней і бясконцага летняга збірання грыбоў‑ягадаў. Таму можна было не адчуваць згрызотаў сумлення, а ўявіць сябе сытым дачнікам, чужынцам у вясковым свеце, і з асалодай выпіць ды закусіць.

Юрка сеў да стала. Дастаў з шуфляды адкрывалку, пагартаў знойдзены там жа блакноцік з рысачкамі‑працаднямі і запісамі кшталту «11‑га кідалі гной у Восаве». Абыякава засунуў шуфляду, апусціў цыратку. Наліў бальзаму ў кубак з нейкімі калючкамі ва ўзоры. Каўтнуў напою. Пасмактаў ягоную горыч, вязкасць. Адкрыў слоік, уцягнуў носам пах часнаку, адгрыз кавалак сала. Бальзам выпіў увесь. Зняў з тумбачкі вышываную сурвэтку, абгарнуў ёй слоік, засунуў пад паху. Перайшоў у гэну хату, лёг у ботах на канапу, павалозіў шчакой па штучным футры і заснуў.

Прачнуўся рана — якраз каб сысці незаўважаным. Прыхапіў з сабой футраную посцілку і слоік з салам. Ціхенька зачыніў акно. Другую раму акуратна паклаў на дах маленькай пісклятні, прыбудаванай да істопкі. Юрка быў задаволены сваім дачным досведам. Валерава «божая кароўка» не расчаравала. Ён ведаў, што няхутка сюды вернецца, бо шчасце лепей не шукаць на старым месцы. Гародамі Юрка пашыбаваў далёка ў поле, каб выйсці на дарогу ля моста і каб ніхто не змог западозрыць, дзе прабавіў ён гэтую ноч, і не збунтаваў яго па‑зладзейску прыдбаную асалоду.

Юрка не ведаў, што ў яго ёсць яшчэ тыдзень часу. Сем дзён да Радаўніцы, пакуль не прыедуць гаспадары хаты. Пакуль не здзівяцца пустой бутэльцы на стале, не схопяцца посцілкі, не заўважаць адсутнасці другой рамы, не заявяць у міліцыю. Пакуль Люба не расплачацца, што згвалцілі яе родны дом, у якім яшчэ ніколі за жыццё ўсіх пакаленняў не адбылося ніводнага злачынства. Пакуль міліцыя, стомленая тупасцю Юркі, не знойдзе ў яго бярлозе на звалцы скрадзеныя ў гэтых вучоных шызікаў рэчдокі.

А Юрка будзе жыць цэлы тыдзень бесклапотным дачнікам і звысоку паглядаць у Святках на Галю з Валерам, калі тыя, абняўшыся, прыйдуць купляць нармальнае віно.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика