Барадулін: ”Калі паміраеш – не адчуваеш смерці…”. 21.by

Барадулін: ”Калі паміраеш – не адчуваеш смерці…”

09.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Народны паэт Беларусі пасля трох тыдняў у рэанімацыі даў першае інтэрвю.

Паведамленні пра тое, што народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін патрапіў 14 лютага ў рэанімацыю, моцна напалохалі ягоных прыхільнікаў. Нават сваё 75-годдзе паэт вымушана сустрэў на шпітальным ложку. Цяпер, калі з рэанімацыі Барадуліна перавялі ў аддзяленне тэрапіі, Еўрарадыё наведала дзядзьку Рыгора. Мы запыталіся, ці моцна напужаўся сам паэт, калі так прыхапіла здароўе.

Рыгор Барадулін: Не паспеў… Разумееце, калі паміраеш – не адчуваеш смерці. Проста, як вам сказаць, было нязручна, калі ты хворы. Але такога адчування, што ты развітваешся з жыццём – не было. Спадзяваўся, што выкараскаюся.

Першы тыдзень у рэанімацыі Рыгор Барадулін нават не падымаўся з ложка, меў моцную тэмпературу. Дыягназ – пнеўманія, ускладненая ацёкам лёгкіх – не самыя простыя для 75-гадовага чалавека. Першыя дні да Барадуліна не пускалі нават жонку. Даходзілі чуткі, што ён падключаны да апарату штучнага дыхання. Як было насамрэч?

Рыгор Барадулін: Большую частку часу я быў у свядомасці. Я зразумеў, што такое “перакрыць кісларод”, бо быў падлучаны да апарату з кіслародам – таму вельмі жыва ўявіў, што значыць гэты выраз, гэтая прыказка. Наогул, лепш быць здаровым, чым хворым. Але я не паспеў спалохацца. Мне цяпер прыйшлі такія радкі: “І страх не адкажа, чым пахне смерць…” Вясёлыя такія радкі.

Лечкамісія – лякарня Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Ці добра тут паставіліся да народнага паэта, які не раз выказваўся негатыўна на адрас сённяшняй улады?

Рыгор Барадулін: Дужа добра, вялікі ім дзякуй! Калі б не яны – загнуўся б… Дужа даглядалі, апекаваліся, проста ім вялікі дзякуй!

24 лютага, калі споўнілася 75, Барадулін усё яшчэ знаходзіўся ў рэанімацыі. Яму нельга было перадаваць нават кветкі – бо ў рэанімацыі падтрымліваецца стэрыльнасць. Ці дайшлі нейкія віншаванні за шпітальныя сцены?

Рыгор Барадулін: Віншаванні ішлі на хату. Многа ад сяброў, з-за мяжы ў тым ліку. Павіншаваў міністр культуры, міністр замежных справаў, Ушацкі райвыканкам. Раней яны рабілі выгляд, што мяне няма, а тут нешта змянілася… Сяброў многа віншавала. Выпішуся – буду глядзець канкрэтна.

Апроч сяброў і знаёмых, Рыгора Барадуліна павіншавала і Ірына Абельская, галоўная лекарка лечкамісіі. Ёйны букет – адзіныя кветкі, якія патрапілі да паэта ў дзень юбілею.

Рыгор Барадулін: Так, павіншавала з кветкамі – семнаццаць руж. Пажадала здароўя, дзякуй ёй. Дзякуючы ёй, канешне, быў надзвычай добры дагляд. З яе лёгкай рукі дужа клапаціліся пра мяне – яшчэ раз ёй дзякую.

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі, ідзе на папраўку – пасля трох тыдняў у рэанімацыі. Дзядзька Рыгор пачуваецца лепш, лекары мяркуюць праз тыдзень выпісаць паэта дадому.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны паэт Беларусі пасля трох тыдняў у рэанімацыі даў першае інтэрв’ю.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика