Журавінавы рай. Калі вы хочаце ўбачыць Палессе ва ўсёй прыгажосці, адпраўляйцеся ў Петрыкаўскі раён. 21.by

Журавінавы рай. Калі вы хочаце ўбачыць Палессе ва ўсёй прыгажосці, адпраўляйцеся ў Петрыкаўскі раён

20.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Палессе — край былін і казак. Прынамсі, не толькі старажытных, што зыходзяць углыб стагоддзяў, але і сучасных. Жыхары Петрыкаўшчыны заўсёды рады гасцям, але ўсе як адзін кажуць: вясной іх край ператвараецца ў сапраўдны рай. Такога будыйскага спакою не адчуеш нідзе. І падзівіцца ёсць на што: унікальная флора і фауна, крыштальна чыстае паветра і неверагодны паляшуцкі характар.

Легендарная школа

Падмурак Петрыкаўскай школы быў закладзены ў 1904 годзе, будаўніцтва пачалося ў 1908-м і было закончана ў 1910 годзе. Будавалася школа на грошы земства, г.зн. на народныя. Матэрыялы прывозілі з Кіева, прычым цэгла была асаблівая — на яечным парашку. Праект школы выканалі будаўнікі-архітэктары Якубовіч і Лапета. Спачатку гэта была чатырохгадовая школа, а ў 1911 годзе адкрылася гімназія. Навучанне ў школе было платным, і таму далёка не ўсе маглі яе наведваць. Настаўнікаў у той час было вельмі мала. Дырэктар жыў пры школе на першым паверсе. Там жыў і вартаўнік, які выконваў функцыі тэхнічкі. На другім паверсе размяшчаліся вучэбныя класы. Напаўняльнасць у іх была невялікай. Дысцыпліна — строгай. Дзяцей, зразумела, не білі, але каралі вельмі строга. Пасля заканчэння школы лепшым вучням педсавет выдаваў характарыстыкі. Лепшыя з лепшых адпраўляліся ў Пецярбург з граматай на імя цара. У ёй была просьба прысвоіць вучню званне настаўніка пачатковых класаў. У 1924 годзе пасля смерці Леніна школе прысвоілі яго імя. У час Вялікай Айчыннай вайны будынак занялі немцы-сапёры са сваімі коньмі. Немцы жылі на другім паверсе, а коні ўтрымліваліся на першым. Пры адступленні школу спалілі. Засталіся толькі сцены. У пасляваенныя гады будынак адрэстаўрыравалі і адкрылі ў ім педвучылішча.

Сад асалоды

Дарашэвіцкі парк — адзінае месца, якое стала для мясцовых жыхароў чымсьці большым, чым самы маляўнічы куток Палесся. Прыцягальная тут не толькі прыгажосць, але і асаблівая энергетыка, подых гісторыі і пачуццё любові, якія тут пакінулі былыя гаспадары. Апошнім уладальнікам і гаспадаром парку быў Антон Кіневіч. Пасадкай алей дрэў і кустоў тут калісьці займалася пані Катаржына. Маляўнічую панараму поймы Прыпяці ўпрыгожвалі 32 віды кустоў і 63 — дрэў, як тыповых для палескага краю, так і экзатычных. У цэнтры парку размяшчаўся маёнтак. На жаль, пабудова на захавалася.

Тайнік Ракасоўскага

Лінія Сталіна знаходзіцца ля вёскі Першая Слабодка ўздоўж ракі Пціч. Яна ўяўляе сабой савецкія абарончыя збудаванні, якія былі пабудаваны ў 1939—1940 гг. Змрочны ўспамін пра вайну — доты ў самой вёсцы. Дот, які знаходзіцца каля мясцовых могілак, калісьці меў чатыры выхады і некалькі паверхаў, але цяпер з іх засталіся толькі два. Адно з умацаванняў лініі абароны Сталіна, якое размяшчалася ў лясным масіве, называлася саламянай кропкай. Для яе маскіроўкі скарыстоўвалі тарпу саломы. У час адступлення нашы салдаты ўзарвалі ўмацаванне. Сёння на яго месцы разбураныя бетонныя глыбы і сталёвыя бэлькі. Цікавасць для аматараў ваеннага турызму ўяўляе і дот ва ўрочышчы Белы Бераг. Зараз ён напалову разбураны. Паводле ўспамінаў слабодскіх партызан, у гэтым бункеры знаходзіўся нейкі час камандуючы аперацыяй “Баграціён” Канстанцін Ракасоўскі.

Царква-падарожніца

Самы старажытны храм Петрыкаўшчыны — Пакроўская царква, якая знаходзіцца на гарадскіх могілках. Будынак з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства XVII стагоддзя. Царква пабудавана ў вёсцы Кошавічы, якая ўваходзіла ў склад Петрыкаўскага прыходу. Яна складаецца з асноўнага квадратнага і амаль роўнага з ім гранёнага алтарнага зрубаў. У канцы ХІХ стагоддзя да яе была прыбудавана званіца. У 1936 годзе царкву перанеслі на гарадскія могілкі. Аб’ект унесены ў Спіс помнікаў архітэктуры Беларусі. Заходзіць у храм ніхто не адважваецца, сцены і дах дыхаюць на ладан. Да радасці мясцовых жыхароў, архітэктары ўжо распрацавалі план рэстаўрацыі царквы.

Скарб пад броварам

Бровар у вёсцы Лучыцы, на правым беразе ракі Пціч, быў пабудаваны мясцовым памешчыкам Іванам Вільсанам. Гэта было невялікае прадпрыемства, на якім працавала каля 20 чалавек. У іх было 16 абавязацельстваў, сярод якіх такія: пазбяганне залішніх размоў, рабочы, які захварэў, атрымлівае палову дзённай платы не больш за чатыры тыдні. Штрафы накладваліся за любую правіннасць: за адлучку з работы — 30 капеек, за дзёрзкасць і непаслушэнства — 50 капеек; калі штрафы, накладзеныя на аднаго рабочага, складуць дзённы заробак, рабочы можа быць неадкладна звольнены з завода. Працоўны дзень доўжыўся 12 гадзін. Бровар размяшчаўся ў будынку, які захаваўся да нашага часу. Будынак гэты з поўным правам можна лічыць архітэктурным помнікам XIX стагоддзя. Ён прыцягвае ўвагу любога, хто бачыць яго ўпершыню, вабіць тайнамі і загадкамі тых, хто жыве побач усё сваё жыццё. Кажуць, у лабірынтах падзямелля схаваны скарб. Знайсці яго спрабавалі многія, аднак пошукі былі беспаспяховыя.

Дзед Талаш

Дом-музей героя грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў Васіля Ісаакавіча Талаша размешчаны ў васьмі кіламетрах ад Петрыкава, у вёсцы Навасёлкі. Сядзіба складаецца з дзвюх сціплых хацін, у якіх жыў герой. Дарэчы, у яго было трынаццаць дзяцей. У даваеннай пабудове героя аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” размешчана экспазіцыя быту палешукоў XIX стагоддзя. У доме, дзе жыў Талаш, знаходзіцца экспазіцыя, прысвечаная яго жыццю. Усё ўбранне яго хаты — падвешаныя пад столлю лапці, човен, выдзеўбаны з дубу. Тут быццам жыве душа палешукоў. Нягледзячы на ўзрост, у грамадзянскую Талаш арганізаваў партызанскі атрад, у якім было каля 300 чалавек. Армія Талаша прымала актыўны ўдзел у баях. У час Вялікай Айчыннай вайны (а Васілю Ісаакавічу тады было сто гадоў) дзед Талаш паехаў у Маскву, дзе кансультаваў вярхоўнае кіраўніцтва.

Ледніковы перыяд

Дарашэвіцкае геалагічнае агаленне торфу — гэта геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, які размешчаны паміж вёскамі Дарашэвічы і Ляскавічы на левым беразе ракі Прыпяць. Агаленне знаходзіцца на схіле другой надпойменнай тэрасы ў абрыве да ракі. Тут бачны адклады міжледніковага торфу пачатку новаантрапагенавага часу. Плошча помніка складае 3000 метраў, а ўсёй ахоўнай зоны — 12 000 метраў. Тоўшча пластоў — ад аднаго да двух метраў. Вучоныя запэўніваюць, што агаленне торфу ўтварылася прыкладна 130—170 тысяч гадоў таму ў перыяд міжледнікоўя на месцы вялізнага возера.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палессе — край былін і казак. Прынамсі, не толькі старажытных, што зыходзяць углыб стагоддзяў, але і сучасных. Жыхары Петрыкаўшчыны заўсёды рады гасцям, але ўсе як адзін кажуць: вясной іх край ператвараецца ў сапраўдны рай. Такога будыйскага спакою не адчуеш нідзе. І падзівіцца ёсць на што: унікальная флора і фауна, крыштальна чыстае паветра і неверагодны паляшуцкі характар.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика