Вялікія княгіні і ворагі ВКЛ у адным томе
22.03.2010 17:14
—
Новости Культуры
|
Выйшаў трэці том энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». Кніга ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Тут у алфавітным парадку: звесткі аб найбольш значных гістарычных постацях, культурных дзеячах, прававых помніках Вялікага Княства Літоўскага, якія не патрапілі ў першыя два тамы. «У том мы таксама ўключылі папулярную цяпер гендэрнае тэматыку — імёны і звесткі пра вялікіх княгін літоўскіх, — кажа адзін з рэдактараў выдання Юры Бажэнаў. — Не забыліся і пра зацятых ворагаў Княства: на старонках энцыклапедыі — дадзеныя пра ўсіх магістраў Тэўтонскага Ордэна». Як і папярэднія тамы, гэтае выданне багата ілюстравана каляровымі і чорна белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі і планамі. Афармленне, выкананае вядомым мастак-афармляльнікам Змітром Герасімовічам, — трымаецца кацэпту: партрэты дзеячоў ВКЛ узяты выключна старадаўнія, а вось архітэктурныя славутасці прэзентуюцца фотаздымкамі або замалёўкамі графітыста ХІХ ст. Напалеона Орды. У трэцяга тома энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» немалыя дадаткі: гэта поўныя тэксты Крэўскай уніі, Прывілеяў і усе тры рэдакцыі прававой падваліны сярэднявечнага гаспадарства — Статута ВКЛ. У стварэнні фундаментальнага даведніка ўдзельнічалі навукоўцы Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама беларускіх ВНУ. Вялікую працу па стварэнні даведніка зрабіў рэдактар Валеры Пазнякоў. Паўнакроўна кнігу прэзэнтавалі менавіта ў адной са сталіц Вялікага Княства — Вільні. Гэта адбылося прыканцы лютага на Віленскім кніжным кірмашы: тады на прэзентацыю завітала нават літоўская прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце. «Пакуль рэакцыі з боку літоўскіх спецыялістаў на трэці том мы не маем, — дадае Юры Бажэнаў. — Але нягледзячы на адрозныя трактоўкі гісторыі, першыя два тамы літоўцы ацанілі высока. Спадзяемся, што належна ацэняць і трэці». Наклад энцыклапедыі досыць вялікі — 3 тысячы. Кнігу можна набыць за 41 тысячу (а цана за ілюстраванае , 694-старонкавае выданне — памяркоўная) ў кнігарні «Энцыклапедыя», завулак Калініна, 16, другі паверх). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выйшаў трэці том энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». |
|