Іншыя расійцы
19.05.2010 14:01
—
Новости Культуры
|
Магчыма, шанцы на перамогу ў фільма Лазніцы большыя, чым у «Стомленых сонцам-2» Міхалкова. Усё залежыць ад двух фактараў. Першы – будзе журы арыентавацца на правераныя аўтарытэты ці захоча адкрыць новае імя (больш яркіх адкрыццяў у конкурсе не прадбачыцца, Лазніца – адзіны дэбютант). Другі – ці не спалохаецца журы той «чорнай дзіркі», якой па праглядзе аказваецца і сам фільм, і тая краіна, пра якую ён расказвае. Чарнуха? О так. Вы нават не ўяўляеце сабе, наколькі чорная.Справа не ў натуралізме і не ў скрупулёзнасці рэжысёра, які цягам многіх гадоў вывучаў сучасную рускую правінцыю: нездарма Лазніца – дакументаліст, прычым з самых вядомых. Справа ў бескампраміснасці аўтара, які не пакідае ніякага намёку на катарсіс, ніякага – нават умоўнага – выхаду з зачараванага лабірынту пад назвай Расія. Няма сумневу: ужо ў сённяшніх газетах «Шчасце маё» назавуць антырасійскім фільмам – і цэтлік да яго прыклеіцца.Тым больш што фінансавалі фільм украінцы і немцы (ды і здымаўся ён на Украіне, у Сумскай і Чарнігаўскай абласцях), а сам Лазніца, ураджэнец Беларусі, што вучыўся ў Маскве і Кіеве, а працаваў у Санкт-Пецярбургу, даўно жыве ў Германіі. Такім чынам, антыруская чарнуха. Можа быць. Такая ж, як «Мёртвыя душы», «Паны Галаўлёвы» або «Катлаван». Ці як «Груз 200», хаця «Шчасце маё» радыкальнейшае, актуальнейшае, праўдзівейшае і безнадзейнейшае, чым гратэскавая кінафрэска Балабанава.Герой фільма Лазніцы – дальнабойшчык Георгій (артыст мінскага ТЮГа Віктар Немец), які губляецца на бяскрайніх прасторах сваёй радзімы ў беспаспяховых спробах даставіць па прызначэнні некалькі мяшкоў мукі. Першая палова карціны – road-movie: Георгій сустракае двух бандзюкаватых гібэдэдэшнікаў, змрочнага ветэрана вайны, малагадовую прастытутку, а потым збіваецца з дарогі ў лесе, дзе яго аглушаюць паленам па мазгах трое бадзягаў. Пачынаецца другая частка: доўгая і вельмі страшная. Георгій забыў сваё імя, ператварыўся ў гародніну.Яго прытуліла цыганка, і цяпер ён гандлюе на кірмашы мукой, якую вёз. Яго не стала, ён знік. Знік без вестак, як мільёны іншых людзей, праглынутыя вялізнымі прасторамі гэтай краіны. З прычыны, што Лазніца супернічае ў конкурсе з Міхалковым, параўнанні непазбежныя. Маштаб і размах – не адзіны крытэр для супастаўлення (у Лазніцы карціна мінімалісцкая, скупая і сціплая, як сучаснае румынскае кіно: нездарма здымаў яе аператар «Смерці спадара Лазарэску» і «4 месяцаў, 3 тыдняў і 2 дзён» Алег Муту, а вядомы румынскі артыст Улад Іваноў сыграў ролю маёра з Масквы). Міхалкоў расказаў у «Предстоянии» пра тое, як у крытычных абставінах рускі чалавек становіцца мацнейшым, смялейшым і пабожнейшым, а Лазніца – пра тое, што ў самых звычайных жыццёвых умовах рускі чалавек рускаму чалавеку – не тое што воўк, а атрутная змяя. Міхалкоў хацеў, каб паспяховы сучасны глядач узгадаў (дзякуючы яго фільму) пра жахі вайны і адчуў, які ён шчаслівы. Лазніца дамагаўся адваротнага.Вынесенае ў загаловак «шчасце» – чысты міраж, а вайна, па яго канцэпцыі, так і не скончылася. Як у показцы: мы ўсе цягнікі пад адхон пускаем, і што ні збярэм з запчастак – абавязкова атрымаецца аўтамат Калашнікава. Сцэны з ваеннага жыцця арганічна сплятаюцца з сучаснымі эпізодамі; скачок ў часе незаўважны. Любы час у Расіі з"ядае прастора. У першых кадрах фільма чалавека закатваюць у бетон. Хто ён (можа, герой, а можа, і не), мы не даведаемся. Па-першае, таму, што ў бетон ў Расіі могуць закатаць каго заўгодна. Па-другое, таму, што любая індывідуальнасць знікае, а асоба сціраецца, варта толькі ад"ехаць кіламетраў на сто ад МКАД.Стары ветэран расказвае Георгію гісторыю пра тое, як у яго правяралі дакументы ў 1946-м годзе – і з тых часоў ён стаў безыменным. Дальнабойшчык намёку не разумее. Ён паводзіць сябе як чужынец, як «надта разумны», як той, каму «больш за ўсіх трэба». Размаўляе ветліва, не мацюкаецца, спрабуе заплаціць прастытутцы за паслугі, якімі не скарыстаўся. Ад гарэлкі адмаўляецца. За гэта і атрымлівае па галаве так, што забываецца пра пункт адпраўлення і пункт прызначэння. Фільм Лазніцы поўны жахлівых, адразу пазнавальных расійскіх твараў, з пустымі вачыма, шнарамі і маршчынамі, бародамі і бародаўкамі, за якімі губляюцца рысы. Адпусціўшы бараду і апрануўшы вушанку, дальнабойшчык перастае быць Георгіем. Цяпер ён часцінка спрадвечна расійскага космасу, дзе мёртвыя з косамі ўздоўж дарог стаяць, а па дарогах вечна раз’язджаюць машыны з «грузам 200» на заднім сядзенні. Тут няма сацыяльнага або, божа барані, палітычнага каментара. Гаворка пра канстанты.Напрыклад, пра старадаўні закон «не вер, не бойся, не прасі». Іншы дальнабойшчык дадае да лагернай трыяды новы, яшчэ больш важны на сёння запавет: не лезь. А палез – дык атрымлівай. У фінале фільма атрымлівае не меркавана нявінны кіроўца, а адзін з «пярэваратняў у пагонах». Двое мянтоў збіваюць трэцяга – проста таму, што той вышэйшы званнем і з Масквы, а іх больш і яны мацнейшыя. У гэтым замкнёным коле гвалту надзей на якое-кольвек выратаванне няма. Гэтым «Шчасце маё» і адрозніваецца ад «Юр"ева дня» Кірыла Сярэбраннікава, дзе такая ж заблукалая ў правінцыі гераіня магла прынамсі пайсці прыбіральшчыцай у шпіталь для сухотнікаў або далучыцца да царкоўнага хору. Тут жа дарога адна – назад, у сэрца цемры.На прадказальныя пярэчанні з нагоды таго, што не ўсе прадстаўнікі дарожнай міліцыі імкнуцца збіць або згвалціць кіроўцаў спыненых машын, можна адказаць толькі адно: Лазніца – дакументаліст, але яго негульнёвыя фільмы засталіся ў мінулым. «Шчасце маё» – прыдуманая гісторыя. Чыстая метафара, прычым даходлівая.Калі ж вам здаецца, што Расія – зусім іншая краіна, то ўспомніце перасцярогу прастытуткі з фільма: не трэба ехаць у аб"езд, там мясціны нядобрыя, праклятыя. Лічыце ўсё ўбачанае казкай накшталт «Страшнай помсты» або «Вія» таго ж Гогаля. Адвярніцеся і заплюшчыце вочы памацней, калі Вій папросіць падняць яму павекі. І будзе вам шчасце. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стужка «Шчасце маё» беларуска Сяргея Лазніцы – аказалася радыкальнейшай, актуальнейшай, праўдзівейшай і безнадзейнейшай за «Груз 200», не пакідаючы і намёку на...
|
|