Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет
23.06.2010
—
Новости Культуры
|
Першы горад зямлі беларускай, культурная сталіца Беларусі, адкуль бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць і нацыянальная гісторыя. Усяслаў Чарадзей, Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая... Гавораць, у Полацку, які з’яўляўся палітычным і гандлёвым цэнтрам паміж Усходам і Захадам, не магла не нарадзіцца такая ўнікальная асоба, як Еўфрасіння. Штогод дзесяткі тысяч турыстаў і пілігрымаў едуць у Полацк, каб пабачыць цэнтр старажытных беларускіх зямель, горад, адкуль “пачаўся свет...” Сафійскі сабор — мудрасць Божая Намаганнямі полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў сярэдзіне ХІ стагоддзя на тэрыторыі Верхняга замка быў пабудаваны першы на беларускай зямлі мураваны храм, які стаў у адзін шэраг з вядомымі Сафійскімі саборамі ў Канстанцінопалі, Кіеве, Ноўгарадзе. У лёсе гэтага храма адбіваецца ўся гісторыя беларусаў, а ў полацкай традыцыі стала характэрным у палітычнай сістэме — грунтавацца на аўтарытэт і гарантыі святой Сафіі. Гэта быў сімвал палітычнай незалежнасці, эканамічнай магутнасці і высокага культурнага ўзроўню Полацкага княства.Будаўніцтва Сафійскага сабора паклала пачатак фарміраванню полацкай архітэктурнай школы, якая атрымала далейшае развіццё ў ХІІ стагоддзі. Жыціе Еўфрасінні Полацкай Унучка слаўнага Усяслава Чарадзея магла стаць багатай княгіняй, але насуперак волі бацькоў юная Прадслава адмовілася ад свецкіх забаў і сямейнага шчасця і, прыняўшы ў 12 гадоў пострыг, стала манашкай Еўфрасінняй. Свой асветніцкі і духоўны подзвіг Еўфрасіння пачала здзяйсняць у Сафійскім саборы, дзе яна восем гадоў перакладала і перапісвала кнігі.Нябесная апякунка Беларусі стала першай усходнеславянскай жанчынай, кананізаванай праваслаўнай царквой, і адзінай святой, прызнанай усімі хрысціянскімі канфесіямі. “Жыціе Еўфрасінні Полацкай” (створана да 1187 года) — адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы, адзіная крыніца біяграфічных звестак пра яе, складзена, верагодна, манахам з манастыра св. Багародзіцы. Крыж Лазара Богшы У Спаса-Праабражэнскай царкве доўгі час захоўвалася духоўная святыня беларускай зямлі — крыж Еўфрасінні Полацкай, які быў зроблены таленавітым майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Крыж — адна з галоўных святынь Полацка.У 1921 годзе шэдэўр ювелірнага мастацтва старажытнай Русі быў рэквізаваны і да 1941 года захоўваўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1997 годзе брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Еўфрасіннеўскі манастыр.Галоўная мастацкая вартасць крыжа — мініяцюрныя выявы святых, зробленыя ў тэхніцы перагародчатай эмалі. Страчаную тэхніку аднавіў майстар М.Кузьміч пры дапамозе доктара мастацтвазнаўства Т.Макаравай і доктара гістарычных навук Л.Аляксеева. Пеўчы цыкл XII стагоддзя У 1980-я гады расійскі мастацтвазнаўца Наталля Сярогіна знайшла спіс “Жыція” канца XII стагоддзя, у якім утрымлівалася адна стыхіра “Придъте, любомоудрънии...”. У спісах XVI—XVII стагоддзяў утрымлівалася поўная рэдакцыя пеўчай часткі службы Еўфрасінні Полацкай. Сярод крыніц царкоўных спеваў восем па асаблівасцях стылю і кананічнага складу старажытных службаў адносяць да рэдакцыі XII стагоддзя. Вяртанне мошчаў Сёлета Полацк адзначыў сто гадоў, як былі перанесены святыя мошчы Еўфрасінні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў тутэйшы манастыр. Пакланіўшыся святым мясцінам Палесціны, ігумення Еўфрасіння, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла. Яе пахавалі ў манастыры Феадосія Вялікага каля Іерусаліма. У 1187 годзе, калі Іерусалім быў захоплены егіпецкім султанам, рускія манахі перавезлі нятленныя мошчы ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры. У 1910 годзе клопатамі вернікаў мошчы Еўфрасінні былі перанесены ў полацкі манастыр, дзе захоўваюцца і зараз. Тады ж на дабрачынныя ахвяраванні вернікаў была створана каштоўная срэбная рака, якая служыць усыпальніцай для мошчаў святой Еўфрасінні. Сённяшняя рака — таксама рэканструкцыя М.Кузьміча. У 1984 годзе Еўфрасіння Полацкая прылічана да Сабора Беларускіх Святых. Абраз Эфескай Божай Маці Еўфрасіння пажадала ўпрыгожыць царкву адным з трох абразоў Маці Божай Адзігітрыі, якія напісаў, паводле паданняў, апостал Лука. Дынастычныя сувязі дазволілі ёй у пачатку 1150-х гадоў адправіць у Канстанцінопаль свайго амбасадара і атрымаць цудадзейны абраз Маці Божай Адзігітрыі Эфескай. Пазней, у 1239 годзе, абраз быў аддадзены пры благаслаўленні на шлюб полацкай князёўне Аляксандры, траюраднай пляменніцы ігуменні Еўфрасінні, з вялікім князем Аляксандрам Яраславічам (Неўскім). Шлюбны абрад адбыўся ў саборы расійскага горада Тарапец. Там і быў пастаўлены прывезены маладой з Полацка абраз. Зараз арыгінал захоўваецца ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга, а ў Полацкім манастыры — яго копія. Спаса-Праабражэнская царква Самым яркім і адзіным з захаваных шэдэўраў полацкай архітэктурнай школы з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная дойлідам Іаанам пры ўдзеле Еўфрасінні.На працягу ХІІ стагоддзя Полацк быў адным з галоўных цэнтраў манументальнай архітэктуры на Русі. Менавіта тут атрымаў развіццё тып храма з адмысловай вертыкальнай скіраванасцю, які стаў называцца вежападобным. Традыцыі полацкага дойлідства моцна паўплывалі на каменнае будаўніцтва ў Смаленску, Ноўгарадзе, Чарнігаве, Гродне, Віцебску.Унікальныя фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы дайшлі да нашых дзён пад некалькімі слаямі позніх тэмперных і алейных запісаў ХVIII—XIX стагоддзяў, рэстаўрацыя іх працягваецца ўжо больш за 15 гадоў. Адзін з самых аўтарытэтных у Беларусі мастакоў-рэстаўратараў, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ракіцкі раскрыў больш за 150 квадратных метраў роспісаў ХІІ стагоддзя. Зараз работы працягвае брыгада рэстаўратараў з Расіі на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства Уладзімірам Сараб’янавым. Паводле яго слоў, унікальнасць помніка ў тым, што старажытны дэкор захаваны амаль на 100 працэнтаў. Падобнага няма амаль нідзе. Старажытная полацкая зямля... Ваколіцы духоўнага цэнтра і культурнай сталіцы Беларусі здзіўляюць прыгажосцю і веліччу сваіх азёрных даляглядаў, багаццем гісторыі і помнікамі мінуўшчыны. А яшчэ — незвычайнымі турыстычнымі праектамі кшталту першых турыстычных вёсак у рэспубліцы, фестывалямі клёцак, рыбалкі, грыбоў і лазні і многім іншым. Магчыма, для чытачоў “Народнай газеты” стануць сапраўдным адкрыццём цуды полацкай зямлі, якія мы адшукалі ў раёне — сэрцы Віцебскай вобласці. Ці ведаеце вы, што менавіта на Полаччыне знаходзяцца рэшткі сядзібы першай у Беларусі, Літве, Польшчы і Расіі жанчыны-геолага? А назву пасёлку Ветрына на Полаччыне, згодна з легендай, падарыла сама імператрыца Кацярына II. Падчас падарожжа знакамітай асобы вецер сарваў з галавы і панёс яе капялюшык, на што Кацярына ўсклікнула: “Як тут ветрана!”. Так і назвалі паселішча. Наогул знакамітыя імёны і прозвішчы тут на кожным кроку: Хруцкі, Эпімах-Шыпіла, Рымскі-Корсакаў... У Полацкім раёне распрацаваны чатыры турыстычныя маршруты — “Да Дуброўскага”, “Да Кульнева”, “Па “Лініі Сталіна” і “Скіфская зямля”. У якім жа кірунку рухацца шукальнікам цудаў? Мясціны гераічных бітваў з Напалеонам Пад Клясціцамі народны герой Айчыннай вайны 1812 года генерал Якаў Кульнеў здзейсніў адзін са сваіх найбольш вядомых подзвігаў. З невялікім авангардам Вітгенштэйна Кульнеў прыпыніў рух французаў на Пецярбург, захапіў 900 палонных і амаль увесь абоз маршала Удзіно. Аднак на наступны дзень пасля няроўнага бою быў адкінуты назад. Засмучаны, Якаў Пятровіч злез з каня і моўчкі крочыў у апошніх шарэнгах сваіх войскаў. Дарэчы, Кульнеў называў сябе паслядоўнікам Суворава. Генерал апранаў менцік і шынель з грубага салдацкага сукна і ўжываў самую простую ежу, а таксама блізка ведаў сваіх жаўнераў і клапаціўся пра іх. Смерць “адшукала” генерала сярод яго паплечнікаў. Смяротна паранены, Кульнеў працягнуў сябрам свой Георгіеўскі крыж, каб вораг прыняў труп генерала за цела простага салдата. У баях с Напалеонам таксама праславіліся сяляне з мясцовага апалчэння і партызаны. Гісторыя захавала памяць пра экстраардынарную падзею: простых сялян з вёскі Жарцы цар узнагародзіў за мужнасць георгіеўскімі крыжамі! “Беларускі стоўнхендж” на возеры Янова Язычніцкае капішча на беразе возера каля вёскі Бікульнічы неаднойчы прыцягвала ўвагу вучоных і даследчыкаў паранармальных з’яў. Мяркуюць, што гэта сляды вельмі старажытнага збудавання кшталту англійскага Стоўнхенджа. Ружовыя і чырвоныя валуны, раскладзеныя ў пэўным парадку, нібыта служылі нашым продкам астранамічнай абсерваторыяй і месцам ахвярапрынашэнняў. Кажуць, і сёння камяні дзіўнага “стоўнхенджа” самастойна мяняюць сваё месцапалажэнне і нават знікаюць. Кожны можа самастойна пашукаць разгадку гэтай таямніцы мінулых стагоддзяў. Поле ратнай славы Гэта невялікі філіял мемарыяльнага комплексу “Лінія Сталіна”. На шляху з Мінска ў Полацк вы абавязкова заўважыце гэты гісторыка-культурны комплекс на беразе прыгожага возера ў вёсцы Гомель. У музеі пад адкрытым небам можна ўбачыць доты, інжынернае абсталяванне, акопы, бліндажы, а таксама ваенную тэхніку. Музей плануюць пашыраць, а ўлетку моладзь Полаччыны арганізуе на Полі ратнай славы ўрачыстую вахту памяці, прысвечаную 65-годдзю Вялікай Перамогі і нават тэатралізаваную рэканструкцыю баёў! Многія доты так званай “Лініі Сталіна” ў вайну не спатрэбіліся, а вось Полацкі ўмацаваны раён затрымаў немцаў з 27 чэрвеня да 15 ліпеня! Тры тыдні далі магчымасць іншым часцям адступіць і сарвалі ў нейкай ступені план “бліцкрыга”. Цудадзейныя крыніцы У вёсцы Гомель спытайце, дзе знайсці знакамітую крыніцу — помнік прыроды. У атачэнні камянёў струменіць цудадзейны ручай, асвячоны свяшчэннікамі Полацкай праваслаўнай епархіі. Славіцца таксама крыніца Святуха на лясным балоце каля вёскі Вуглы. Лічыцца, што вада са Святухі набывае цудадзейныя якасці на Успенне Прасвятой Багародзіцы. Недалёка ад крыніцы знаходзіцца яшчэ адзін цікавы аб’ект — першая ў рэспубліцы турыстычная вёска Бабынічы. Яна можа прыняць адразу вялікую групу турыстаў і пазнаёміць іх з побытам і шматвяковымі традыцыямі беларусаў. Старасвецкія панскія сядзібы Легенда расказвае, што ў адной з памешчыцкіх сядзіб, што захаваліся на Полаччыне, адбылася гісторыя, якая амаль адзін у адзін адпавядала апісанай у аповесці Аляксандра Пушкіна “Дуброўскі”. А ў маёнтку паноў Лісоўскіх у вёсцы Блізніца мясцовыя жыхары бачылі ўначы прывід белай дамы! Сядзіба вельмі добра захавалася, нават некаторыя элементы ўнутранага аздаблення засталіся такімі, як пры панах. Менш пашанцавала родавай сядзібе Ганны Місуны — першай жанчыны-геолага Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. У вёсцы Забалоцце захаваліся рэшткі панскага саду, фундамент дома і дом чэлядзі, а таксама шматвяковы дуб, магчыма, равеснік знакамітай жанчыны. Таксама раім наведаць сядзібу фалькларыста, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта Браніслава Эпімаха-Шыпілы ў вёсцы Залессе. Мастак і край яго натхнення Полаччына натхняла сусветна вядомага мастака Івана Хруцкага, памесце якога, на жаль, не захавалася. Аднак мясцовыя ўлады паклапаціліся пра мармуровы помнік на месцы сямейнага пахавання Хруцкага. Яго пейзажы і партрэты з гонарам паказваюць гасцям Беларусі ў Нацыянальным мастацкім музеі, а ў Полацкім раёне плануецца стварыць музей мастака на базе Палатоўскай этнашколы. Дарэчы, яе настаўнікі і вучні з задавальненнем пазнаёмяць турыстаў са старадаўнімі беларускімі абрадамі. Калі ж праедзеце далей, за Палату, апынецеся ў грыбной сталіцы Беларусі — Дрэтуні, дзе ў мінулым годзе збіраў грыбнікоў на спаборніцтва адпаведны фестываль. Свята-Іверская царква Праваслаўная царква знаходзіцца ў вёсцы Бяздзедавічы. Гэта сямейны храм вядомага дзяржаўнага дзеяча царскай Расіі Аляксандра Аляксандравіча Рымскага-Корсакава, члена Дзяржаўнага савета. Царква пабудавана ў псеўдарускім стылі эпохі класіцызму. Цікава, што яна да такой ступені ўразіла амерыканскіх турыстаў, што яны ўсур’ёз планавалі выкупіць помнік, перавезці на радзіму і скласці наноў. Сярод рэлігійных пабудоў Полацкага раёна вылучаецца таксама Нікольскі скіт у вёсцы Калектыўная — месца рэлігійнага паломніцтва. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы горад зямлі беларускай, культурная сталіца Беларусі, адкуль бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць і нацыянальная гісторыя. Усяслаў Чарадзей, Францыск...
|
|