«Я хоць хлопец вясковы, але за сваё пастаяць умею»
04.09.2010
—
Новости Культуры
|
На вершы Iвана Цiтаўца створана каля чатырох соцен песень У Iвана Цiтаўца быў зорны час у лiпенi. Яго песню «Малая радзiма», музыку да якой напiсаў Iгар Лучанок, выканаў на «Славянскiм базары» народны артыст Украiны Мiкалай Гнацюк. I выканаў з бляскам, пра што засведчылi доўгiя i гарачыя апладысменты. Другая ўдача — прэм’ера беларускай дакументальнай стужкi пра маршала Перамогi Георгiя Жукава. Там таксама прагучала песня — марш на словы Iвана Цiтаўца. Наогул жа, песень у Iвана Васiльевiча столькi, што аўтара час i ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса занесцi. Роўных Цiтаўцу няма нi ў Беларусi, нi, напэўна, у свеце. Уявiце толькi: ён напiсаў тэксты больш як да 350 песень, музыку да iх стваралi 170 кампазiтараў. I гэта творчая работа працягваецца. Значыць, падводзiць фiнiшную рысу рана. З’явяцца, безумоўна з’явяцца яшчэ новыя творы, бо паэт, як кажуць, у творчым росквiце, хоць за плячыма сёмы дзясятак гадоў. I што здзiўляе: гастралюе пенсiянер — маладым на зайздрасць. Толькi ў лiпенi выступiў у дзвюх бiблiятэках i воiнскiх частках. Вось такi таленавiты i нястомны ў творчасцi гэты чалавек. Але, мне здаецца, яго мала ведаюць у нашай краiне. Галоўная прычына — сцiпласць. Дарога з дзяцiнства Я слухаю Iвана Васiльевiча i лаўлю сябе на думцы: дык гэта i ў мяне было — дарога ў школу за некалькi кiламетраў. Прычым пешшу, у любое надвор’е — цi дождж сячэ, цi мяцелiца круцiць. Сумку ў рукi — i з цёплай хаты ў халадэчу, у цемру. А па дарозе i ваўкi бегаюць, i гурбы, як горы, стаяць, штурмуеш iх, нiбыта альпiнiст. — Усё здаралася, — успамiнае паэт, — але тыя выпрабаваннi загартавалi нас. Мы больш вынослiвыя, чым сённяшняя моладзь. Уяўляеце, пяць кiламетраў туды i назад? Якая нагрузка! А хадзiлi ў лапцях, а ўвесну — босыя. Лiхтарыкаў тады не было, дык мы з карчоў рабiлi лучыны. Запалiш iх — i крочыцца смялей. Сёння гэта цяжка ўявiць, але мы i сшыткаў не мелi. Пiсалi на нямецкiх кнiгах, якiя пакiнулi акупанты. А буквар — на чатыры вёскi адзiн. Вось так i вучылiся. I вучылiся, скажу вам, няблага. Калi я скончыў сем класаў, мяне адзначылi: далi сем цукерак-падушачак. Я, каб данесцi дарагi падарунак дадому, загарнуў кожную падушачку ў паперчыну i схаваў за пазуху. Хацеў пачаставаць бацькоў, дзяцей малодшых. У нас жа сям’я вялiкая была — 11 душ. Але, калi шыбаваў па дарозе да свайго Вялiкага Вязка, так наша вёска называлася, не вытрымаў i дзве цукеркi з’еў. Такая асалода была! Такая спакуса пачалася. Вось дзе я праявiў упершыню волю. Данёс-такi салодкi пачастунак дахаты. I ўпершыню адчуў сябе гаспадаром. А яшчэ мне запомнiлася назаўсёды дарога да Крупак. Ад нас да райцэнтра было 25 кiламетраў. I я сваiмi нагамi мераў яе. Колькi давялося пахадзiць — не ўспомню зараз, але многа. Справа ў тым, што я скончыў сем класаў у 14 гадкоў. А з такiм узростам нiкуды не бралi: нi на работу, нi на вучобу ў ФЗВ. Маўляў, малады яшчэ. Бацькам удалося неяк прыбавiць мне паўтара года. I вось я пачаў збiраць дакументы, рабiць фотакарткi, каб адправiцца ў сталiцу. А справа гэта аказалася надта цяжкай. Асаблiва не шанцавала мне з фотастудыяй, усё нешта замiнала сфатаграфавацца. Тады i зведаў я спаўна 50-кiламетровы марафон. Карацей, толькi 12 снежня выйшаў я на Маскоўскую шашу. Зноў жа ў лапцях, але навейшай мадэлi, бацька змайстраваў абутак з колаў студэбекера. I скiнуў яго толькi тады, калi з цяжкасцю, але нарэшце паступiў у фабрычна-заводскае вучылiшча нумар 23 на сантэхнiка. А разам з лапцямi зняў i сваю самаробную апранаху. Прызнаюся, вельмi радаваўся. Думалася, вось яно, новае жыццё пачынаецца, сытнае i дастойнае. Але як я памыляўся! Павялi нас на вячэру, далi дзве лыжкi манкi i паўтара кавалачкi цукру. Я за адзiн раз усё ў рот закiнуў i пытаюся: што яшчэ дадуць? А мне адказваюць: усё! Мы хадзiлi на Грушаўку, пiлавалi дровы, бiлi лёд, якi нарастаў на калонках. Гаспадары плацiлi за тое тры рублi. А тады за 2 рублi i 90 капеек прадавалiся вялiкiя батоны. Iх зараз не пякуць. I вось купiш гэты батон i нясеш яго ў iнтэрнат. Сам ясi i сябрам кавалак даеш. А як iнакш? Дарога ў Афганiстан — Расказваць пра ўсе вехi жыцця цяжка, — уздыхае Iван Васiльевiч. — Увесь час хацелася нечага прыстойнага. Не атрымоўвалася — зноў выходзiў на бальшак. Расчараваўся ў прафесii сантэхнiка, у армiю папрасiўся. Танкiстам быў, камандзiрам машыны баявой. I ведаеце, дзе служыў? У Сярэдняй Азii. Там да бранi голай рукой не дакрануцца, а ў нас вучэннi за вучэннямi. Але гэта загартоўка мне таксама спатрэбiлася. Спачатку ў Манголii, дзе я рабiў будаўнiком, а потым i ў Афганiстане. — Вы былi ў гэтай краiне, калi там баявыя дзеяннi вялiся? — Я там не ваяваў, хоць i медаль маю. У мяне была мiрная прафесiя: я вучыў тутэйшую моладзь стваральнай працы. А як пачалося ўсё? Жыла ў душы рамантыка, хацелася свет пабачыць. I жыў у душы камандзiр танка, якi ведаў, што такое загад. Папрасiлi, сказалi — не адмовiўся. Паехаў на вучобу ў Ленiнград, дзе спасцiгаў англiйскую мову. А затым дарога на Кабул. Мяне паслалi туды выкладчыкам у дарожна-будаўнiчае вучылiшча, бо я меў ужо прафесiю iнжынера-механiка, меў вопыт работы ў справе падрыхтоўкi маладых спецыялiстаў. Вось так i пачалася афганская эпапея для мяне. Цяжка даводзiлася, што i казаць. Вайна ёсць вайна. I ў Кабуле, калi вы памятаеце, было неспакойна: стралянiна, выбухi, гiнулi людзi. Ракеты, як гусi, ляцяць, на каго яны ўпадуць, на чые галовы — не спрагназуеш. Едзеш па гораду i ўвесь час напружаны, увесь час машыны падрывалiся. Ды i на работу хадзiлi з асцярогаю. Ад дома, дзе мы жылi, да вучылiшча метраў 600. I мы, па сутнасцi, бягом пераадольвалi iх. Прычым шыбавалi не разам, а па двое. Калi i заб’юць, то не сем чалавек адразу, а нехта ж застанецца. Прызнаюся, страшна было. Да апошняй хвiлiнкi нашага знаходжання там. Нават у самалёце, калi мы выляталi з Кабула. А наш лётчык набiраў вышыню вiнтом, два верталёты яго суправаджалi. I толькi калi мы дасягнулi вышынi 10 тысяч метраў, куды маджахедаўскiя «стрынгеры» не могуць даляцець, толькi тады мы перахрысцiлiся. Наперадзе быў Ташкент. Наперадзе была новая работа i новыя песнi. Дарога да песнi Паэтам-песеннiкам Iван Цiтавец стаў пасля шматлiкiх дарог i выпрабаванняў. Нiбыта назапашваў убачанае, перажытае, каб потым данесцi ўсё зведанае, перапрацаванае гадамi i душой людзям. Так, ён пiсаў вершыкi, як i многiя з нас у дзяцiнстве. Але гэта былi свайго роду шаржы. Хацелася некага падкузьмiць, з некага пасмяяцца, вось i складалiся радкi. А потым прыйшоў час для вiншавальных паштовак. 25 гадоў — 25 куплетаў, паўвека — пяцьдзясят. Аднак друкавацца нiдзе не друкаваўся. I лiчыў, што паэзiя — не яго справа. Але настаў момант, якi рэзка змянiў лёс Iвана Васiльевiча. — Я працаваў тады ў школе, — успамiнае Цiтавец. — Вёў урокi працы. У нас выкладчыкамi былi толькi тры мужчыны. Астатнiя амаль сто чалавек — жанчыны. Аднойчы перад Днём Савецкай армii яны наладзiлi нам добрую вечарыну, хораша вiншавалi, добра ў iх атрымалася. А калi так, то i нам трэба было арганiзаваць нешта ў адказ. Пачалi мае хлопцы ламаць галовы. А я напiсаў верш пра школу, затым паклаў яго на музыку. З музыкай я некалi добра сябраваў, граў на гармонiку, баяне. Ну i гэты твор развучыў з дзвюма настаўнiцамi, у якiх былi добрыя галасы, яны ўдзельнiчалi ў мастацкай самадзейнасцi. I на жаночае свята аматаркi праспявалi маю песню, а я iм акампанiраваў на баяне. Прынялi мой твор на бiс. А калi я прачытаў яшчэ два сваiх вершы, то мяне ледзь не цалавалi. Тыя вершы адразу вырвалi з рук i сказалi: не панясеш у рэдакцыю — самi панясем. Паслухаўся я сваiх каляжанак, пайшоў у «Вячэрнi Мiнск». I што вы думаеце, праз тыдзень надрукавалi. Затым я наведаў рэдакцыю газеты «Добры вечар» — i там з’явiлiся мае вершы. Ну i пайшло-паехала. Мяне нiбы прарвала. Тое, што я хаваў гадамi, само стала прасiцца на паперу, складалася ў радкi. А пасля таго, як мае творы сталi друкавацца ў газетах, пiсьмы да мяне пасыпалiся. Нават ад тых людзей, ад якiх я i не марыў атрымаць водгук. Хаця гэта былi не водгукi, а, так бы мовiць, паведамленне, што ў маiх вершаў з’явiлася музычнае жыццё. Да мяне сталi прыходзiць лiсты ад кампазiтараў: «Паважаны Iван Васiльевiч, мы на ваш верш напiсалi песню, высылаем ноты». Ну а потым я i сам асмялеў, стаў прапаноўваць свае вершы масцiтым кампазiтарам. I таму ж Анатолю Багатырову, i Iгару Лучанку. Дарэчы, з Iгарам Мiхайлавiчам мы напiсалi каля 20 песень. Удалыя з iх «Трасцянец», «Альтанка», «Малая радзiма». «Малую радзiму» ўзяў у свой рэпертуар вядомы ўкраiнскi спявак Мiкола Гнацюк. З Мiколам мы сустракалiся ў Мiнску, у мiнулым годзе ён гастралiраваў у Iталii, але знайшоў час i магчымасць, каб павiншаваць мяне з Днём анёла. Так прыемна было. А другi мой твор «Марш Жукава» выконвае славуты Iосiф Кабзон. I гэта натхняе на творчасць. — А тэмы дзе бераце, Iван Васiльевiч? Здаецца, усё даўно апелi i слоў новых не знайсцi, не знайсцi новых вобразаў. — Ёсць унутранае пачуццё, не ведаю, як яго патлумачыць. Нехта падказвае мне i сюжэт, i iнтанацыю. Вось некалькi гадоў таму я напiсаў песню «Буйнiцкае поле». Тэму вывучаў спачатку па кнiгах, па газетах тых часоў. А потым i сам на полi пабываў, многа размаўляў з гiсторыкамi, пiсьменнiкамi, якiя пiшуць пра вайну. I песня, на мой погляд, атрымалася. Так працаваў над песняй пра Грунвальдскую бiтву, якая прагучала нядаўна, пра Францiшка Скарыну, пра Анастасiю Слуцкую. А зараз з Iгарам Лучанком шчыруем над творам пра Зiновiя Калабанава. Гэта сапраўдны герой вайны, танкiст, толькi ў адным баi пад Ленiнградам ён падбiў 22 варожыя сталёвыя машыны. Уяўляеце, якi подзвiг! Пасля вайны ён сумленна працаваў на Мiнскiм аўтазаводзе. I вельмi прыкра, што iмя яго забытае. Спадзяёмся з дапамогай песнi вярнуць яго. — Так, песня часам цуды робiць, як тая ж «Дзень Перамогi». Усе людзi ведаюць i спяваюць яе. Але верш напiсаць — адно, песню напiсаць — iншае. На Беларусi шмат таленавiтых паэтаў, а паэтаў-песеннiкаў адзiнкi. Чаму так? — У мяне многiя пра гэта пытаюцца. I я ўсiм адказваю адно: каб песня нарадзiлася, у ёй павiнна быць душа. Песня без душы — мыльны пузыр, ён з’яўляецца i тут жа знiкае. Песня — асобны твор, якi iншы раз гадамi дабiраецца да чалавека. — Вы напiсалi 350 песень. А цi выдадзеныя яны, цi ёсць зборнiкi? — Ёсць. З цяжкасцю, але мне ўдалося выдаць пяць кнiжак, на падыходзе яшчэ дзве. Хоць i адпрацаваў я 43 гады, хоць i напiсаў нямала, але мне, як пра тое пiсаў Маякоўскi, i рубля не назапасiлi радкi. Аднойчы выдавецтва дапамагло, адзiн раз установа, дзе я працаваў вартаўнiком. А ў асноўным разлiчваю на сваю пенсiйную кiшэню, якая малая па памерах. Я кажу сябрам часам: прыехаў у Мiнск у лапцях, яны i сёння за маiмi плячыма боўтаюцца. Жарт, вядома, але з падтэкстам. — А як жа вам удаецца канцэрты творчыя праводзiць? I не ў заводскiм клубе, а на сталiчнай сцэне, у якiх прымаюць удзел славутыя спевакi, музыканты, ансамблi i аркестры? — Добрыя людзi дапамагаюць. Той жа Iгар Лучанок. А яшчэ мая напорыстасць. Я хоць i хлопец вясковы, але за сваё ўмею пастаяць i свайго дамагчыся. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вершы Iвана Цiтаўца створана каля чатырох соцен песень
|
|