Малодшы брат Глобуса
10.09.2010 12:06
—
Новости Культуры
|
Ён зарабляе грошы выданнем расейскамоўных кніг, але адчувае сябе гульцом на беларускім літаратурным полі. Міраслаў Адамчык узначальвае беларускую рэдакцыю расійскага выдавецкага дома «АСТ». Яго офіс знаходзіцца ў цэнтры Мінска. А штат налічвае толькі два чалавекі: ён і брат, Адам Глобус. Брат — асоба для Міраслава паважаная. Гэта яшчэ і кампаньён, і сябра. З Глобусам ён разам напісаў і першы раман, які стаў пачаткам кар’еры Андрэя Вароніна. Міраслаў паказвае шафы з выдадзенымі кнігамі, якіх у офісе толькі пяць тысяч. «І столькі ж тут не змясцілася». Некалькі паліцаў займае акурат серыя бульварных раманаў. Побач і дыскі з фільмамі, і серыяламі паводле кніг. «Андрэй Варонін пачаўся з рамана пра забойства Машэрава «Заўсёды светла каля турэмных муроў». Твор пераклалі на расейскую мову, выдалі і прадалі ў Расіі. Але Адам Глобус і Міраслаў Адамчык на расійскім рынку — гэта нічога не значыць. Нас папрасілі прыдумаць простае расейскае прозвішча. Цяпер напісана 150—170 дэтэктываў». Раманы пішуць не толькі Міраслаў і яго брат. Яны наймаюць для гэтага іншых, тых, хто адчувае ў сабе здольнасці і хоча зарабіць.Такую працу паспелі назваць «працай літаратурных рабоў». А братам Адамчыкам закідаюць тое, што яны спрыяюць абалваньванню людзей масавым чытвом. «Я лічу, што Андрэй Варонін — класны праект. Ёсць лепшае, горшае. І тым не менш, гэта паспяховы брэнд. А закіды пра «літаратурных рабоў»... Ёсць аўтары, якія працуюць з намі. Але працуюць не таму, што яны рабы». Першай кнігай па-беларуску сам Міраслаў дэбютаваў у 1992 годзе. «Забойства на Каляды» — дэтэктыўная аповесць і апавяданні.Сёння ж дэтэктываў, з якіх пачынаў, не піша. «Мне ўжо нецікава. Не лічу, што пісаць белетрызаваную літаратуру мне сёння важна». Але аўтара менавіта па дэтэктывах і запомнілі. А пісаць пачаў пад уплывам Уладзіміра Караткевіча, які жыў на адной лесвічнай пляцоўцы з Адамчыкамі. Бацькавы творы не натхнялі? «Да бацькавых твораў трэба было дарасці. Караткевіч — гэта добры старт, пачатак у літаратуры. Гэта літаратура ўсё-ткі для падлеткаў». Затым былі пастаноўкі спектакляў па п’есах, напісаных у суаўтарстве з Максімам Клімковічам. П’еса «Францыск Скарына, альбо Нагавіцы святога Георгія» ішла гадоў пяць-шэсць. А «Чорны квадрат» ужо пятнаццаць гадоў ставяць на сцэне Тэатра беларускай драматургіі.«Мы з Максімам пісалі мюзікл. Нам хацелася, каб чалавек прыйшоў паглядзець у тэатры нешта лёгкае, забаўляльнае па-беларуску, але разам з тым даведаўся нешта карыснае, цікавы факт». У 2005 выйшаў «Зборнік» — том, які ўвабраў прозу, драматургію і паэзію Міраслава. Пасля — зноў зацішша: перавыдаваліся толькі ранейшыя творы. «Чаму я не выдаю кніжак? Я напісаў апошнімі гадамі дзве кнігі: «Гарэлка» і «Кніжка пра ката». Але каб выдаць іх, трэба спачатку адрэдагаваць. А я не знайшоў чалавека, блізкага мне, каму мог бы даверыць свае творы. Безумоўна, і мала пішу». Але дзеліцца задумамі на будучыню. «Калі я вазьмуся яшчэ пісаць, то гэта будзе дзённік». І наракае на тое, што з інтэрнэт-дзённікаў знікла шчырасць. «Шмат няшчырай публічнасці. Чытаю дзённікі. Шмат перапостаў: нешта пачуў ад кагосьці, анекдот пераказаў. А вось пра што сапраўды думае, перажывае, такога проста няма. Знікае давер да апублікаванага ў інтэрнэце слова. Слова перастала ўплываць на свядомасць. Пісьменнікі заводзяць ЖЖ і хлусяць там».Міраслаў і сам вядзе ЖЖ. Але змяшчае там усё больш фотаздымкі. «Да прафесіі я не давёў гэты занятак, бо з яго не жыву. У мяне ёсць фотастудыя. Часам я раблю камерцыйныя праекты. Гэта форма творчасці». Ён разважлівы кнігавыдавец. Не ўкладае грошы ў праекты, якія не акупяцца. Не разлічвае на гранты. Кажа, што беларуская кніга не купляецца, бо айчынныя аўтары слаба пішуць. І крытыкаў няма, каб іх узровень падцягваць. «У нас з літаратурай кепска, а крытыкі ніколі не было». Але ў 2008-м Адамчыкі вырашылі стварыць кніжную серыю «Сучасны беларускі дэтэктыў». Разлічвалі, што кнігі будуць прадавацца ў гіпер- і супермаркетах. Але з выхадам «Замка» Адама Глобуса і «Кароны» Міраслава ўсё скончылася. «Праект кепска прадаўся. Ён не стаў камерцыйна паспяховым, як мы чакалі. Мы не разлічвалі, што пачнецца такі глыбокі эканамічны крызіс. І кніжкі «праселі» па продажах». Займеўшы яшчэ ў 1990-х досвед у кінаіндустрыі, Міраслаў не бачыць пакуль перспектывы і ў беларускага кіно. Ён крытыкуе працу «Беларусьфільма». «Кінастудыя ніколі не займалася беларускім кіно. Я не разумею, навошта беларусам экранізаваць Мерымэ (фільм «Масакра» — С.М.) за дзяржаўныя грошы. Мяне гэта абурае. Я плачу падаткі, за якія здымаюць кіно, якое не мае дачынення да Беларусі. Збіраюцца экранізаваць Яна Баршчэўскага. Паляк, які да нас не мае ніякага дачынення, прыцягнутае ўсё за вушы. А творы важныя для Беларусі, якія варта было б экранізаваць, не здымаюць». І прапаноўвае экранізаваць «Слова пра паход Ігаравы».«Твор, які вывучаецца ў школе, які аб’ядноўвае ўсходніх славян. Гэта рыцарскі раман з элементамі фантастыкі. Твор, які кладзецца ў кіно. Не думаю, праўда, што «Беларусьфільм» зможа зняць яго». У 1990-х Міраслаў з братам напісаў сцэнар па «Тутэйшых» Янкі Купалы. А на замову Міхаіла Пташука яны стварылі сцэнар спецыяльна пад Галіну Макараву і Стэфанію Станюту. Але адведзеная Макаравай роля вясковай жанчыны акторцы не спадабалася. І фільм не знялі. …Міраслаў жыве ў Мінску, а любіць Барселону. «Але я там чужы. Нават праз пятнаццаць гадоў паездак у гэты горад я разумею, што ніколі не стану каталонцам. У Мінску я свой». Не прамяняў ён родны горад і на Маскву, калі прапанавалі кватэру ў расійскай сталіцы. «Жыць у Маскве — невыносна. Я там дыхаць не магу. І адносіны ў Расіі азіяцкія». Але ці не найбольш яго засмучае тое, што «выдавецкі бізнэс не перадаецца ў спадчыну. Ён існуе, пакуль мы з братам жывём». Чаму сына не рыхтуе ў змену? «Я не ўплываю на сына. Існуе канфлікт пакаленняў. Каштоўнасці, якія для мяне існуюць, маім дзецям нецікавыя. На шчасце, нашы дзеці яшчэ гавораць па-беларуску. Гэта адзінае, што я мог зрабіць». *** Міраслаў Адамчык (Міраслаў Шайбак) нарадзіўся 6 жніўня 1965 у Мінску. Скончыў філфак БДУ. Працаваў у часопісах «Беларусь» і «Бярозка». Аўтар кніг «Забойства на Каляды», «Зборнік», «Карона». Перакладае з японскай. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Падзяліцца навіной:
Сяргей Макарэвіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён вырас у сям’і беларускага пісьменніка, а выдае расійскія кнігі. |
|