Вечная тэма. Спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Жанчыны Бергмана” вылучаны на суісканне Дзяржаўнай прэміі Беларусі
17.09.2010
—
Новости Культуры
|
Ні адна п’еса не выклікала ў мяне такіх эмоцый, як “Жанчыны Бергмана” ў пастаноўцы мэтра беларускай сцэны Валерыя Анісенкі. Можа, прычына ў маёй звышчуллівасці? Не. Выцірае слёзы модніца на суседнім крэсле, праз рад усхліпвае жанчына ў строгім касцюме... Вечная тэма: чалавек не можа жыць у самоце і адзіноце, без любові і спачування блізкіх. Сустрэча знакамітай спявачкі Інгрыд і маладой медсястры Лін у палаце псіхбальніцы пацвярджае гэта. Актрыса згубіла голас, медсястра, якая выхоўвалася ў інтэрнаце, — любоў і пяшчоту маці. Вар’яцкія ўчынкі, шалёныя адносіны, мікс з любові і нянавісці... Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Мархель і майстар сцэны артыстка Людміла Сідаркевіч ні на хвіліну не выпускаюць гледача з напружання.— П’еса мае багатую гісторыю і шчаслівы лёс, —расказвае галоўны рэжысёр тэатра Валерый Анісенка. —Спектакль паўнацэнна жыве ўжо дзевяты год. З ім мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, пабывалі ў Варшаве, Маскве, Каіры... І ніколі не вярталіся без узнагарод.Калегія Міністэрства культуры і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі вылучылі спектакль на суісканне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Нагадаем, яна з’яўляецца найвышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Прэмія прысуджаецца Прэзідэнтам раз у два гады, у выпадку сферы мастацтва — за глыбокія па зместу і адметныя па форме работы, якія істотна ўзбагачаюць нацыянальную і сусветную культуру, садзейнічаюць усталяванню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму.Адна з умоў конкурсу на атрыманне Дзяржпрэміі — грамадскае абмеркаванне твору. Яно і адбылося пасля заканчэння спектакля.Таццяна Сцяпанаўна, праекціроўшчык: “Што мяне здзівіла? Звычайна ў тэатры доўгія маналогі перапыняюцца апладысментамі. Тут была цішыня. Проста не падымаецца рука перарваць такое мастацтва”.Анастасія, студэнтка ўніверсітэта культуры і мастацтваў: “У многіх узнікае пытанне: чаму галоўная гераіня то пяшчотная, то жорсткая са сваёй падапечнай? Я моцна адчула падчас спектаклю — гэта была псіхатэрапія. Медсястра спрабавала зламаць у актрысе шкарлупіну, у якую закавала сябе Інгрыд, моцнымі эмоцыямі выцягнуць з яе слёзы, а потым і словы... Спектакль пранізаны глыбокім сэнсам”.Марына МАЖЭЙКА, прафесар філасофіі: “У гэтым спектаклі зроблена добра ўсё. Выдатная ігра актрыс. Умовы цяжкія: адна ўсю п’есу павінна маўчаць, другая, наадварот, — запоўніць яе сваім голасам. Увесь спектакль сыграны на пранізлівай ноце, з неверагодным напалам эмоцый. Геніяльная рэжысура: прадумана кожная сцэна. Добра зроблены рэквізіты, касцюмы. Кожны ўздых, кожны погляд — усё цудоўна”. Варты спектакль ці не галоўнай прэміі краіны? Глядач сказаў сваё слова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ні адна п’еса не выклікала ў мяне такіх эмоцый, як “Жанчыны Бергмана” ў пастаноўцы мэтра беларускай сцэны Валерыя Анісенкі. Можа, прычына ў маёй звышчуллівасці?... |
|