Былы Ігумен. Легенда распавядае, што калісьці на гэтай зямлі знаходзілася язычніцкае свяцілішча
06.10.2010
—
Новости Культуры
|
Потым адна грэчаская ігумення заснавала тут праваслаўны манастыр. Аднак мясцовыя жыхары працягвалі пакланяцца старым багам. І нішто не магло прымусіць іх адмовіцца ад гэтага. За сваю ўпартасць людзі былі пакараны: аднойчы ноччу манастыр разам з імі праваліўся пад зямлю. А на яго месцы ўтварылася глыбокае возера з балоцістымі берагамі. Потым яго сталі называць Дзікім. Вадаём і сёння можна ўбачыць непадалёку ад Чэрвеня. Кажуць, што калі-нікалі тут чуюцца стогны і звон. З гэтай гісторыяй звязана і першапачатковая назва горада — Ігумен. Зрэшты, гэта не больш чым легенда, але прынадай для вандроўніка можа стаць не толькі яна. Галоўную ўвагу прыцягваюць рэальныя факты. Чэрвеньшчына з’яўляецца радзімай знакамітага беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі і сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна, карціны якога сёння каштуюць мільёны еўра. Вечарына з “Вечарынай” Пра Іваніцкі сельскі Дом фальклору ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. І нездарма: яго арганізатары могуць пахваліцца самабытнай музейнай экспазіцыяй. Яна хоць і невялічкая, але па-сапраўднаму адметная. Экспанаты выставы адлюстроўваюць побыт беларускага народа XIX — пачатку XX стагоддзя. Наведвальнікі могуць пабачыць, якімі ў тыя часы былі вясковае жыллё, прылады працы, посуд і адзенне, пазнаёміцца з вырабамі ганчарства, салома- і лозапляцення, разьбярства, ткацтва і вышыўкі. Прычым, што найбольш цікава, мясцовыя майстры пакажуць, як яны вырабляюцца. Школа-старажыл Адзін з цікавых аб’ектаў самога раённага цэнтра — школа, якая некалькі гадоў таму адсвяткавала свой стогадовы юбілей. Двухпавярховы будынак, што з’явіўся ў горадзе ў 1904 годзе, быў узведзены спецыяльна для чатырохкласнага вучылішча, потым тут размяшчалася вышэйшая пачатковая школа, а зараз знаходзіцца гімназія № 1, якая носіць імя знакамітага земляка Уладзіміра Караля. Палац Ваньковічаў Адным з турыстычных аб’ектаў Чэрвеньскага раёна з’яўляецца сядзіба Ваньковічаў, якая знаходзіцца ў Смілавічах. У розныя часы тут жылі Сапегі, Завішы, Манюшкі, Ваньковічы, наведваўся ў госці Напалеон Орда. Першы яго корпус у псеўдагатычным стылі пабудавалі на пачатку XIX стагоддзя. Потым з’явілася прыбудова ў стылі неаготыкі з элементамі мадэрна. У палацы былі зімовы сад, зала паляўнічых трафеяў, архіў, дзе захоўваліся фамільныя дакументы ўсіх уладароў. Апроч таго, маёнтак славіўся сваёй партрэтнай галерэяй. Адна з карцін “Адам Міцкевіч на скале Аюдаг”, якую напісаў Валенцій Ваньковіч, знаходзіцца зараз у Нацыянальным музеі Варшавы. Прастора Хаіма Суціна У Доме дзіцячай творчасці, які знаходзіцца ў Смілавічах, некалькі гадоў таму размясцілася ўнікальная экспазіцыя “Прастора Хаіма Суціна”. З’явілася яна тут пры падтрымцы ЮНЕСКА і прысвечана вядомаму мастаку, які нарадзіўся на Чэрвеньшчыне. Карціны Суціна выстаўлены ў найбуйнейшых музеях свету, у тым ліку ў Нацыянальным музеі сучаснага мастацтва (Цэнтр імя Ж.Пампіду), Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, лонданскай галерэі Тэйт. Адметна, што адна з залаў, якая распавядае пра парыжскі перыяд яго жыцця, стылізавана пад французскае кафэ з сапраўднымі барнымі стойкамі. Тут можна не толькі ўбачыць рэпрадукцыі карцін прадстаўнікоў “Парыжскай школы”, да якой належалі такія сусветна вядомыя мастакі, як М.Шагал, П.Пікасо, Ф.Лежэ, але і выпіць кубачак кавы. Чэрвеньскі класіцызм У 30 кіламетрах на паўночны ўсход ад Чэрвеня знаходзіцца вёска Раванічы, вядомая яшчэ з XVI стагоддзя. Належала яна спачатку Гаштольдам, потым Ратамскім, Гарнастаям, а апошнімі яе гаспадарамі сталі Слатвінскія. Сёння тут можна ўбачыць два помнікі архітэктуры — касцёл святога Антонія і палацава-паркавы комплекс XIX стагоддзя, які, прынамсі, лічыцца адным з лепшых ансамбляў эпохі класіцызму. На тэрыторыі сядзібы калісьці былі сад з агародам, пітомнікі і аранжарэя. Апроч таго, у маёнтку размяшчаліся неблагая калекцыя фарфору, свая бібліятэка, карцінная галерэя, тут доўгі час захоўваўся архіў Міншчыны. Будуар жонкі Антонія Слатвінскага ўпрыгожвалі модныя на той час персідскія і турэцкія дываны. У сярэдзіне пазамінулага стагоддзя каля палаца быў закладзены пейзажны парк, у якім зараз налічваецца каля 60 відаў экзатычных раслін. Бацька “польскай оперы” У пасёлку Азёрны працуе адзіны ў свеце музей славутага польскага і беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яго экспазіцыі размешчаны ў чатырох залах. Сярод экспанатаў выставы — фотаздымкі і фотакопіі дзіцячых і юнацкіх малюнкаў будучага творцы, сцэнічныя касцюмы з Варшаўскага опернага тэатра, запісы твораў кампазітара на пласцінках і касетах. З імем Станіслава Манюшкі быў звязаны і другі населены пункт Чэрвеньскага раёна — Убель. Тут калісьці знаходзіўся фальварак, у якім 5 мая 1819 года нарадзіўся будучы славуты кампазітар. Дзяцінства хлопчыка прайшло сярод маляўнічых мясцін, культурнае асяроддзе невялікай шляхецкай сядзібы аказала вялікі ўплыў на фарміраванне таленту знакамітага музыканта. Сам маёнтак, на жаль, не захаваўся. У 1966 годзе на яго месцы ўсталявалі памятны абеліск, на якім адлюстраваны нотны запіс некалькіх тактаў славутай оперы Станіслава Манюшкі “Галька”. Апроч таго, на радзіме кампазітара штогод праводзіцца музычны фестываль юных талентаў “Убельская ластаўка”. Валёнкі — беларускі брэнд На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна знаходзіцца адзіная ў Беларусі фабрыка, якая займаецца вытворчасцю валёнак. Яе прадукцыя сёння карыстаецца попытам як у Расіі, ва Украіне, так і ў Польшчы, Германіі, краінах Балтыі. У якасці сувеніраў яны трапляюць нават у Афрыку. Адметна, што ўсе ўдзельнікі дзіцячага “Еўрабачання”, якое адбудзецца ў нашай краіне гэтай восенню, у якасці сувеніра атрымаюць пару маленькіх валёнак з рознакаляровымі крыламі. Бо гэты абутак сёння стаў сапраўднай візітоўкай не толькі Чэрвеньскага раёна, але і ўсёй Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Потым адна грэчаская ігумення заснавала тут праваслаўны манастыр. Аднак мясцовыя жыхары працягвалі пакланяцца старым багам. І нішто не магло прымусіць іх... |
|