Памерла Джоан Сазэрлэнд. 21.by

Памерла Джоан Сазэрлэнд

13.10.2010 15:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

11 кастрычніка ў собскім доме ў Швейцарыі на 84-м годзе жыцця памерла найвялікшая оперная спявачка XX стагоддзя Джоан Сазэрлэнд.

Джоан Сазэрлэнд у ролі Лючыі дэ Ламермур

Джоан Сазэрлэнд у ролі Нормы

Лучана Павароці і Джоан Сазэрлэнд у оперы Даніцэці "Дачка палка"

Джоан Сазэрлэнд і Рычард Бонінг, 1980

Яна нарадзілася ў 1926 годзе ў Аўстраліі і першыя ўрокі атрымала ў маці, якая ў свой час вучылася спяваць, але нават не марыла пра оперную кар’еру.

У 1951 годзе, выйграўшы нацыянальны конкурс оперных спевакоў, Джоан выпраўляецца ў Лондан, каб сур’ёзна вучыцца музыцы. Яна паступае ў Каралеўскі каледж музыкі і заключае кантракт на выкананне маленькіх роляў з Каралеўскай операй Ковент-Гардэн. Яе першая роля — Першая Дама ў «Чароўнай флейце» (мімаволі прыгадваецца Марыя Гулегіна, якая пачала сваю кар’еру з выканання партыі Другога Хлопчыка таксама ў «Чароўнай флейце» — але не ў Лондане, а ў Мінску.)

Джоан Сазэрлэнд пачала выступаць на сцэне, не маючы ані найменшага паняцця аб тым, што такое акторскае майстэрства. Аднак ужо праз год яна выступіла спачатку ў ролі Амеліі («Баль-маскарад» Вэрдзі), а потым і Аіды. Ролі, якія сёння здаюцца цалкам непрыдатнымі для яе голасу. Але ў той час і сама артыстка, і яе настаўнікі, і любімая матуля былі перакананыя, што яна павінна спяваць у папулярных операх Вагнэра і Вэрдзі.

Круты пералом наступіў у 1953 годзе, калі Джоан Сазэрлэнд выйшла замуж за аўстралійскага піяніста Рычарда Бонінга.

Менавіта ён разгледзеў у ёй вялікую спявачку bel canto і ўсё жыццё быў для яе не толькі каханым мужам, але і настаўнікам, прадусарам, дырыжорам.

Яе рашэнне перайсці на ролі bel canto сутыкнулася з жорсткім супрацівам родных і сяброў. У тую сітавіну ўзнёслая прыгажосць опер Беліні і Даніцэці — як і кожная наогул прыгажосць — успрымалася як саладжавасць. Вушы і душы людзей, агрубелыя ад грукату войнаў і рэвалюцый, страцілі неабходную тонкасць. І здавалася, што прыгажосць і паэзія не адродзяцца ўжо ніколі.

Але Джоан Сазэрлэнд не стала слухаць ні «добрых дарадцаў», ні «галасоў розуму», што казалі ёй, нібыта bel canto — гэта нямодна і нікому не трэба. Яна слухала голас сваёй душы… і перамагла.

На прэм’еры «Лючыі дэ Ламермур» Даніцэці ў Ковент-Гардэн ў 1959 годзе людзі плакалі і апладзіравалі ёй на працягу рэкордных 19 хвілін.

Тое ж паўтарылася і ў Метраполітэн-опера, і ў іншых найбуйнейшых тэатрах свету, дзе яна выступіла ў ролі Лючыі агулам 233 разы.

За сваё доўгае творчае жыццё Джоан Сазэрлэнд перайграла амаль усе галоўныя ролі ў операх bel canto, якія раптам без усякай «раскруткі» зрабіліся моднымі і папулярнымі. А яшчэ ў операх Моцарта, Гендэля, Меербера, Дэліба, Глюка, Гуно… Яна спявала гэтую музыку ва ўсю моц свайго голасу, з лёгкасцю ўзнімаючыся на неймаверныя вышыні і вырабляючы фіярытуры, ад якіх займае дух. Побач з ёй заўсёды быў муж, а яшчэ — высакародныя партнёры па сцэне, найлепшыя з найлепшых: Лучана Павароці, Альфрэда Краўс…

Да нас уся гэтая раскоша даходзіла толькі ў выглядзе кружэлак.

Оперы bel canto ў СССР амаль не выконваліся — на іх была ідэалагічная забарона («працоўным гэта непатрэбна»).

Выключэнне рабілася толькі для лёгкіх камічных опер накшталт «Севільскага цырульніка». Каб «прабіць» пастаноўку «Лючыі дэ Ламермур» на сцэне Кіеўскага тэатра оперы і балета, двое народных артыстаў СССР — Яўгенія Мірашнічэнка і Анатоль Салаўяненка — некалькі гадоў абівалі парогі ЦК КПСС.

Дарэчы, «Лючыя дэ Ламермур» нейкі час ішла і ў нашым оперным тэатры, але неяк неўзаметку знікла са сцэны. Ці то публіка яшчэ не дарасла, ці то самі спявачкі, якія зрывалі галасы ў барацьбе за ролі Тоскі і Аіды.

…А што ж Джоан Сазэрлэнд? Без шуму, без інтрыг, без скандальных любоўных гісторый яна стала ў 1961 годзе камандорам Брытанскай імперыі, а ў 1979 была ўганараваная тытулам Дамы.

Нават самая знакамітая яе суперніца Мантсэрат Кабалье назвала яе голас «нябесным». А ўдзячныя суайчыннікі, каб чуць гэты голас часцей, узвялі на беразе акіяна раскошны будынак Сіднейскай оперы.

Тут яна і спявала пад канец сваёй кар’еры, калі яе ўзрост і выгляд ужо не дазвалялі бліскаць у ролях юных гераіняў у Лондане і Парыжы. Але і дагэтуль каштоўныя запісы гэтых сіднейскіх спектакляў радуюць знаўцаў — аматараў сапраўднага bel canto.

Сярод гэтых знаўцаў нямала беларусаў. Тых, хто ніколі не схіляўся пад эстэтычным дыктатам калгасна-пралетарскага стылю, аддаючы перавагу вечнаму, цудоўнаму і ўзвышанаму. Гэтым мы і моцныя. І калі-небудзь — хай нават праз сто гадоў — беларусы абавязкова народзяць сваю Сазэрлэнд. Свой собскі сімвал духоўнай прыгажосці, служэння і маральнай сілы.

Падзяліцца навіной: 
Юлія Андрэева

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— найвялікшая оперная спявачка XX стагоддзя. Мастацтва засталося. Піша Юлія Андрэева.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика