Адвечны пошук ісціны
09.12.2010
—
Новости Культуры
|
У мінскай бібліятэцы імя Льва Талстога гучала “Крэйцарава саната”
У Льва Мікалаевіча заўсёды было ў Беларусі шмат прыхільнікаў яго творчасці. Паслядоўнікі гуманістычных ідэй не проста імкнуліся “жыць па сумленні”, але і называлі сябе “талстоўцамі”, стваралі культурна-асветніцкія суполкі. Некаторыя з нашых землякоў мелі перапіску з яснапалянскім графам, а ліставанне з ім публіцыста і літаратуразнаўцы з Ракава Мар’яна Здзяхоўскага атрымала вялікі грамадскі рэзананс, доўжылася з 1895 па 1908 год. І калі 20 лістапада 1910 года Леў Талстой пайшоў у вечнасць, мінская гарадская дума, падтрымліваючы масавыя настроі мясцовай інтэлігенцыі, адразу ж прыняла рашэнне: стварыць у памяць пра пісьменніка гарадскую бібліятэку. “Мы адзначылі Дзень памяці Льва Мікалаевіча, а праз год, у снежні, наша ўстанова адсвяткуе свой векавы юбілей, — гаворыць вядучы бібліятэкар сталічнай бібліятэкі №1 імя Л. М. Талстога Галіна Лагуновіч. — Дарэчы, на адкрыццё бібліятэкі ў снежні 1911-га ў Мінск прыязджала жонка пісьменніка, Соф’я Андрэеўна. І прывезла ў дарунак кнігі, якія, на жаль, згубіліся пад час Вялікай Айчыннай вайны”. Бібліятэка цяпер месціцца ў будынку па вуліцы Маскоўскай, 18. У Дзень памяці Льва Талстога там сабралася шмат чытачоў як сталага ўзросту, так і школьнікаў, ліцэістаў, студэнтаў. Выкладчыца Белдзяржуніверсітэта Ульяна Верына нагадала пра знакавыя старонкі з біяграфіі, творчасці пісьменніка. І пра хвалюючы “момант ісціны”: калі яснапалянскія сяляне вынеслі труну з целам нябожчыка з сядзібы, то, як пісала тагачаная прэса, “тысячны натоўп стаў на калені”. Зачытваліся ўрыўкі з вядомых твораў патрыярха рускай літаратуры, у выкананні ансамбля “Рэтра-стыль” гучала “Крэйцарава саната” і іншыя музычныя творы з той эпохі, у якой жыў, значнай часткай якой стаў Леў Мікалаевіч. Цікавасць выклікаў і дакументальны фільм пра невядомыя раней факты з жыцця роду Талстых, родзічаў і сваякоў пісьменніка, яго нашчадкаў, створаны па матэрыялах Дзяржаўнага музея Л.М.Талстога ў Маскве. У бібліятэку на Дзень памяці прынёс сваю карціну “Адвечны пошук ісціны. Леў Талстой” вядомы мастак Іван Пратасеня. Пісьменнік-граф яўлены ім у светлай, радаснай колеравай гаме акварэллю і пастэллю — у простай даматканай сялянскай кашулі, на фоне родных яму яснапалянскіх краявідаў. Мне падалося, і знешне, і вялікай духоўнай сілай погляду гэты сівабароды чалавек нагадвае святога старца Серафіма Сароўскага. Між іншым, вёска на Случчыне, у якой нарадзіўся мастак, раней называлася Старцавічы. “Я набліжаюся да важнай 80-гадовай рысы, аднак па-ранейшаму, як і Леў Мікалаевіч, знаходжуся ў пошуках ісціны, шмат працую, — гаворыць Іван Міхайлавіч. — Адзін з прынцыпаў жыцця, якім імкнуся кіравацца — словы з пісання: “Спяшайцеся рабіць дабро”. Партрэт Льва Мікалаевіча напісаў пару гадоў таму, да 180-гадовага юбілею пісьменніка. Гэта даніна маёй глыбокай павагі да генія, яго творчасці”. Іван Іванаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінскай бібліятэцы імя Льва Талстога гучала “Крэйцарава саната” |
|