Вянок удзячнасці
09.12.2010
—
Новости Культуры
|
Караткевічаўскі юбілей адышоў, адгаманіў — застаўся ў памяці. Дзяржава і грамадскасць годна святкавалі 80-я ўгодкі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, класіка айчыннай літаратуры.
Пабачылі свет новыя кнігі, з’явілася нямала публікацый у перыядычным друку. У кінатэатрах паказавалі фільмы па творах пісьменніка. Прайшлі святочныя імпрэзы, прэзентацыі новых выданняў, канферэнцыі і вечарыны ў знак памяці знакамітага аўтара шырока вядомых твораў “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Ладдзя роспачы”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і многіх іншых. І ў рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастацтва” выдадзены дзве розныя па фармаце, але аднолькава цікавыя кнігі, прысвечаныя даследаванню жыцця і творчасці рамантыка беларускай літаратуры. Гэта — і літаратуразнаўчае эсэ Адама Мальдзіса “Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” (другое выданне, першае выйшла ў 1990 годзе ў “Мастацкай літаратуры”). Аўтар — вядомы даследчык гісторыі беларускай культуры, доктар філалагічных навук, — ён расказвае пра свае асабістыя стасункі з пісьменнікам, пра тое, адкуль той чэрпаў сюжэты, як падыходзіў да рэалізацыі творчых праектаў, якой была рэакцыя сучаснікаў на зробленае У. Караткевічам. Другая кніга — “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”. Пад адной вокладкай аб’яднаны некалькі тэматычных абсягаў, аднолькава важкіх у караткевічазнаўстве. Найперш заслугоўвае ўвагі грунтоўнае эсэ Алега Лойкі “Уладзімір Караткевіч, або паэма Гарсія Лойкі”. Напрыканцы жыцця Алег Антонавіч Лойка, вельмі нераўнадушны да біяграфічнага жанру (згадаем раманы пра Скарыну і Купалу, перавыдадзеныя таксама для маскоўскай серыі “Жыццё знакамітых людзей”), не проста падзяліўся ўспамінамі пра паплечніка па літаратурнай ніве, а выказаў сваё асабістае стаўленне да яркай і шматабсяжнай асобы. Творы Караткевіча і сёння працягваюць уплываць на чытацкую свядомасць, змушаюць разважаць над многімі грунтоўнымі праблемамі ў справе будаўніцтва Беларускага Дома. Другая частка зборніка — “Белая песня ў лугах залацістых…”. Яе ўкладальнік Анатоль Верабей сабраў разам матэрыялы, якія раскрываюць характар стасункаў Уладзіміра Караткевіча і яго знаёмай па вучобе ў Літаратурным інстытуце Ніны Молевай — пісьменніцы, мастацтвазнаўцы. Друкуюцца лісты класіка беларускай літаратуры, яго вершы-прысвячэнні і згадкі самой Молевай. Дарэчы, гэта звяртаючыся да яе, маскоўскай музы, Уладзімір Сямёнавіч пісаў: “Родная моя, видно, у меня сейчас одна судьба: думать о вас, беспокоиться о вас. И мне другой судьбы не нужно”. Значную частку кнігі “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы” складаюць вершы, прысвечаныя класіку. Тут і вянок санетаў “Аршанскі прарок Караткевіч”, і творы Рыгора Барадуліна, Міколы Аўрамчыка, Генадзя Бураўкіна, Максіма Лужаніна, Казіміра Камейшы, Сяргея Грахоўскага, Васіля Зуёнка і шмат яшчэ каго. Алесь Карлюкевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Караткевічаўскі юбілей адышоў, адгаманіў — застаўся ў памяці. Дзяржава і грамадскасць годна святкавалі 80-я ўгодкі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, класіка... |
|