«Сонечная кветка» зацвiце ў Мазыры. 21.by

«Сонечная кветка» зацвiце ў Мазыры

23.04.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сталiца беларускага Палесся збiрае гасцей на свята мастацтваў

На працягу пяцi дзён з 26 красавiка жыццё жыхароў сталiцы беларускага Палесся Мазыра будзе аздоблена цудоўнай вясёлкавай палiтрай музычнага мастацтва. Тут пройдзе VII Мiжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымi крыламi». Чым адметным парадуе сёлетняя фестывальная праграма прыхiльнiкаў музычнага мастацтва, якую геаграфiю прадставяць на сцэнiчных пляцоўках калектывы i выканаўцы? Аб гэтым i iншым напярэдаднi падзеi карэспандэнт «Р» распытаў дырэктара фестывалю, намеснiка старшынi Мазырскага раённага выканаўчага камiтэта Фелiкса Галюка (на здымку).

— Фелiкс Фёдаравiч, падаецца, напярэдаднi адметнай культурнай падзеi ў жыццi нашай краiны не лiшне нагадаць пра гiсто­рыю станаўлення «Зямлi пад белымi крыламi» на мазырскай зямлi...

— Гiсторыя мiжнароднага фестывалю юных талентаў «Зямля пад белымi крыламi» сведчыць аб тым, што ён па праву заняў пачэснае месца сярод фестываляў мiжнарод­нага ўзроўню, якiя ладзяцца на тэрыторыi нашай рэспублi­кi. Па ацэнках многiх дзеячаў культуры, ён стаў значнай з’явай у культурным жыццi беларускага Палесся. Калi вобразна, стаў той прыгожай, сонечнай кветкай, якая ўплецена ў вянок нашай нацыянальнай культуры. Нарадзiўся фестываль, як вядома, у 1998 годзе, право­дзiцца раз у два гады ў краса­вiку. За час iснавання «Зямлi пад белымi крыламi» ў фестывальных мерапрыемствах прынялi ўдзел больш за тры тысячы выканаўцаў з розных краiн свету. Ажыццяўленне маштабнага праекту стала магчымым дзякуючы iнiцыяты­ве Мазырскага гарадскога выканаўчага камiтэта i раённага Савета дэпутатаў, дзiця­чага харэаграфiчнага цэнтра «Палеская зорачка», адчувальнай падтрымцы Гомельскага аблвыканкама i Мiнi­стэрст­ва культуры Рэспублiкi Беларусь. Галоўная мэта фестывалю — развiццё дзiцячай творчасцi, стварэнне магчымасцi юным талентам для цеснага знаёмства з нацыяналь­нымi культурамi краiн-удзель­нiц i нала­джвання цесных сяброўскiх сувязяў.

— Першыя акорды фестывалю прагучаць у дзень сумна памятнай для ўсiх беларусаў, жыхароў Гомельшчыны ў прыватнасцi, даты — 26 красавiка. 25 гадоў таму адбылася катастрофа на ЧАЭС. Якi адбiтак зной­дзе хвалюючая чарнобыльская тэма ў час мерапрыемства?

— «Жыццё працягваецца!» — менавiта такiм быў лейтматыў першага фестывалю, якi прайшоў у дванаццатую гадавiну аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Мы перакананы: памяць аб Чарнобылi, праўду аб маштабах чарнобыльскай трагедыi трэба перадаваць як святыню з пакалення ў пакаленне. Таму традыцыйна ў першы фестывальны дзень у Мазыры пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 25-годдзя чарнобыльскай бяды. Удзельнiкi фестывалю разам з мазырана­мi прыйдуць у сквер Памяцi да знака ахвярам Чарнобыля на мiтынг-рэквiем. Наколькi вядома, чарнобыльская тэма будзе заяўлена i ў конкурсных праграмах, прагучаць такiя творы i падчас выязных выступленняў юных артыстаў. Белы бусел, якi нездарма стаў эмблемай фестывалю, з’яўляецца сiмвалам жыцця, праўды i дабрынi, ён аберагае пад сваiмi крыламi шчаслiвае дзяцiнства.

— Якiм будзе сёлетнi склад удзельнiкаў?

— Прыемна адзначыць, што з кожным новым мерапрыемствам пашыраецца яго геа­графiя i расце колькасць жадаючых прыняць у iм удзел. У адрас аргкамiтэту VII Мiжнароднага фестывалю юных талентаў паступiла звыш 300 заявак на ўдзел ад вакалiстаў i 70 — ад вакальных i харэа­графiч­ных калектываў. Камi­сii, якая рабiла папярэднi адбор, скажам прама, было няпроста. Мiж тым, улiчваючы магчымасцi i вопыт папярэднiх фестывальных дзей, запрашэнне на фестываль атрымалi 70 вакалiстаў, 20 вакальных груп i 21 харэа­графiчны калектыў. Такiм чынам, 500 дзяцей i падлеткаў з дванаццацi краiн свету сёлета прадставяць сваю культуру на фестывальных пляцоўках. Упершыню ў конкурсных праграмах прымуць удзел юныя таленты з Iталii. Удзельнiкi i госцi форуму будуць мець магчымасць пазнаёмiцца з узо­рамi нацыянальных культур Азербайджана, Малдовы, Румынii, прыбалтыйскiх краiн, Украiны i Расiйскай Федэра­цыi, якую, апроч iншых рэгiё­наў, прадставяць юныя таленты Башкартастана i Чувашыi. Беларускае песеннае i харэаграфiчнае мастацтва прадставяць хлопчыкi i дзяўчынкi з дваццацi пяцi гарадоў i вёсак нашай краiны. Сярод канкурсантаў — удзельнiкi вядомых i сур’ёзных мiжнародных iм­прэз, якiя праходзяць у Маскве, Кiеве, Санкт-Пецярбургу, Юрмале... Да прыкладу, ўдзел у фестывалi возьмуць Дар’я Надзiна i Данiiл Казлоў, якiя прадстаўлялi нашу краiну на Мiжнародным дзiцячым конкурсе песнi «Еўрабачанне» у 2009-м i 2010-м гадах. Ацэньваць таленты канкурсантаў будзе мiжнароднае журы ў складзе прадстаўнiкоў i вядомых дзеячаў культуры сямi краiн на чале з мастацкiм кiраўнiком Дзяржаўнага акадэ­мiчнага народнага хору iмя Г.I. Цiтовiча, прафесарам, народным артыстам Рэспуб­лiкi Беларусь Мiхасём Дры­неўскiм.

— Наколькi вядома, ў фестывальныя днi творчыя калектывы i выканаўцы зробяць так званы вялiкi паход у народ: выступяць з разнастайнымi канцэртнымi прагра­­мамi перад вяскоў­ца­мi Мазыршчыны. Чым новым яшчэ парадуюць мазыран i шмат­лiкiх гасцей VII Мiжнарод­нага фестывалю яго арганiзатары?

— Кожны фестываль мы iмкнёмся зрабiць запамiналь­ным i цiкавым. Цудоўна прай­шлi выступленнi ўдзельнiкаў мiнулага фестывалю ў населеных пунктах Мазыршчыны. Гэты вопыт будзе пашыраны: падчас cёлетняга мерапрыемства свае творчыя набыткi вакалiсты i харэаграфiчныя калектывы прадэманструюць перад на­сель­нiцтвам 10 аграгарадкоў Мазырскага раёна. Спадзяёмся, прыемнай стане сустрэча мазыран i ўдзельнiкаў фестывалю з ганаровымi гасця­мi свята — дзяржаўным ансамблем «Песняры» i салi­стамi Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя Уладзiмiра Муля­вiна Ксенiяй Сiтнiк i Андрэем Кунцом, якiя атрымалi пуцёўку ў вялiкае творчае жыццё менавiта на фесты­валi «Зямля пад белымi крыламi». Упершыню для кiраў­нiкоў творчых калектываў i вакалiстаў мы ладзiм круглы стол, на якiм гаворку аб плюсах i мiнусах конкурсных праграм будуць весцi члены журы. Чакаюць ўдзель­нiкаў фестывалю i гледачоў i iншыя сюрпрызы, прыгатаваныя галоўнай рэжысёрскай пастановачнай групай. Якiя? Няхай пакуль застаецца сакрэтам…

— Якiя пажаданнi адрасуеце ад iмя арганiзатараў ўдзельнiкам i гасцям свята мастацтва?

— Аргкамiтэтам i дырэкцыяй фестывалю зроблена многае, каб свята мастацтваў прайшло на належным высокiм узроўнi. Усiм удзельнiкам жадаем паспяховага выступлення i творчых знаходак. Упэўнены, мазыране, як i раней, праявяць лепшыя ўзоры гасцiн­­насцi, зробяць усё магчымае, каб фестываль стаў сапраўдным святам высокай дзiцячай творчасцi i сяброўства.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мазыры пройдзе юнацкi фестываль «Зямля пад белымi крыламi»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика