Першыя каляровыя здымкi Беларуси TUT. 21.by

Першыя каляровыя здымкi Беларуси TUT

21.06.2011 08:27 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першыя каляровыя здымкi Беларуси TUT

TUT.BY
Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў захоўвае аўдыёвізуальныя дакументы на розных носьбітах. Самы шматлікі іх від – фотадакументы на плёначных носьбітах. Мы вырашылі звярнуцца да найбольш ранніх каляровых дакументаў, створаных у 50-х гадах ХХ стагоддзя. Іх выкарыстанне ў свой час, як і многіх іншых архіўных дакументаў, было абмежавана. Ужо першая спроба іх "рэанімацыі" выклікала сенсацыю.



У 2007 годзе ў БДАКФФД падчас пераводу фотадакументаў у лічбавы фармат выявілася, што найбольш раннімі каляровымі дакументамі з'яўляюцца дакументы аб святочнай дэманстрацыі 1 мая 1952 года ў Мінску, здадзеныя на захоўванне Беларускім тэлеграфным агенцтвам (БелТА) у 1957 годзе. Акрамя агенцтва БелТА, дакументы таго перыяду былі перададзены на дзяржаўнае захоўванне рэдакцыямі газеты "Гродненская праўда", часопісаў "Сельская гаспадарка" (назва выдання прыведзена на аснове здатачнага вопісу) і "Маладосць", Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС), Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і калекцыянерамі Я. Рапасавым, І. Салавейчыкам, І. Пікманам, А. Дзітлавым і іншымі. Як найчасцей сустракаемых аўтараў фотадакументаў трэба адзначыць фотакарэспандэнтаў А. Дзітлава, В. Лупейку, Г. Бягуна (агенцтва БелТА) і А. Карніцкага ("Сельская гаспадарка").







У 2010 годзе падчас першапачатковай навуковай апрацоўкі асабістай калекцыі А. Дзітлава былі выяўлены новыя каляровыя фотадакументы 1952-1959 гадоў. Гэта яшчэ раз падкрэсліла правільнасць высновы, што пра колер на Беларусі можна казаць толькі з пачатку 1950-х. Але гэта не аспрэчвае і магчымасці больш ранняга выкарыстання каляровых фотаматэрыялаў. Са з'яўленнем доступу да трафейных каляровых фотаматэрыялаў савецкія фатографы пачалі іх выкарыстоўваць ужо ў другой палове 1940-х гадоў. Аб гэтым сведчыць і прысутнасць у калекцыі А. Дзітлава дакументаў за дадзены перыяд. Зыходзячы з памет аўтара калекцыі, ёсць верагоднасць наяўнасці фотадакументаў і за 1946 год, але гэта, хутчэй за ўсё, будуць адзінкавыя кадры. Пра масавае выкарыстанне каляровых фотаматэрыялаў у СССР (у тым ліку і ў Беларусі) можна казаць только з пачатку 1950-х, калі была наладжана вытворчасць айчынных каляровых фотаматэрыялаў.











У 1950-я гады каляровыя фотаматэрыялы былі вялікім дэфіцытам, таму іх размяркоўвалі па арганізацыях у залежнасці ад іх статусу і дзяржаўнага заказу. Пад час адкрыцця выставы "Колер 50-х" у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы у студзені 2008 года адным з выступаючых было адзначана, што прадстаўленыя дакументы з'яўляюцца "гламурам 50-х", глянцавым адбіткам тагачаснай рэальнасці. Але гэта ніякім чынам не адбіваецца на каштоўнасці дакументаў. Каляровае адлюстраванне дазваляе неардынарна паглядзець на адлюстроўваемую падзею і, відавочна, выйграе ў чорна-белага па ўспрыманні.

Тэматыка дакументаў вельмі рознапланавая і прадстаўляе афіцыёз з усёй спецыфікай падзей таго часу. У іх выразна адлюстраваны грамадска-палітычныя мерапрыемствы, розныя галіны народнай гаспадаркі, віды гарадоў, быт насельніцтва і г. д. Акрамя таго, успрыманне ў колеры дазваляе па-новаму ўбачыць дастаткова звычайныя, побытавыя рэчы: нацыянальнае і паўсядзённае адзенне, фасады будынкаў, каляровую гаму абсталявання і іншыя акалічнасці. Напрыклад, каляровы партрэт ардэнаносца дазваляе разгледзець нават колер яго вачэй – такую мізэрную, амаль незаўважаную часцінку каляровага фотаздымка.









Сярод фотадакументаў характэрнымі з'яўляюцца калекцыі Я. Рапасава і І. Пікмана. Калекцыя былога фотакарэспандэнта газеты "Труд" Я. Рапасава прадстаўлена фотаздымкамі вядомых беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Міхася Лынькова, Максіма Танка, Івана Шамякіна і іншых за 1954-1959 гады падчас іх знаходжання ў Маскве. Калекцыя кінааператара і рэжысёра кінастудыі "Беларусьфільм" І.Пікмана, які пры пераездзе на жыхарства ў ЗША ў 1990 годзе здаў дакументы на захоўванне ў БДАКФФД, прысвечана Белавежскай пушчы: яе фаўне і флоры, працоўнай і навуковай дзейнасці яе супрацоўнікаў і г. д.

Асобна трэба адзначыць фотадакументы пра тэатральнае жыццё - сцэны са спектакляў (БелТА, А. Дзітлаў), якія ў параўнанні з іх шматлікімі чорна-белымі братамі выклікаюць асаблівую цікавасць. Хутчэй за ўсё, яны ні ў якіх выданнях не друкаваліся і нікому не вядомыя як каляровыя.

Храналогія паступлення дакументаў на дзяржаўнае захоўванне адсутнічае. З 1957 года да пачатку 1970-х гадоў дакументы паступалі сістэматычна асобнымі блокамі. У больш познія гады, уключаючы 1999 год, яны сустракаюцца толькі ў асабістых калекцыях. Адсюль вынікае, што ў пазнейшых паступленнях магчыма выяўленне каляровых фотадакументаў з больш ранняй даціроўкай. Як, напрыклад, дакументы аб народным паэце БССР Якубе Коласе. Першы каляровы дакумент, датаваны 8 верасня 1952 года, паступіў на захоўванне ў 1957 годзе (БелТА, А. Дзітлаў). Наступныя, датаваныя 1954-1956 гадамі, паступілі ўжо ў 1979 годзе (калекцыянер Я. Рапасаў). Апошнія паступленні 2010 года – асабістая калек-цыя А. Дзітлава. Пасля першапачатковай навуковай апрацоўкі яе невялікай часткі, можна зрабіць выснову, што Дзітлаў быў першым фатографам у Беларусі, які пачаў выкарыстоўваць каляровы фотаматэрыял у сваёй працы. Больш ранніх дакументаў, чым у яго, не выяўлена. Іх асаблівасць у наяўнасці арыгінальнага каляровага негатыва, а не пазітыва ці яго наступнай копіі.













У сістэматычным каталогу БДАКФФД да пачатку XXI стагоддзя ўсе кантрольныя адбіткі на каталож-ных картках фотадакументаў прадстаўлены ў чорна-белым варыянце. Гэта тлумачыцца адсутнасцю пат-рэбнага абсталявання і хімічных рэактываў для каляровага пазітыўнага працэсу. На той час архіў не мог надрукаваць каляровы фотадакумент. Чорна-белы ж адбітак з каляровага негатыва прадстаўляе плоскае, шэрае адлюстраванне з адсутнасцю паўтаноў, што не давала і рэальнага ўспрымання адлюстроўваемай падзеі. На самой каталожнай картцы ўказанне на каляровасць адсутнічала. Даследчык не атрымліваў ніякай інфармацыі аб тым, што той ці іншы дакумент з'яўляецца каляровым.



Негатывы-арыгіналы прадстаўлены немаскіраванай плёнкай на гаручай нітратцэлюлознай аснове: фотапленка "AGFACOLOR B" (Германія) і "Фабрика-3" (СССР). Верагодней за ўсё, савецкая плёнка з'яўляецца аналагам нямецкай. У наш час немаскіраваная плёнка не вырабляецца. Надрукаваць традыцыйным спосабам каляровы фотаздымак немагчыма: адсутнічаюць як фотапапера, так і рэактывы для хімічнага працэсу.

Выкарыстоўваемы з 1970-х гадоў перавод фотадакументаў на трыацэтатную негаручую аснову жаданага выніку прынесці не змог - колер фотаздымка незваротна губляецца. І як вынік - дакумент аўтаматычна губляе сваю арыгінальнасць.

Аб'ектыўна паўстае пытанне: "А чаму толькі сёння і зараз з'явілася магчымасць убачыць гэтыя дакументы ў іх першапачатковым выглядзе?". Адказ вельмі просты. Прымяненне інфармацыйных тэхналогій у архіўнай галіне, назапашванне вопыту па пераводзе ў лічбавы фармат фотадакументаў прадаставіла магчымасць даць ім другое жыццё. Лічбавыя тэхналогіі дазваляюць стварыць копію арыгінальнага фотадакумента з усёй паўнатою захавання яго каляровых характарыстык. З 1997 года ў БДАКФФД вядзецца планавая праца па стварэнні лічбавага фонду карыстання фотадакументаў. Першымі былі пераведзены ў лічбавы фармат "вялікія" з "3" (10х15см) па "6" (24х30см) памеры фотадакументаў. Сярод іх каляровымі былі толькі тры дакументы. Каляровыя ж негатывы пераводзіліся ў лічбавы фармат толькі пры выкананні заказаў. Чарга для валавага пераводу ў лічбу каляровых фотадакументаў падыйшла толькі ў 2007 годзе. Асноўная частка каляровых негатываў прадстаўлена дакументамі "1" (6х4,5-6х9см) і "0" (24х36мм) памераў.

Вынікі апрацоўкі значнай колькасці негатываў даюць магчымасць падзяліць іх па ступені захоўвання на тры катэгорыі:

• дакументы без бачных парушэнняў перадачы колеру, лёгка карэктуюцца ў ручным і аўтаматычным рэжымах;

• дакументы з бачнымі вокам частковымі пашкоджаннямі каляровых слаёў, патрабуюць больш дэта-лёвай ручной карэкцыі колеру, асабліва ў пашкоджаных месцах;

• дакументы, незваротна згубленыя як каляровыя ў сувязі з частковым згасаннем каляровых слаёў (разбаланс). Яны маюць жоўтае або карычнева-зялёнае адценне. Гэтаму дэфекту падвержаны фотадаку-менты, вырабленыя з парушэннем фотахімічнага працэсу (пераэкспанаваныя альбо перапраяўленыя).

Пры наяўнасці дублетных негатываў неабходна перавесці ў лічбавы фармат усе, каб у будучым была магчымасць выбраць сярод іх найбольш якасны. Гэта звязана з тым, што візуальна немагчыма вызна-чыць ступень згасання каляровых слаёў: вока бачыць только яўныя тэхнічныя і хімічныя пашкоджанні плёнкі. У ходзе далейшай працы па карэкцыі каляровых і тонавых характарыстык ужо пераведзенага ў лічбу дакумента неабходна захоўваць некалькі яго копій у розных каляровых варыянтах. Усё гэта пат-рабуе ад аператара вопыту працы з каляровымі негатывамі, а галоўнае – адчуванне (разуменне) колеру (наяўнасць вопыту працы фатографам-прафесіяналам).













Нельга не разгледзець і тэхнічны бок стварэння лічбавай копіі фотадакумента. Усе слайд-сканары пры-стасаваны для работы са стандартным фотаматэрыялам позняй вытворчасці. Пры апрацоўцы дакументаў 1950-х для атрымання якаснай копіі патрэбна адаптацыя сканара. Гэта, у першую чаргу, да-тычыць перавода ў лічбавую форму дакументаў "1" памеру (6х4,5-6х9см). Рамкі слайд-сканара разлічаны на стандартны памер негатыва, а шмат і нестандартных, якія з вялікай рамкі вывальваюцца, а ў рамцы меншага памеру не змяшчаюцца. Акрамя таго, каляровыя плёнкі з цягам часу дэфармуюцца (скручваюцца), што таксама ўносіць свае асаблівасці пры пераводзе дакумента ў лічбу. Неабходны ад-паведныя насадкі для роўнай падачы негатыва ў сканар. У гэтым сэнсе добра сябе зарэкамендавалі ска-нары фірмы "NIKON".

На ступень захаванасці негатываў значны ўплыў аказвае якасць выкарыстоўваемага матэрыялу. Як паказаў час, фотаплёнка фірмы "AGFA" больш устойлівая да ўздзеяння часам. Фізіка-хімічныя працэсы, якія прыводзяць да распаду як асновы, так і эмульсіі, працякаюць у іх павольней. Але гэта не азначае, што дакумент будзе вечны. Выснова: каляровыя фотадакументы павінны быць пераведзены ў лічбавы формат у першую чаргу, таму што яе асноўны кампанент – каляровы фарбавальнік – вельмі няўстойлівы.

На сучасны момант усе каляровыя фотадакументы, якія знаходзяцца на захоўванні ў БДАКФФД, пера-ведзены ў лічбавы фармат. У архiве ўпэўнены, што ў будучым з'явяцца яшчэ больш раннія каляровыя фотадакументы на арыгінальных носьбітах.

TUT.BY – толькi ў нас… 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў захоўвае аўдыёвізуальныя дакументы на розных носьбітах. Самы шматлікі іх від – фотадакументы на плёначных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика