Свята ля чыстай крыніцы
04.08.2011
—
Новости Культуры
|
Мястэчка Ракуцёўшчына, дзе роўна сто гадоў таму адпачываў класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч, пераўтварылася ў вялікую фестывальную пляцоўку
![]() Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”, прысвечанае творчасці Багдановіча, праходзіць у вёсцы з 1983 года. Па словах дырэктара Літаратурнага музея М. Багдановіча Таццяны Шаляговіч, таму, хто ні разу не быў у Ракуцёўшчыне, будзе цікава сюды прыехаць. “Да Дня нараджэння класіка мы штогод рыхтуем новую праграму, каб гэта было і весела, і пазнавальна, і па-лірычнаму, і натхняла”, — гаворыць Таццяна Шаляговіч. Сёлета свята пачалося ад памятных камянёў на скрыжаванні дарог на Ракуцёўшчыну і Чысць. Там штогод збіраюцца аматары творчасці паэта, пісьменнікі, музыкі, мастакі, фальклорныя калектывы. Вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, чыталі вядомыя паэты Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Навум Гальпяровіч. А песні на вершы класіка “Слуцкія ткачыхі”, “Вераніка” цудоўна выканаў саліст ансамбля “Песняры” Андрэй Усанаў. З цікавай праграмай выступілі фольк-медыягурт “Неруш”, ансамблі беларускай народнай песні “Талака”, “Пліса” і іншыя. Як адзначае намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, гэтае свята, напярэдадні 120-годдзя Максіма Багдановіча, сапраўды дае магчымасць людзям глыбей пранікнуць у творчасць паэта, больш даведацца пра яго. Свята працягвалася ў самім фальварку Ракуцёўшчына, у філіяле музея. У ім ёсць Дом арандатара, гумно, Максімава крыніца, помнік і Максімаў сад. Арыгінальных рэчаў, якімі карыстаўся паэт, на жаль, не захавалася: унікальныя экспанаты знішчыў пажар гадоў дзесяць таму. Пасля знаёмства з філіялам госці сабраліся на літаратурна-музычную імпрэзу. Выступленні беларускіх паэтаў, бардаў, маладзёжных гуртоў праходзілі ля Максімавай крыніцы, да якой шмат гадоў таму любіў хадзіць паэт. Напрыканцы цудоўнага свята я, як і іншыя госці, паспрабаваў гаючай вады з той крынічкі. Яна сапраўды вельмі смачная: халодная, празрыстая. П’еш, і яшчэ піць хочацца. І калі з добрым настроем, яркімі эмоцыямі вяртаўся дадому, мяне не пакідала пачуццё, быццам сустрэўся з самім Максімам. Лявон Целеш Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мястэчка Ракуцёўшчына, дзе роўна сто гадоў таму адпачываў класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч, пераўтварылася ў вялікую фестывальную пляцоўку |
|