Па слядах старажытных шахцёраў

20.08.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Па слядах старажытных шахцёраў.

Гісторыя аднаго з самых унікальных аб’ектаў Беларусі, які выйшаў у фінал нашага праекта, — Краснасельскіх крэменездабываючых шахт — налічвае каля чатырох тысячагоддзяў.

Як сведчыць легенда, каля чатырох тысяч гадоў таму назад у ваколіцах сучаснай вёскі Краснасельскі Ваўкавыскага раёна з’явілася некалькі паселішчаў племені рось. Правадыром гэтых людзей быў Турын Рог. Яны першыя і знайшлі крэмень, а потым пачалі яго здабываць. Нашы продкі заўважылі, што “чорны” камень востры і падатлівы. І адразу пачалі рабіць прылады працы і зброю. Трэба зазначыць, што праіснаваў гэты “вытворчы” комплекс даволі працяглы час — прыблізна тры тысячагоддзі. Сёння ж старажытныя шахты з’яўляюцца адной з галоўных адметнасцей ваўкавыскай зямлі.

Даліна Белых слядоў

Практычна кожны дзень тут можна заўважыць людзей. Нехта прыходзіць сюды з надзеяй спусціцца пад зямлю. Кагосьці цікавіць магчымасць набраць крэменю, які, дарэчы, і сёння тут ляжыць прама на паверхні. Толькі выкарыстоўваюць нашы сучаснікі яго не для вырабу наканечнікаў стрэл, тапароў і скрабкоў. З дапамогай гэтага каменю ачышчаюць ваду, яна становіцца па-сапраўднаму чыстай, смачнай, жывой і гаючай. Іншых турыстаў вабіць прыгожы пейзаж і жаданне пабыць сам-насам з прыродай. А мясціны тут сапраўды вельмі маляўнічыя. Невялічкая пляцоўка з шахтамі размясцілася ў глыбіні лесу. Побач — штучнае возера са стромкімі абрывамі. Адным словам, умовы для адпачынку шыкоўныя. У гэтага куточка нават назва свая ёсць. Народная. Даліна Белых слядоў. І не без падставы. Адбіткі ног на глебе сапраўды белыя — дзякуючы мелавым адкладанням, якія каля 200 тысяч гадоў таму назад пакінуў ледавік.

Беларускі крэмень

— Упершыню пра ваўкавыскія шахты стала вядома ў 20-я гады мінулага стагоддзя, —  распавядае дырэктар музея гісторыі прадпрыемства ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” і краязнаўства Дзяніс Ваканаў. — Адкрыў іх археолаг Зігмунд Шмідт, прычым зусім выпадкова. Аднойчы ў Варшаўскім музеі ён натрапіў на экспанаты з крэменю, якія прывезлі з беларускай вёскі. Даследчык адразу ж зацікавіўся гэтым месцам і арганізаваў раскопкі. Такім чынам і быў знойдзены першы калодзеж.Зараз на невялічкай тэрыторыі закансервавана дзевяць былых крэменездабываючых шахт, усе яны накрыты бетоннымі плітамі. На самай справе тут налічваецца каля сотні такіх калодзежаў. Навукоўцы плануюць з цягам часу правесці глабальныя раскопкі і ўзнавіць увесь археалагічны комплекс.

Праца не для слабых

— У большасці сваёй краснасельскія шахты былі неглыбокія — дзесьці 5—6 метраў, — працягвае Дзяніс. — І што цікава, нашы продкі рабілі іх такімі наўмысна. Як высветлілася, ужо ў тыя далёкія часы яны валодалі геалагічнымі ведамі і разумелі, што сцены з мелу ненадзейныя і могуць у любы момант абсыпацца. Таму забірацца на глыбіню небяспечна. Больш таго, каб застрахаваць сябе ад непрадбачаных сітуацый, яны знайшлі цікавае рашэнне. Шахты капалі нападалёку адна ад адной і аб’ядноўвалі пераходамі. Такім чынам, у выпадку абвалу ў людзей заставаўся які-ніякі, а шанц на выратаванне — яны выходзілі па штрэках да другога калодзежа і ўжо адтуль паднімаліся на паверхню.Трэба зазначыць, што праца на мясцовых “рудніках” была не толькі небяспечнай, але і вельмі цяжкай. Здабываць крэмень мясцовыя жыхары пачыналі як толькі віднела, сігналам жа да адпачынку служыў захад сонца. Ужо пасля некалькіх часоў чорнай працы старажытныя здабытчыкі станавіліся ў літаральным сэнсе белымі. З-за мелу. У якасці лесвіц росы выкарыстоўвалі простыя дрэвы, а сыравіну наверх падымалі з дапамогай вяровак. Па сутнасці, нашым продкам увесь час прыходзілася працаваць на каленях, да таго ж развярнуцца ў вузкай шахце было практычна немагчыма. Вучоныя згадваюць, што пры раскопках на пародзе нават знаходзілі... адбіткі рук старажытных шахцёраў.

Музей пад адкрытым небам

Краснасельскія крэменездабываючыя шахты — па-сапраўднаму ўнікальны аб’ект. Падобныя музеі пад адкрытым небам ёсць толькі ў Галандыі, Польшчы, Францыі.— Мы таксама мяркуем зрабіць тут запаведнік, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Ваўкавыскага райвыканкама Святлана Вараніца. — Спадзяёмся, што з цягам часу ён стане цікавым турыстычным праектам. Безумоўна, у першую чаргу трэба арганізаваць нармальныя пад’язныя шляхі, стаянку для аўтобусаў, кавярню. Адным словам, паклапаціцца аб добрай інфраструктуры. Далей у планах — заняцца непасрэдна шахтамі, зрабіць асвятленне, спецыяльныя галерэі, якія будуць весці да адкрытых калодзежаў. Каб наведвальнікі маглі пабачыць, у якіх умовах працавалі нашы продкі і як здабывалі крэмень. — Больш таго, побач з крэменязёмнай пляцоўкай можна размясціць сапраўдную неалітычную вёску-гатэль, як гэта зрабілі ў Польшчы, — дадае Дзяніс Ваканаў. — Рэканструяваць жыллё першабытных людзей, майстэрні. Не сумняваюся, каб адчуць сябе старажытнымі шахцёрамі, многія турысты ахвотна пажывуць у такіх экзатычных умовах.

Марсіянскі ландшафт

Непаўторны каларыт гэтым мясцінам надае і вялікая колькасць штучных азёр. Справа ў тым, што традыцыі старажытных шахцёраў не страчаны. Тут працуе адно з самых буйных прадпрыемстваў па вытворчасці цэменту ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”, якое на месцы здабывае для сваіх патрэб гліну і мел. Як толькі кар’ер спусташаецца, ён адразу ж запаўняецца вадой. Над некаторымі такімі вадаёмамі абрывы настолькі высокія, што нагадваюць горы. Нездарма ў народзе іх называюць краснасельскімі карпатамі - Нерухомiсть в Карпатах - власність та нерухомість в Карпатах від власників. Без посередників!. А побач с вёскай Карпаўцы можна патрапіць і на сапраўдны экзатычны ландшафт. Чырвоная патрэсканая глеба, вада зусім неверагоднага фантастычнага колеру... Як быццам пабываў на Марсе ці ў тропіках.У дадатак да ўсяго ў штучных азёрах водзіцца шмат карпаў. Аматарам жа забаўляльных прагулак можна прапанаваць пакатацца на лодцы ці катамаране.— Як бачыце, варыянтаў для адпачынку шмат. Дарэчы, вопыт нашых заходніх суседзяў паказаў, што гэта сапраўды прыбыльны бізнес, — падкрэсліў Дзяніс. — З такога музея пад адкрытым небам палякі атрымліваюць да аднаго мільёна еўра ў год. Праўда, напачатку ім спатрэбіліся немалыя сродкі, каб стварыць запаведнік, ды і будавалі аб’ект не адзін дзясятак гадоў.Зразумела, што і беларускаму археалагічнаму помніку не абысціся без інвестыцый. Зрэшты, першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены. ГА “Беларускі камітэт ІКАМОС”, які з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком ЮНЕСКА ў Беларусі, прапанаваў Ваўкавыскаму райвыканкаму сваю дапамогу і бясплатна распрацаваў праект арганізацыі музея на тэрыторыі былых шахт. Паводле іх ацэнак, на першым этапе ў новы турыстычны аб’ект спатрэбіцца ўкласці каля дзесяці мільярдаў рублёў. Застаецца толькі знайсці такія грошы.

НАШЫ ФІНАЛІСТЫ

Ці ведаеце вы, што...

Настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы ў вёсцы Залужжа Старадарожскага раёна іерэй Уладзімір Талюш з’яўляецца адным з беларускіх новапакутнікаў. Ён быў арыштаваны ў 1933 годзе як “кіраўнік контррэвалюцыйнай царкоўнай арганізацыі” і прыгавораны да 10 гадоў канцлагера. З лагера настаяцель не вярнуўся. У 1938 годзе ён быў расстраляны за “антысавецкую агітацыю сярод зняволеных”. Дванаццаць гадоў таму Уладзімір Талюш быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў Беларусі.

Каля 18—20 тысяч гадоў таму на месцы Браслаўскіх азёр знаходзіўся ледавік, таўшчыня якога вагалася ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў метраў. Падчас апошняга пацяплення клімату ледавікі растаялі і адышлі далей на поўнач. У выніку ўтварылася сістэма азёр і раўнін, якую мы сёння называем Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”. Яго плошча — каля 70 тысяч гектараў.

 
 
 

РЕКЛАМА