Напісанае застаецца
25.08.2011
—
Новости Культуры
|
“Як шмат мне хочацца сказаць”, — напісаў калісьці ў адным са сваіх вершаў Алег Салтук, якому сёння спаўняецца 65 гадоў. І сказаў у дзесяці паэтычных кніжках, у сотнях артыкулаў, надрукаваных на старонках розных газет. А за ўсімі вершамі, паэмамі, артыкуламі — жыццёвая дарога ў шэсцьдзясят пяць гадоў, якая пачыналася, па словах вядомага творцы, там, дзе плывуць самыя прыгожыя аблокі, дзе жылі і жывуць самыя дарагія і спагадлівыя людзі, дзе помніцца ўсё да самай маленькай пясчынкі, куды хочацца вяртацца яшчэ і яшчэ і ў хвіліны самай вялікай радасці, і ў хвіліны адчаю, каб нязмушана і шчыра паціснуць рукі землякоў, паглядзець на някідкія, шчымлівыя да болю краявіды, пахадзіць па таямнічых сцежках маленства, набрацца сiлы і жыць далей. За шэсцьдзясят пяць пражытых гадоў Алег Салтук скончыў школу, філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, адслужыў у Савецкай арміі, адпрацаваў у рэдакцыі ўшацкай раённай газеты “Патрыёт”, абласной — “Віцебскі рабочы”, сакратаром абласнога аддзялення СПБ. Узнагароджаны медалямі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі камсамола Віцебшчыны, гарадской прэміі “Сузор’е муз” у галіне літаратуры і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Журналісцкая праца яго адзначана “Залатым пяром”. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі і ганаровы грамадзянін Шуміліна. Паэт у росквіце сваіх паэтычных сіл. Сведчанне таму — нядаўні выхад новай ягонай кніжкі вершаў і паэм “Дзве зары”. Алег Салтук — даўні аўтар нашай газеты. Дык пажадаем яму фізічнага і літаратурнага здароўя. А чытачам “Рэспублікі” прапануем вершы з новай кнігі таленавітага паэта. ------------------------------------- Тры волаты Ля карціны Васняцова Тры волаты вечабылінных Пасталі радком на яру. Глядзяць, дзе ж то Русь з Украінай, Ці ёсць паміж іх Беларусь? У сэрцах у вояў трывога — Свой край ім пара бараніць… Уецца бясконца дарога, З варагаў у грэкі бяжыць. Пад сонейкам Днепр іскрыцца, У дальнія далі цячэ. Не знаў ён, што будуць дзяліцца Народы яшчэ і яшчэ. Без нас здрайцы нас раздзялілі — Валодаць такімі спрытней… Тры віцязі едуць, каб сілай Радзіму вярнуць найхутчэй. Як вернуць, прыедуць дадому — Вясёлая будзе пара: Зазвоняць званы і шаломы І коні нап’юцца з Дняпра. * * * Сябе неаднойчы прысню Ў той вёсцы, што знесена з карты. Зары пакланюся, агню, Нібыта язычнік упарты. Там казкі не аджылі, Жывыя там зорка і камень. Яны праз мяне прараслі Прасторамі і вякамі. Здзічэлы пярэсты каток Прыжмурыцца мне хітравата… Апошні з крыніцы глыток, Апошняя братава хата. Пустэча балючых палёў Заляжа, як свежая рана. Навошта сюды я прыйшоў, Дзе ўсё ўжо амаль зруйнавана? Куды мне падацца цяпер, Рабіць што з сабою, не знаю. Хапаю, як ранены звер, Паветра, што мне не хапае. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паэту Алегу Салтуку сёння спаўняецца 65 гадоў
|
|