Вечары на хутары ля... Паставаў. 21.by

Вечары на хутары ля... Паставаў

29.12.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вечары на хутары ля... Паставаў.

Чаму Зюзя ходзіць босы, каму Валасень казыча нос і навошта Хапуну вялікая торба?

Ці не праўда, падчас навагодніх святаў адчуваецца атмасфера нейкай таямнічасці і загадкавасці?! Нават верыцца, што ў гэтыя дні лёгка могуць адбыцца падзеі кшталту дзівосаў у гогалеўскіх “Вечарах на хутары ля Дзіканькі”. Але што мы заглядваем у замежную міфалогію, хай сабе і блізкую, славянскую? Быццам бы ў нас саміх няма цікавых гісторый і дзіўных герояў. А ўспомніце “Шляхціца Завальню” Яна Баршчэўскага! Гэта ж сапраўдная скарбонка беларускіх фантастычных апавяданняў, ад якіх, прызнацца, аж мурашкі па скуры. Там і вогненныя духі, і лясун, і Плачка, і Вужыны кароль... І гэта далёка не ўсе міфічныя героі, якія сустракаюцца ў беларускіх народных паданнях. Упэўнена, пра многія з іх чытачы нават не чулі, як і я, дарэчы, пакуль, натхнёная апавяданнямі Баршчэўскага, не завітала на Пастаўшчыну Віцебскай вобласці, дзе гэтыя самыя духі на чале з беларускім богам зімы Зюзем “прапісаліся” ў адной з лясных сядзіб. Вось дзе сапраўды можна ўдосталь надыхацца містычным навагоднім паветрам.

Хапун над галавой

Зіма сёлета выдалася няснежная. Можа, таму дарога да сядзібы Зюзі Паазерскага, якая ідзе праз  лес, падалася мне вельмі змрочнай і таямнічай. Адчула, быццам трапіла ў казку, асабліва калі ля вялікіх разных варот у сядзібу сустрэла цётка Ганна ў прыгожай каляровай хустцы — аканомка Зюзі. І павяла па сцежках, мастах, міма драўляных ліхтароў... Але пра ўсё па парадку.Сядзіба гэтая ўзнікла каля сямі гадоў таму дзякуючы дырэктару пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягору Шушкевічу, які вырашыў завабіць турыстаў, звярнуўшыся да нацыянальнай міфалогіі. А ў першую чаргу — да беларускага бога зімы Зюзі, нашага народнага Санта-Клаўса. З тых часоў і зажыў Зюзя ў лясной сядзібе недалёка ад Паставаў. Сядзіба гэта з кожным годам удасканальваецца і... абжываецца ўсё новымі духамі. І цяпер, каб трапіць да галоўнага гаспадара сядзібы, трэба спачатку прайсці сцежкай з гэтымі міфічнымі героямі.Уяўляю, як выглядае сядзіба ноччу! На сцежках, мастах, ля брам стаяць драўляныя ліхтары ў выглядзе пачварных істот. Вось бы драпала з лесу, знянацку напаткаўшы  іх увечары. Мала гэтага, то тут, то там сустракаюцца ўсялякія кікімары, лесуны, вадзянікі. Вось сядзіць, забраўшыся на слуп, Вужалка, унучка таго самага Вужынага караля, пра якога пісаў Ян Баршчэўскі. Кажуць, яна досыць бяскрыўдная.  Затое насцярожваюць Клікун на гадзюцы і Хапун, які вісіць у паветры над галовамі гасцей сядзібы. Паданні кажуць, што ён выкрадае дзяцей — у яго для гэтага і торба вялікая ёсць. 

Свіння ля будкі

На “Зюзінай ваколіцы” неяк спакайней. Ціхенька стаіць ля невялічкай лазні Лазнік, Лясун прытаіўся ля хаткі, куды забегла яго жонка Кікімара. І толькі насцярожвае прывязаная да буды свіння, якая ахоўвае сядзібу. Чаму свіння, а не сабака? Аказваецца, Зюзя  верыць, што сабака, як і воўк, колькі яго ні кармі, усё роўна ў лес уцячэ. А свіння — яна не здрадзіць. Ды і рохканне яе большы страх на зладзеяў наводзіць. А вось і сам валадар сядзібы — белавалосы Зюзя. Праўду паданне кажа — невялікага росту, босы (і гэта зімой!), без шапкі і з жалезнай булавой. Ёю Зюзя стукае па дрэвах, калі раптам раззлуецца, адсюль — і трэск у лесе. Але ўвогуле дзядок ён нядрэнны. Амаль увесь час праводзіць у лесе. Да людзей заглядае толькі, каб папярэдзіць пра маразы ці... куцці пакаштаваць на Каляды. Нават прыказка ёсць: “Зюзя на дварэ — куцця на стале”. Але і сам ён не супраць пачаставаць сваіх гасцей гарбатай на зёлках, пернікамі, блінамі...

Галерэя духаў

Праўда, трапіць да Зюзінай карчмы можна толькі праз Галерэю духаў. Гэта ўсяго толькі палотны з выявамі беларускіх міфічных істот. Але, паверце, і яны, развяваючыся, наводзяць нейкі страх. Надта ж абрыдлівыя гэтыя пачвары. Вось, напрыклад, зарослы доўгай чорнай поўсцю, з сяміпальцымі рукамі і доўгімі пазногцямі Валасень — ён казыча непаслухмяным дзецям насы, а жанчынам і дзяўчатам кудлаціць валасы. Ці Апівень — невялічкая істота, зарослая цёмнай рэдкай поўсцю. Галава яго па форме нагадвае чалавечую, ды толькі са свіным рылам. Там, дзе павінны быць бровы, у Апіўня маленькія, нібыта ў маладога бычка, рожкі. Ёсць у яго хвосцік, закручаны, нібы ў парсючка, і ножкі з капыткамі. Апівень прысутнічае на ўсіх застоллях, заахвочвае выпіць больш і нават падсыпае ў шклянкі “захапляльнае” зелле. З тымі, хто ўжо напіўся, забаўляецца — дражніць і скідае пад стол.Але самая прыгожая з усіх пачвар — Зазоўка, з русымі густымі валасамі, такімі доўгімі, што ёй непатрэбна было адзенне. Зазоўка вабіць да сябе мужчын і маладых хлопцаў, якія ідуць на яе спеў, каб ужо ніколі не вярнуцца дахаты. Ёсць у галерэі Мара, Паветнік, Гаёвы дзед і іншыя дзівосныя істоты. Часам яны “ажываюць” — выходзяць разам з Зюзем забаўляць турыстаў. Але Зюзя сцвярджае, што іх не трэба баяцца, тым больш што кожны можа засцерагчы сябе ад іх злых чараў: варта тройчы абысці Магічнае дрэва, што расце ў сядзібе, ды пазваніць у званочак.

Па прафесіі — Зюзя

Прызнацца, сядзіба дзеда Зюзі ўразіла мяне. Але ж заўсёды застаюцца нейкія сумненні: ці праўда жывыя тыя духі, ці сапраўдны сам гэты Зюзя? Таму задала Зюзю некалькі пытанняў:— А хто вы па прафесіі? — спытала, упэўненая, што пад барадой Зюзі хаваецца звычайны чалавек.— Я Зюзя, бог зімы белабароды, бог завеяў-завірухаў, засцілаю рэкі лёдам, крыю нівы белым пухам, — не задумваючыся, адказаў той. (Падумала: то, можа, насамрэч сапраўдны?)— А колькі ж вы працуеце Зюзем? — Ох, даўно. Мне ж ужо больш за тысячу гадоў.— А чаму ў такім разе на Пастаўшчыне пра вас так гучна загаварылі толькі некалькі гадоў таму? — усё дапытвалася я, спадзеючыся “раскалоць” белабародага дзядка.— Дык проста прадзюсар добры знайшоўся, які мне тут і хатку пабудаваў, і турыстаў запрасіў. Ну што тут было сказаць?! Насамрэч, сапраўдны гэты Зюзя. І сядзіба насамрэч яго загадкавая і таямнічая. Бо, уявіце сабе, там нават рэчы прападаюць! То ў Хапуна торба знікне, то  Клікун без дудкі застанецца. Можа, канешне, гэта выхадкі зусім не духаў, а цікаўных турыстаў. Але чым Зюзя не жартуе...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму Зюзя ходзіць босы, каму Валасень казыча нос і навошта Хапуну вялікая торба? Ці не праўда, падчас навагодніх святаў адчуваецца атмасфера нейкай таямнічасці і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика