Унікальны помнік прыроды на Ашмяншчыне не ўключаны ні ў адзін турыстычны маршрут. 21.by

Унікальны помнік прыроды на Ашмяншчыне не ўключаны ні ў адзін турыстычны маршрут

19.01.2012 10:22 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Унікальны помнік прыроды на Ашмяншчыне не ўключаны ні ў адзін турыстычны маршрут


Унікальны помнік прыроды рэспубліканскага значэння і адзін з сямі цудаў Ашмяншчыны пакуль не ўключаны ні ў адзін турыстычны маршрут.

Пасля публікацыі ў “Гродзенскай праўдзе” пра помнік прыроды – Нявесцін камень на Ашмяншчыне, мо з месяц мой тэлефон не змаўкаў. Чытачы спрабавалі даведацца, як трапіць да таго каменя. Некаторыя з жаночай даверлівасцю перапытвалі: ці сапраўды звычайны камень мае цудадзейную сілу. Такіх я зноў адсылала да публікацыі, дзе занатаваны шчырыя споведзі-расказы. А вось наконт таго, як знайсці прыродны цуд, растлумачыць удавалася нямногім – справа гэтая не з простых.

Цікавасць да каменя падагрэла беларуская акцыя “Сем цудаў Беларусі”. Нявесцін камень спачатку ўвайшоў у спіс сямі цудаў Ашмянскага раёна, потым заняў месца ў спісе цудаў Гродзеншчыны і па гэтай прычыне прэтэндаваў увайсці ў сямёрку цудаў Беларусі. І не без падстаў.

Вялізны, больш за два метры вышынёй, валун, адзін бок якога мае роўную, нібы створаную каменяцёсам, паверхню. Такім камень стварыла прырода. Ледавік, відавочна, спыніў тут свой рух – камянёў навакол Нявесцінага велікана безліч. Замшэлыя валуны градой разлягліся на гэтым участку ўздоўж трасы на Мінск, грэюць бакі на ўзлеску.

Вядомасць сваю Нявесцін камень набыў і дзякуючы прыгожым паданням і бывалічкам, якіх мясцовыя жыхары ведаюць безліч. Па адным з іх, у вялікі камень ператварылася мясцовая дзяўчына, якая кінулася ў паўнаводны тады роў, на дне якога і зараз ляжыць глыба, услед за сваім тапельцам-жаніхом. Уміг вада высахла, а ўсе слёзы нявесты ператварыліся ў камень. Калі верыць другому паданню, то камень з’явіўся на месцы паганскага капішча, дзе ў дахрысціянскія часы нашы продкі бралі шлюб. Па іншай версіі, пад гэтым каменем пахавана паслушніца, якая шчыра малілася за шчасце маладых кабет у шлюбе.

У мясцовых жыхароў да нядаўняга часу існавала прыкмета: калі маладыя перад вянчаннем не сходзяць да каменя, сямейнае жыццё не ўдасца або ў пары не будзе дзяцей. Зараз камень напаўзабыты, а калісьці слава пра яго плыла на дзесяткі кіламетраў вакол. Яшчэ ён меў славу лекара ад розных хвароб, а часцей ад дзіцячых. Казалі, калі маладая дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, ёй неабходна абавязкова дакрануцца да валуна, і спадзяванні здзейсняцца. Старажылы сцвярджаюць, што раней гэтаму каменю пакланялася моладзь і ладзіла тут свае ігрышчы, загадваючы жаданні.

Гэта паданні і бывалічкі, як кажуць, з разраду “хочаце – паверце, хочаце – праверце”. А ёсць і тыя, што цалкам правераныя. Пра іх мне даверліва расказвалі тыя, хто на сабе зведаў цудадзейную сілу каменя. Адна з маладых ашмянскіх кабет прызналася, што доўгі час не магла зацяжарыць. Калі ўсе спосабы і лекі для дасягнення мэты былі перапрабаваны, яны з мужам употайкі паехалі да Нявесцінага каменя – так параіла бабуля. А роўна праз 9 месяцаў у сям’і нарадзілася дачушка. Мабыць, так супала. Але мая субяседніца свята верыць, што без дапамогі валуна тут не абышлося.

Яшчэ адна мая субяседніца доўгі час не магла знайсці сабе нарачонага. І таксама з’ездзіла да каменя. Пасля падарожжа хутка перайшла з катэгорыі дзевак у катэгорыю мужніх кабет.

Паданняў і бывалічак пачула шмат, а вось шлях да каменя доўгі час знайсці не ўдавалася. Нарэшце знайшоўся чалавек, які дакладна ведае “шлях да шчасця”. Толькі суправаджаць нас не мог па прычыне занятасці. Узброіўшыся падрабязным апісаннем, ад Ашмян выязджаем на трасу, што вядзе на Мінск. Мінаем першы паварот – ён вядзе да крынічкі. На другім збочваем направа. Па не па-зімняму набрынялай вільгаццю зямлі машына едзе нядоўга. Далей рушым пехатою. Сказана: ісці да кута невялікага лапіка сенажаці, з трох бакоў атуленага ляском, а там сцяжынка сама прывядзе да помніка прыроды. Але атрымліваецца як у казцы: направа пойдзеш – каня страціш. Каня мы не мелі, ды хутка вярнуліся да машыны, бо лясная сцяжынка прывяла нас на стромкі высокі бераг, у нізіне якога пляскаліся хвалі Ашмянкі. Сцяжынка ў левы кут ляска прывяла на дно глыбокага яра, ішлі па якім нядоўга: шлях перагарадзілі завалы ды густы хмызняк. Ніякага ж указальніка да гэтага помніка прыроды рэспубліканскага значэння на дарозе няма. Ісці трэба толькі прама. Па вузкай сцяжынцы выходзім на стромкі адхон глыбокага яра. Як жа дабрацца да гэтага цуда прыроды турыстам або далікатным нявестам? А аб тым, што і тыя, і іншыя тут бываюць, сведчаць вяночак з паркалёвых кветак на камені і рознакаляровыя стужкі на дрэўцах абапал каменя.

Дарэчы, не так даўно ў Ашмянах пабудавалі дрэва кахання – сімвал, на якім жаніх і нявеста ў вясельны дзень павязваюць каляровыя стужачкі – на шчасце. Такім жа сімвалам для маладажонаў мог бы стаць і Нявесцін камень, калі б да яго можна было дабрацца ў вясельны дзень, не рызыкуючы нявесце зачапіцца вэлюмам за густое кустоўе або зламаць абцасікі-шпількі на стромкім схіле. Бо дрэва – новабудоўля, а Нявесцін камень – сваё, спадчыннае, чаму пакланяліся і ў што верылі нашы продкі.

Несумненна, што Нявесцін камень мог бы стаць турыстычным брэндам Ашмяншчыны, калі б увайшоў у адзін з турыстычных маршрутаў. Тым больш, што недалёка ад валуна ёсць крынічка з чысцюткай сцюдзёнай вадой. Для гэтага і сродкаў шмат не трэба – устанавіць дарожны ўказальнік да знакамітага каменя, убраць смецце на шляху да яго, зрабіць больш зручным для наведвальнікаў круты спуск. Нявесцінаму каменю нестае чалавека, які б мог “раскруціць” незвычайны помнік прыроды.
 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Унікальны помнік прыроды рэспубліканскага значэння і адзін з сямі цудаў Ашмяншчыны пакуль не ўключаны ні ў адзін турыстычны маршрут. Пасля публікацыі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика