Латушка зробіць Беларусь зноў краінай замкаў?. 21.by

Латушка зробіць Беларусь зноў краінай замкаў?

13.02.2012 13:06 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Латушка зробіць Беларусь зноў краінай замкаў?


Урад прыняў праграму "Замкі Беларусі" коштам $15,5 мільёна. Упершыню такая праграма зацверджаная на дзяржаўным узроўні. "Замкі Беларусі" распрацавала Міністэрства культуры.

Калісьці ў Беларусі было больш за сто замкаў.На жаль, захаваныя абарончыя збудаванні можна пералічыць па пальцах. Што не зруйнавалі войны, дабіваў час і народная гаспадарка. У спіс праграмы планавалі ўключыць 16 аб’ектаў. Але ў выніку ўвайшло 38 — улічылі просьбы абласнога ды раённага чынавенства.

На аднаўленне замкаў плануюць выдаткаваць каля 131 мільярда рублёў цягам 2012—2018.
 
"Замкі" — як "Дажынкі"

Макет Старога замка ў Гродне.
Праграма прадугледжвае аднаўленне такіх легендарных збудаванняў, як Стары замак у Гродне (на яго выдаткоўваецца 37 млрд 200 млн рублёў), замкі ў Лідзе і Любчы, Сапегаўскі палац у Ружанах.
 
Гродна займае другое месца пасля Мінска па аб’ёме ўкладанняў. Найменшы кавалак бюджэту (1,5 млн рублёў) прызначаны Слуцку — на добраўпарадкаванне тэрыторыі гарадзішча ІХ—ХІІІ ст. Прычым выдзяляць сродкі плануюць у 2017—18 гадах. Будзем спа­дзявацца, інфляцыя іх не зжарэ аж настолькі, каб не хапіла заплаціць чалавеку, які абкосіць гарадзішча.

Возьмуцца і за прылеглыя да замкаў тэрыторыі. У Міры адновяць рэгулярны італьянскі парк. Праўда, звестак пра яго выгляд не захавалася. А заадно рэстаўруюць стаў, дамбу, агароджу і нават мемарыял на месцы знішчэння мірных жыхароў нямецкімі фашыстамі.

У Камянецкай вежы плануецца замяніць дах — на гэта з мясцовага бюджэту выдаткавана 51,8 млн. Рамантаваны шматкроць помнік ужо выклікае кпіны турыстаў шклопакетамі ў байніцах. Затое ў Крэўскім замку плануюць аднавіць паўночную, княскую вежу, у якой падпісвалася Унія. На Крэва выдаткуюць 2 млрд 500 млн цягам 2012—15 гадоў.

Замкі ў Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Быхаве, Геранёнах, Смалянах і Тэльмане чакае кансервацыя з "частковай рэстаўрацыяй".Самыя цэлыя іх фрагменты прыстасуюць пад музейныя экспазіцыі. Як, напрыклад, частку замка Сапегаў у Быхаве, дзе была мэблевая фабрыка і вайсковая часць.

Бюджэтныя сродкі абу­дзяць адвечны канфлікт між рэстаўратарамі, гатовымі бясконца ўдасканальваць праекты, і мясцовай уладай, якая плануе выкарыстаць грошы на навядзенне парадку.
 
Так, праектная група Беларускага камітэта ICOMOS на чале з Ігарам Раханскім настойвае на навуковых даследаваннях у Гальшанскім замку. Чынавенства ж плануе абмежавацца рамонтам.
 
Парк Вішнявецкіх фундуюць французы

Парк з рэшткамі сцяны замка Вішнявецкіх у вёсцы Тэльман пад Брагінам збіраюцца парадкаваць за французскія грошы:
25 млн рублёў выдаткоўвае грамадская арганізацыя "Спадчына без межаў" і асацыяцыя "Валь дэ Луар". Цяперашні палескі аграгарадок імя нямецкага камуніста — гэта колішняя вёска Двор­-Гарадзішча. Там стаяў Брагінскі замак, цэнтр вялізарных латыфундыяў Вішнявецкіх.
 
Некалі Адам Вішнявецкі, руплівец праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, прытуліў тут Лжэдзмітрыя I, які ўпершыню прызнаўся менавіта яму, нібы ён — сын Івана Грознага. У 1648 годзе жыхары Брагіна адчынілі браму ардзе Хмяльніцкага і за здраду замак з мястэчкам быў разбураны. На ягоным месцы ўзнік палац з фальваркам, якім валодаў і Міхал Вішнявецкі — кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Будзе што расказаць турыстам, калі, канечне, знойдуцца смелыя. Брагінскі раён — самы забруджаны ў Чарнобыльскай зоне. Радыяцыя тут сягае 20—30 Кюры/км.
 
Гарадзішчы для пікнікоў

Дзевятнаццаць замчышчаў, у тым ліку ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, Крыўлянах Жабінкаўскага раёна, у Заслаўі і Браславе, запланавана добраўпарадкаваць.
 
Калі чуеш слова "добраўпарадкаванне", міжволі прыгадваецца замчышча ў Мазыры, на якім прадпрыемства "Мазырдрэў" збудавала пахабны рэкламны церамок. Ці замчышча ў Браславе, дзе панастаўлялі альтанак для аматараў выпіць-закусіць...
 
На добраўпарадкаванне гарадзішча ў курортным Браславе, дарэчы, выдаткоўваюць 2 млрд 500 млн — утрая болей, чым на полацкі Верхні замак.
 
Фартэцыя ля дома Галіны Радзівонаўны

На пяці гарадзішчах (у Тураве, Мілаградзе, Глуску, Рыжкавічах і Мінску) запланаваныя работы па музеефікацыі.
Уражвае, што ў адным шэрагу з Мінскім стаіць замчышча ў Рыжкавічах. Так, гэта рэшткі сярэднявечнага Шклова XVI—XVIII cт., дзе быў колісь замак Хадкевічаў, кляштар з касцёлам дамініканцаў, мураваная ўніяцкая Петрапаўлаўская царква... Але Рыжкавічы пакуль не ўнесеныя ў ніводны даведнік.
Падмуркі, адкапаныя ў Рыжкавічах.
На музеефікацыю археалагічнага комплексу ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна, у якой жыве Галіна Радзівонаўна Лукашэнка, запланавана выдаткаваць 40 млн з бюджэту раёна і вобласці.

Мінск атрымае найбольшую частку сродкаў — 62 млрд 573 млн рублёў.
План аднаўлення Мінскага замчышча, распрацаваны "Мінскпраектам", прадугледжвае пабудову новай праваслаўнай царквы на падмурках храма XII ст. Той храм — адна з найвялікшых таямніцаў старажытнага Менска: ён так і не быў дабудаваны, а пасля, сведчаць археолагі, ператварыўся ў паганскі некропаль. Ніякіх звестак пра тое, як мог выглядаць храм, няма. Калі паставяць фальсіфікат на аўтэнтычных падмурках, чаму б не панабудоўваць новых замкаў і на ўсіх пустых гарадзішчах?

Мінскае замчышча — сэрца ўсёй Беларусі, пачатак пачаткаў.
Дыскусіі вакол праекта аднаўлення Ніжняга замка ў Вільні расцягнуліся на 100 гадоў. У Беларусі дыскусіяў не было.
 
Немагчыма без нас

Я б вельмі хацеў, каб замак у Крэве, дзе колісь вырашаўся лёс краёў ад Балтыкі да Чарнамор’я, узняў свае спічастыя муры, каб і пад Брагінам, у вёсцы з вернутым спрадвечным імем Двор-­Гарадзішча, паўстаў цікавы асветны асяродак, каб тлумы турыстаў захапляліся Шклоўшчынай і каб старажытны Мінск урэшце зажыў уласным паважным людскім жыццём... Але гэта немагчыма без удзелу нас усіх, каму гэта неабыякава.


Лідскі замак.

Любча.

Палац Сапегаў у Ружанах.

У Міры адновяць італьянскі парк.
 
У Крэве адновяць княскую вежу.
 
У Быхаўскім замку была фабрыка і вайсковая часць.

Скляпенні "чорнага замка" Гальшанскага.

Сцяна палаца Вішнявецкіх у сённяшнім Тэльмане.









 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урад прыняў праграму "Замкі Беларусі" коштам $15,5 мільёна. Упершыню такая праграма зацверджаная на дзяржаўным узроўні. "Замкі Беларусі" распрацавала Міністэрства...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика