«Бывала, спыню машыну, запішу колькі радкоў і еду далей». 21.by

«Бывала, спыню машыну, запішу колькі радкоў і еду далей»

25.02.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Той, хто ведае Міколу Віктаравіча Шабовіча (на здымку), адразу скажа, што ён асоба неардынарная. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі… Былы выпускнік тады яшчэ Мінскага педагагічнага інстытута, ён так і не змог пакінуць сваю alma mater назаўсёды. Зараз, выкладаючы ў роднай ВНУ беларускую мову, Мікола Віктаравіч прыглядаецца да сваіх студэнтаў, шукае адораных, дапамагае ім адчуць свае здольнасці і пракласці дарогу ў творчае жыццё, таму што памятае свой шлях у літаратуру…

«Алімпійскі» дзень

Мікола Шабовіч нарадзіўся ў вёсцы Бадзені, што на Мядзельшчыне, у звычайнай сялянскай сям’і, дзе ніхто не пісаў вершаў. У дзяцінстве, праўда, чуў ад бацькоў нейкія мудрыя прыпеўкі, аднак аўтарства іх застаецца невядомым. Запомніліся і іншыя асобныя моманты: «Памятаецца, калі я быў маленькі, дзядуля спяваў мне салдацкія песні. Больш я такіх песень нідзе ні ад каго не чуў. Не выключаю, што ён сам іх і склаў».

Паэтычны талент у хлопчыка адкрыўся выпадкова. Мікола Віктаравіч і зараз вельмі часта ўспамінае тое лёсавызначальнае здарэнне. Маючы здольнасці да хіміі, юнак-васьмікласнік у час зімовых канікул трапіў на алімпіяду. Так сталася, што ён аказаўся за адной партай з прыгожай незнаёмкай. Суседка настолькі спадабалася хлопцу, што хімічныя формулы так і не здолелі патрапіць у думкі. «Все оксиды, кислоты и соли реагируют только с тобой...» — гэта радкі з першага верша, які быў напісаны ў той знамянальны дзень. Зразумела, што верш быў пра каханне. І да сённяшняга дня стараюся заставацца верным інтымнай лірыцы», — кажа Мікола Шабовіч. На жаль, запіс верша быў страчаны, аднак сам ён назаўсёды застаўся ў памяці паэта, як і той шчаслівы момант, што дапамог выявіць паэтычныя здольнасці…

Для творчага занятку будучы паэт не выбіраў зручных момантаў: думкі прыходзілі самі сабой, нават у самых нечаканых месцах. «Амаль год я працаваў шафёрам у родным калгасе «Шлях Ільіча». І як працаваў! Праеду пару кіламетраў — спыню машыну, запішу колькі радкоў і еду далей».

На той час у маладога паэта ўжо сабралася каля сотні вершаў. Некалькі з іх ён даслаў у «Мінскую праўду», але адказ быў нечаканы. «Сказалі, што творы надрукаваць не выпадае, бо яны маглі быць напісаны ў мінулым стагоддзі, што, маўляў, няма подыху часу і г.д. А які патрэбен подых часу ў вершах пра каханне?» — скардзіцца Мікола Віктаравіч.

Ніхто тады не мог прадказаць, што хлопец з «запозненымі па часе вершамі» стане-такі карыстацца поспехам сярод чытачоў і ў літаратурным асяродку, напіша многія выдатныя творы, частка з якіх увойдзе ў шэсць паэтычных кніг — «Каб вымавіць: «Люблю!», «Дом» , «Яшчэ пакуль не лістапад», «Падары мне сваю адзіноту», «Мая надзея» і «Хор болей не спявае». Зараз паэт захапіўся перакладамі з рускай паэзіі, толькі за апошні год пераклаў больш як 370 вершаў, якія склалі яго новую кнігу «Адлюстраванні», што павінна з часам з’явіцца ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Разам з тым, паэт ніколі не гнаўся за колькасцю твораў: больш цікавіла іх якасць. Можа, таму і ў Саюз пісьменнікаў патрапіў не адразу. «Што да саюза, то я аказаўся яго даволі познім «дзіцём». Калі прымалі ў яго, а было гэта ў снежні 1998 года, пасля абвяшчэння вынікаў галасавання да мяне падышоў Ніл Гілевіч. «А можаце падпісаць мне гэтую кніжку?» — спытаў ён. «Канечне. З задавальненнем!» — адказаў я. А Генадзь Бураўкін тады зазначыў: «Я думаў, што ты ўжо гадоў 15 у саюзе…»

Доўгая дарога ў філалогію

Як ні парадаксальна, аднак, маючы выключныя гуманітарныя здольнасці, Мікола Шабовіч не адразу патрапіў у філалогію. Пасля заканчэння школы малады чалавек ледзьве не апынуўся на факультэце прыкладной матэматыкі ў БДУ, але воляй лёсу для паступлення не хапіла аднаго бала. «А матэматыку, між іншым, вусна здаў на максімальную адзнаку, хоць, па праўдзе кажучы, дужа не заседжваўся з кніжкамі, не прамінаў схадзіць і ў тэатр, і сёе-тое зрыфмаваць. У гэты ж год з’я­віўся мой першы верш у раённай газеце, да таго ж я навучаўся ў школе селькораў, напісаў нямала артыкулаў на самыя розныя тэмы»,— расказвае паэт. Усё прадказвала, што юнаку трэба абраць іншую дарогу ў будучыню.

Цікавую думку падказалі ў ваенкамаце: прапанавалі паспрабаваць паступіць у Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча на спецыяльнасць «ваенная журналістыка». Мікола Шабовіч захапіўся ідэяй і ўжо хутка здаваў экзамены, але атрымаў чацвёркі. «А на што іншае мог спадзявацца ў той час юнак з сялянскай сям’і, чые бацькі — даярка і трактарыст?» — з усмешкай канстатуе Мікола Віктаравіч.

Вярнуўшыся ў Мінск, хлопец пабег падаваць дакументы ў Мінскі педагагічны інстытут на філфак. У той дзень лёс будучага паэта вызначыла адна хвіліна. «Прыходзім я і будучы мой аднагрупнік Міхась Гайцюкевіч, зараз паэт і тэлерэжысёр, у ВНУ, а на дзвярах: «Прыём дакументаў да 17.00». На гадзінніку — без адной хвіліны! Дзякуй Святлане Афанасьеўне Лепешавай і Сяргею Уладзіміравічу Кабяку, што не прагналі гора-абітурыентаў! Так мы і папоўнілі рады студэнтаў педінстытута», — жартуе паэт.

«Крокі» да творчасці

Студэнцкае жыццё для Міколы Шабо­віча не абмяжоўвалася толькі наведваннем заняткаў. Ім і яго сябрамі было створана літаратурнае аб’яднанне «Крокі», якое ўжо больш як трыццаць гадоў актыўна дзейнічае пры БДПУ імя Максіма Танка. У творчай суполцы адкрываюцца таленты, нараджаюцца майстры слова. Праз яе школу прайшлі такія творцы, як Мікола Ждановіч, Мікола Мікуліч, Таццяна Старасценка, Сяргей Карчыцкі, Алена Шарапа,Таццяна Сівец, Дзмітрый Пятровіч, Ксенія Шаржановіч і многія іншыя. І зараз «Крокі» рады прыняць да сябе новых творцаў, таленавітых і здольных. Сам Мікола Віктаравіч пільна сочыць за сваімі выхаванцамі, ладзіць літаратурныя вечарыны і запрашае маладых паэтаў паў­дзельнічаць у іх.«Канешне, гэта ўжо не тыя сустрэчы, пасяджэнні, вечары, што былі раней, калі мы, маладыя і апантаныя сваімі ідэямі, гарэлі ад юнацкага максімалізму», — сумуе па залатых часах паэт. Тым не менш, і зараз сярод яго выхаванцаў шмат маладых таленавітых людзей, якія, як спадзяецца Мікола Віктаравіч, зоймуць пачэснае месца ў літаратуры. Гэта былыя і сённяшнія студэнты БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Выскварка, Ірына Чарняўская, Вераніка Мандзік, Алесь Мойскі, Анастасія Пастарнак, Яна Сарока, Настасся Хмель… Падборкі вершаў паэтаў-пачаткоўцаў часта можна заўважыць на старонках літаратурных газет, а выступленні некаторых — пачуць у радыёпраграмах. Больш як 50 выхаванцаў аб’яднання «Крокі» будуць прадстаўлены ў анталогіі «Маладая паэзія Беларусі», што павінна неўзабаве пабачыць свет.

Для сваіх навучэнцаў Мікола Віктаравіч стварае ўсе ўмовы для развіцця, бо разумее, як цяжка трапіць маладому зерню на глебу творчасці. Прайшоўшы няпросты шлях у літаратуру, паэт спрабуе аблегчыць яго для іншых, але гэта не значыць, што кожны можа прэтэндаваць стаць «крокаўцам». Строгі педагог лёгка адрознівае звычайнае рыфмаплёцтва ад якасных твораў, а таксама не дае сапсавацца таленавітым. Паэт лічыць: «Трэба тварыць. І не баяцца паказваць свае вершы прафесіяналам. Многія пішуць выключна для сябе, саромеюцца прачытаць нават некалькі радкоў. Мне здаецца, што калі Бог дае некаму літаратурны талент, то яго трэба максімальна раскрываць, дзяліцца ім з тымі, у каго няма».

----------------------------------------

Мікола ШАБОВiЧ

* * *

Ёсць два словы, займеннікі два,

Што ратоўча гучаць з нематы

І якім падуладна трава,

Лесу гонкага шолах густы.

Ёсць два словы, займеннікі два —

Я і Ты.

Тыя словы абудзяць сінеч,

Тыя словы народзяць зару,

Разарвуць цемру ночы, як меч,

Сонца ўздымуць увысь-угару.

І тады заблішчыць сінява,

Загарацца ад промняў лісты...

Ёсць два словы, займеннікі два —

Я і Ты.

* * *

Калі наўкол віхурацца завеі,

Перш, чым сказаць завучанае «не»,

Не апускай заснежаныя веі, —

Ты мерзнеш, прытуліся да мяне.

У гэтым свеце, гэтым дзіўным свеце,

Спаткацца выпадае толькі раз.

Зірні, як зоркі мігатліва свецяць.

Яны таксама разумеюць нас.

У скрушны час марозна-вечаровы

На скрыжаванні сэрцаў і дарог

Давай казаць адно кахання словы —

Хай чуе Бог і не карае Бог.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міколу Шабовiча да паэзii прывяла школьная алiмпiяда па хiмii
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика