«На фуршэце схапіліся з Таранціна за адзін бакал шампанскага…». 21.by

«На фуршэце схапіліся з Таранціна за адзін бакал шампанскага…»

12.04.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iгар Сігаў пра новую пасаду, статус сэкс-сімвала, чырвоную дарожку і адну здзейсненную мару

Заслужаны артыст Беларусі Ігар СІГАЎ (на здымку) — адзін з самых яркіх і папулярных айчынных акцёраў. Амаль 20 гадоў ён служыць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, прычым практычна ўвесь час, як кажуць, на першых ролях — вядучы майстар сцэны. У яго творчым багажы каля сотні работ у тэатры і кіно. Ён уладальнік шэрагу адзнак розных фестываляў. За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У тэатральным асяродку Ігар Сігаў мае імя і сталую творчую рэпутацыю. Не аб-дзелены акцёр і ўвагай гледачоў, асабліва глядачак, якія прыходзяць у тэатр «на Сігава». Нядаўна прыхільнікаў артыста ўсхвалявала навіна — ён прызначаны дырэктарам тэатра. Няўжо вырашыў паставіць кропку ў акцёрскай кар’еры? За адказам на гэта і іншыя пытанні карэспандэнт «Р» завітала ў дырэктарскі кабінет Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

— Да дырэктара прынята звяртацца афіцыйна. Ігар Аляксеевіч, як пачуваецца на новай пасадзе?

— Ведаеце, за ўсе гады, што працую ў тэатры, не раздаваў столькі аўтографаў, як за першы тыдзень дырэктарства. Колькасць папер, якія даво-дзіцца падпісваць штодня, такая — проста галава кругам.

— Прызначэнне было для вас жаданым?

— Быць дырэктарам тэатра я ніколі не марыў, бо гэта ўсё ж не творчая справа. Але так склалася, што па стану здароўя (летась акцёр перанёс інфаркт. — Заўв.«Р») зараз не магу працаваць на сцэне ў ранейшым напружаным рытме, дактары раяць крышачку пацярпець. Бягучы год, на які мне даверылі дырэктарскую пасаду, якраз дасць такую магчымасць. Так што паспрабую сыграць і гэтую ролю.

— Чаго чакаць ад новага дырэктара?

— Хутчэй чакаць трэба не ад мяне, а ад новага мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра Аляксандра Гарцуева, ад яго залежыць, у якім напрамку рухацца тэатру. Канечне, у гэтым мы павінны быць з ім аднадумцамі. Вобразна кажучы, яго справа — накіроўваць карабель, мая — латаць дзіркі, каб гэты карабель паспяхова ішоў далей. Спадзяюся, хутка напоўнім ветразі і пойдзем наперад.

— Няўжо вы на год зусім адмовіцеся ад сцэны?

— Я перш за ўсё акцёр, люблю і хачу гэтым займацца, і тое, што рабіў у прафесіі, было не зусім дрэнна. Канечне, я буду іграць, але не так часта, як раней. Спадзяюся, з-за гэтага мяне не забудуць як акцёра.

— У юнацтве вы паспяхова займаліся рознымі відамі спорта і нават сталі чэмпіёнам роднага Полацка ў бегу на дыстанцыю 800 метраў. Як узнік у жыцці падаючага надзеі спартсмена тэатр? Чый творчы ген прачнуўся?

— Я з сям’і не тэатральнай, але ў радні ёсць тыя, хто і на гар-моніку іграў, і добра спяваў, збіраючыся на святочныя застоллі. Як кажуць мае сваякі, я ад усіх ухапіў патрошку. Таму ген — ад народнай творчасці. А што да захаплення тэатрам, то яно адбылося ў школьныя гады. Неяк сябра запрасіў мяне пайсці з ім за кампанію ў тэатральную студыю. Нечакана мне там спадабалася, і я застаўся. Кіравала студыяй рэжысёр Валянціна Пятроўна Нагорная. Менавіта дзякуючы ёй я захапіўся сцэнай.

— Тэатральны інстытут заўважыў свайго будучага студэнта адразу?

— Першы раз я паступаў у 1986-м, пасля школы, але зляцеў з другога тура. У гэты ж год паспрабаваў паступаць у інстытут культуры на рэжысуру і таксама заваліў. Вярнуўся ў Полацк, працаваў на заводзе, пасля — армія. А калі адслужыў, зноў уладкаваўся працаваць і зноў прыйшоў у тэатральную студыю, дакладней, па ўзросце трапіў ужо ў трупу народнага тэатра. Паступаць збіраўся ў інстытут культуры, ужо і на падрыхтоўчыя курсы прынялі. Але здарылася так, што апынуўся неяк побач з Акадэміяй мастацтваў і зайшоў паглядзець, як здаюць людзі ўступныя іспыты. І тут як раз рэжысёр Валерый Мазынскі з аўдыторыі выйшаў. Убачыў мяне і кажа: «Хопіць стаяць, заходзь. Перахвалюешся, дык нічога наогул не прачытаеш». Матэрыял у мяне быў гатовы — я ж паступаць збіраўся. Скінуў сумку з пляча — і — наперад. Мяне праслухалі, дапусцілі на першы тур, пасля — на другі, трэці. На чацвёртым сказалі, што паступіў. Я нават адразу не паверыў, што гэта сапраўды адбылося.

— Шчаслівы выпадак.

— Так. Але, ведаеце, пасля майго першага няўдалага паступлення мая бабуля варажыла на картах і сказала, што споў-ніцца маё жаданне праз ча-тыры гады. Так і атрымалася, у 1990-м я стаў студэнтам Акадэміі мастацтваў.

— З часу заканчэння вучобы вы застаецеся верным Тэатру беларускай драматургіі, у якім служыце ад пачатку яго заснавання. Няўжо такога яркага акцёра не запрашалі сцэны большыя, нацыянальныя?

— Прапановы былі: і ад Купалаўскага, і — да цяперашняй дырэктарскай пасады — ад Рускага тэатраў. Але трымалі родныя сцены. Магчыма, таму, што тут пачалося маё творчае станаўленне, тут перажыты даволі складаны для мяне і для ўсяго тэатра перыяд пасля сыходу яго першага мастацкага кіраўніка, тут спазнаны першы сапраўдны поспех, нарэшце, тут я ведаю кожны гваздок, бо яшчэ студэнцкім курсам мы прыходзілі і ўладкоўвалі глядзельную залу, абсталёўвалі памяшканні.

— Што вам сёння цікавей: праца ў тэатры ці ў кіно?

— Цікава і тое, і другое. І там, і там свае перавагі. У кіно свая спецыфіка, свае навыкі, дый іншыя, чым у тэатры, грошы. Але ў кіно можаш здымацца ці не, а тэатр — гэта жыццё, якое нельга нечым замяніць. У кіно ты колькі хвілін у кадры? А ў тэатры паўтары гадзіны трэба трымаць гледача. У кіно іншы раз можа з поспехам зняцца чалавек, які не мае прафесіянальнай адукацыі. У тэатры без яе вельмі цяжка. Без яе сапраўдным акцёрам не станеш, хіба толькі ты ўнікальны талент-самародак. Мне бліжэй тэатр, хаця люблю і кіно.

— У кіно вашы персанажы часцей за ўсё то шпіёны, то дыверсанты, то вайскоўцы — айчынныя і варожыя. А якія вобразы, можа, пакуль не заўважаны ў вашай акцёрскай асобе рэжысёрамі?

— Не ведаю. Гэта лепш бачна рэжысёрам. Як акцёр, я хачу думаць, што магу іграць усё, толькі націсніце на патрэбную кнопку. Дарэчы, апошнім часам у мяне з’явілася і амплуа героя-каханка. А нядаўна зняўся ў новым фільме рэжысёра Івана Паўлава ў ролі законнага і станоўчага мужа галоўнай гераіні. Так што, спадзяюся, дыяпазон паступова пашыраецца.

— За вамі трывала ўжо замацаваўся статус сэкс-сімвала тэатра. Як да гэтага ставіцеся?

— Зразумела, гэта прыемна. Думаю, гэтак жа, як і кожнаму акцёру-мужчыне, — ведаць, што цябе пазнаюць, любяць, што жанчыны звяртаюць на цябе ўвагу. Але гэты стаус надае і абавязак заўсёды трымаць сябе ў належнай форме.

— …і трымацца пад націскам найбольш актыўных прыхільніц. Каля службовага ўваходу чакаюць пасля спектакляў?

— Я сяджу да такой пары, калі столькі часу ўжо не чакаюць. Але былі выпадкі — падкладвалі запіскі на лабавое шкло майго аўто з падзякай за маю працу, за тое, што я такі ёсць, хоць, які я ёсць у жыцці, канечне, не ведаюць. Я разумею, гледзячы на мяне на сцэне, яны дамалёўваюць партрэт таго ідэальнага мужчыны, якога хочуць бачыць побач з сабой. Але, дзякуй Богу, калі ролі, якія я іграю, дазваляюць жанчынам не губляць надзею, што сапраўдныя мужыкі сёння ўсё ж яшчэ ёсць.

— А як ставіцца да гэтых праяў з боку прыхільніц ваша жонка? Яна, дарэчы, таксама актрыса?

— Не, яна — стыліст. Што яна думае на гэты конт, варта было б спытаць у яе. Аднак, калі дасюль жыве са мной, то, відаць, усё ў парадку.

— Два гады таму як выканаўцу галоўнай мужчынскай ролі ў карціне «Дзверы», прысвечанай тэме чарнобыльскай аварыі, знятай ірландскім рэжысёрам Хуанітай Уілсан і намініраванай як «Лепшы замежны караткаметражны ігравы фільм» на «Оскар», вам давялося быць запрошаным на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ў Лос-Анджэлес і прайсці па знакамітай чырвонай дарожцы. Раскажыце пра работу ў гэтай стужцы і пра свае галівудскія ўражанні.

— На карціну я трапіў звычайна, праз кастынг, які праводзілі ў Кіеве і Мінску. Спрабаваліся многія акцёры, але на мяне выпаў гэты лёс. Вельмі цікава і цёпла было працаваць, хаця рэжысёр амаль не размаўляла па-руску, а я — па-англійску. Аднак знаходзілі агульную мову, і фільм сапраўды атрымаўся. Да намінацыі на «Оскар» ён з поспехам быў прадстаўлены на некалькіх еўрапейскіх кінафестывалях.

А што да ўражанняў ад праходу па чырвонай дарожцы, то гэта пачуцці проста неверагодныя, сумесь і радасці, і хвалявання, і нейкай боязі. У мяне падкошваліся каленкі, а з твару не сыходзіла шчаслівая усмешка, калі я ішоў побач з зоркамі сусветнага кіно, якіх раней бачыў толькі на экране, — Джэсікай Паркер, Сандрай Балак, Мэрыл Стрып… Падчас фуршэту мы нечакана схапіліся за адзін бакал шампанскага з Таранціна. Ён прабачаўся, але саступіў, канечне, я — «ноу проблемс». З Кіану Рыўз палілі побач ў курылцы. Ён са сваім агентам штосьці абмяркоўваў метры за два ад мяне…

— Адчулі сваю гістарычную місію — вы ж першы і пакуль адзіны з беларускіх акцёраў, хто трапіў на чырвоную дарожку?

— Там я адчуваў адно толькі хваляванне. А калі вярнуўся, зразумеў, што адной марай у мяне стала менш. Лічу, для любога акцёра прайсці па чырвонай дарожцы ў Галівудзе — гэта жаданая мара, як бы хто ні сцвярджаў адваротнае.

— А якія мары яшчэ засталіся няздзейсненымі?

— Наогул, баюся марыць пра нешта. Раптам здзейсніцца? Мара ж — гэта нешта недасягальнае, да чаго ёсць сэнс ісці, дзеля чаго працаваць. А як здзейснілася — чым жыць далей, да чаго імкнуцца? Але мары, канечне, ёсць. Хочацца яшчэ пажыць, папрацаваць, паспець зрабіць нешта. Хаця разумею, што і на сённяшні дзень маю шмат таго, чаго няма ў многіх іншых, — і ў плане чалавечым, і ў творчым. Дзякуй Богу, склалася кар’ера крышку лепш, чым у кагосьці, хто таксама мае права на прызнанне. Ёсць сям’я і двое цудоўных дзяцей, якіх я вельмі люблю, — 22-гадовы сын і дачка, ёй на днях споўнілася 17. Уласнай кватэры, праўда, няма, жыллё службовае. Мару пабудаваць невялікі дом. Адно толькі, грошы трэба, а зарабляць столькі, як раней, калі быў проста акцёрам без дырэктарскай пасады, цяпер наўрад ці атрымаецца — даво-дзіцца адмаўляцца ад многіх здымак, бо фізічна не паспяваю. Але ж не на вуліцы жыву, і ўсё, што ні робіцца, як вядома, — да лепшага. Так што ўсё ў мяне нармалёва.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iгар Сігаў — пра статус сэкс-сімвала і адну здзейсненную мару
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика