Андрусь Такінданг: "Надзяваў белую кашулю, апранаў чорны пінжак, каб пісаць вершы..."
28.06.2012 10:46
—
Новости Культуры
|
Андрусь Такінданг: "Надзяваў белую кашулю, апранаў чорны пінжак, каб пісаць вершы..." Ён аднолькава добра праяўляе сябе ў жывапісе, паэзіі, музыцы, раніцай на АНТ апавядае пра асаблівасці беларускай мовы, з'яўляецца цікавай асобай і шчырым суразмоўцам. Са слоў Андруся, у жыцці яму дапамагаюць дзіцячыя мары, якія зараз ён з поспехам ажыццяўляе. Пра гэта і не толькі малады чалавек з задавальненнем згадзіўся расказаць чытачам газеты.
— Зараз у СМІ і інтэрнэце вельмі актыўна абмяркоўваецца перадача з вашым удзелам на АНТ. Чаму навучыў гэты праект асабіста вас? — Ён даў мне досвед новай прафесіі. Камера адрозніваецца ад сцэны, і праца вядучага прад'яўляе свае патрабаванні. Я стаў больш мабільным, арганізаваным. — Калі вы ўпершыню адчулі жаданне нешта стварыць? З чаго пачыналі? — Пачынаў, як і ўсе дзеці, з малюнкаў: ствараў абстракцыі. Напісанне вершаў для мяне ўвогуле было сапраўдным рытуалам. Успамінаю, як надзяваў белую кашулю, апранаў чорны пінжак і з узнёслым настроем сядаў за стол, каб выкласці свае думкі ў форме вершаў на паперы. — Андрусь, вы мастак, вядучы, паэт, музыкант. Якое з захапленняў для вас вызначальнае? — Зараз я шмат часу прысвячаю музыцы. Адчуваю патрэбу менавіта ў гэтым відзе мастацтва. — Якую з творчых вяршынь скарыць цяжэй за ўсё? — Каб дасягнуць поспехаў у любой справе, патрэбен час. Аднак з музыкай складаней, бо гэта калектыўны від дзейнасці, і вынік залежыць не толькі ад цябе аднаго. Калі ж казаць пра жывапіс, то ты малюеш тады, калі табе зручна. Тут усё ў тваіх уласных руках. З паэтычнымі творамі ў гэтым плане яшчэ прасцей: яны нараджаюцца, калі прыходзіць натхненне. — І дзе яно вас звычайна сустракае? — Часцей за ўсё ў дарозе. Іншы раз глядзіш у акно, пра нешта думаеш, і ў выніку нараджаецца верш. — Ці быў у вас творчы крызіс? — Так, падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў, якая ў нейкім сэнсе "ціснула на свабоду". Я шмат "заганяўся", вельмі крытычна ставіўся да ўласных работ... Часам трэба зрабіць крок убок. Паглядзець на сваю працу вачыма іншага чалавека. — Зараз вы з'яўляецеся салістам гурта "Рэха" і мастацкім кіраўніком "Гаротніцы". Як удаецца сумяшчаць гэтыя два праекты? Якому з іх аддаяце больш часу? — У розныя перыяды па-рознаму. На пачатку стварэння "Гаротніцы" шмат працаваў над новым калектывам. Туды прыйшла салістка Валерыя Валадзько, якая ўсклала на свае жаночыя плечы большасць арганізацыйных і адміністрацыйных пытанняў, таму за гэты гурт я спакойны. З'явілася больш часу для "Рэха". — Ці карыстаецца папулярнасцю музыка, якую вы ствараеце? Ці запатрабаваны ў Беларусі такія музычныя калектывы, як "Рэха" і "Гаротніца"? — Кожная музыка знаходзіць свайго слухача. Мы таксама маем сваю аўдыторыю. Часта ладзім канцэрты ў клубах, на вуліцы, выступаем з гастролямі за мяжой. Песні "Гаротніцы" гучаць у дакументальнай кінастужцы Галіны Адамовіч "Маляваны рай". Калі ж казаць пра музыку ў цэлым, то ёсць два напрамкі: музыка альтэрнатыўная і музыка папулярная. Мы больш адносімся да першага накірунку, хоць зараз "Рэха" паступова сцірае гэтыя межы. — Пры знаёмстве з вашай творчасцю наткнулася на цікавыя радкі: "Прыжаніцца бы мне ў правінцыі з маладою цырульніцай увішнаю..." Няўжо дзяўчына, каб вам спадабацца, абавязкова павінна быць цырульніцай? — Вядома ж, не! (Смяецца) Гэты верш іранічны: спроба намаляваць ідэалістычную карціну. Цырульніца — цікавы збіральны вобраз. Насамрэч, прафесія для мяне — зусім не вызначальны фактар. Калі толькі не казаць пра дзяўчыну-кілера. — Многія вашы карціны напісаны на рэлігійную тэматыку. Якое месца ў вашым жыцці займае вера? — Бог — аснова ўсяго. Як той казаў, "без Бога не да парога". У маім сэрцы ёсць вобраз ідэальнага, правільнага жыцця з Богам. Я не заўсёды жыву згодна з ім, але ведаю, якім я магу і павінен быць, і імкнуся да гэтага. — Вам даводзіцца шмат працаваць. Як вы адпачываеце? — Па-рознаму. Магу, напрыклад, нічога не рабіць... Наша праца творчая, таму часта я проста змяняю заняткі: пераходжу ад музыкі да жывапісу, ад жывапісу да паэзіі. Заўсёды з ахвотай хаджу на канцэрты сяброў. Таксама люблю фізічную працу. З задавальненнем наведваю сваю бабулю і дапамагаю ёй па гаспадарцы. — Зараз вы даволі вядомая асоба ў Беларусі, пра вас пішуць у газетах, вас запрашаюць паўдзельнічаць у розных праектах. Якім вы бачыце Андруся Такінданга праз дзесяць гадоў? — Сівым (смяецца). Хачу не страціць радасць, захаваць бадзёрасць, Стаць больш мудрым. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён аднолькава добра праяўляе сябе ў жывапісе, паэзіі, музыцы, раніцай на АНТ апавядае пра асаблівасці беларускай мовы, з'яўляецца цікавай асобай і шчырым...
|
|