Памёр дудар Уладзімір Пузыня
18.09.2012 20:56
—
Новости Культуры
|
Памёр дудар Уладзімір Пузыня
"Музыка, выкладчык, народны майстар… ні ў тым, ні ў гэтым ён не быў дасканалым прафесіяналам. Але ва ўсім разам — ён быў Пузыня. Пражыў жыццё сярод людзей са сваёй дудкай, — успамінае сябра рэжысёр Валер Мазынскі. — Мучыўся Беларуссю. Клаўся і ўставаў з думкай, каб усё змянілася, павярнулася ў бок беларускага. А як быў неваяўнічы, рамантык — паліў гэтым найперш сябе. Я з ім пазнаёміўся яшчэ ў 1980-я, калі прыехаў у Мінск. Зайшоў у рэдакцыю ЛіМа, раптам чую — дудка грае ў суседнім пакоі. А гэта Валодзя ў фатографа Крука сядзеў. Гэта цяпер мы прывыклі, а тады яшчэ гукі жалейкі разрывалі сэрца… Ён пачынаў як музыка ў аркестры Жыновіча, аб’ездзіў увесь Саюз. Пасля ўзяўся адраджаць жалейку. Пузыня рабіў гэтыя дудкі і нёс іх у людзі. Хоць грошай з іх не меў. Былі майстры і апроч яго, але тыя больш на месцы сядзелі: прыйдуць да іх аматары, купяць інструмент. А Валодзя жалейку папулярызаваў. Мо што і прадаваў, але болей дарыў. Цяпер тыя яго дудкі могуць быць вельмі дарагія. Сённяшнія маладыя дудары ў яго вучыліся. Пакуль ногі насілі — быў на ўсіх акцыях, мітынгах з сваімі вялікімі дудамі. Разам з сынам, Алесем, яны ігралі. Цяпер Алесь у ЗША, у Беларусі — дачка Вольга з унукамі. Выкладаў ва Універсітэце культуры, але не быў ад прыроды выкладчыкам. Студэнты прыходзілі да яго ў майстэрню, глядзелі, вучыліся. Далі яму пакой у інтэрнаце „Кулька“, дык ён абсталяваў там „Беларускую хатку“. Абшыў сцены дрэвам, аздобіў — колькі народу прыходзіла! У Пузыні было некалькі альбомаў з пажаданнямі наведнікаў — любіў іх пераглядаць. Жонка Ельцына была, амерыканцы, а колькі нашых! Ужо тая „Беларуская хатка“ стала слаўнейшая за сам універсітэт. Валодзя ў той час расцвіў, быў шчаслівы. „Папрасілі“ яго адтуль ужо ў 2000-я. За беларускае. Бо народ прыходзіў, і ясна, якія размовы ў „Хатцы“ вяліся. Звольнілі з працы за „вынас інструментаў“. Гэта было яшчэ пры Ядзвізе (Грыгаровіч, былая рэктарка Універсітэта культуры — Рэд.). Змусілі яе… Ён перанёс "хатку" ў Ганалес — у жончын катэдж. Але Ганалес — гэта і ёсць лес. Я і то два гады там не паказаўся. Ён крыўдаваў… Валодзя аказаўся выкінуты з жыцця — дудзець так гучна, як ён умеў, ужо не дазвалялася…" * * * Уладзімір Пузыня нарадзіўся 26 лютага 1940 у вёсцы Суцін (Пухавіцкі раён). Яго бацька, Якуб Пузыня, загінуў на фронце ў 1941-м. Маці з малымі дзецьмі ратавалася ў бежанстве ва Украіне, з цяжкасцю ўлдалося ім вярнуцца дадому. Пасля школы Уладзімір працаваў качагарам, потым лякальшчыкам на заводзе. Скончыў музычную вучэльню па класу трубы, магілёўскую школу мастацтваў (дзе вывучыў майстэрства іканапісу). Выкладаў у музычнай школе, саліраваў у народным аркестры Жыновіча. У 1970-я разам з майстрам Уладзімірам Крайко пачаў рабіць народныя інструменты. Ад 1982 Пузыня працаваў у Інстытуце культуры выкладчыкам па авалоданні ігрою на беларускіх народных інструментах. Адчыніў лабараторыю па адраджэнні і вырабу беларускіх народных інструмэнтаў "Беларуская Хатка". У ёй наладзіў рамонт і выраб унікальных ліраў, дудаў, адрадзіў старажытныя, ужо забытыя, сурму і жалейку, хорум, апісанне якога было толькі ў летапісах і на малюнках. У 1990 годзе Пузыня напісаў і выдаў кнігу "Школа ігры на беларускіх народных інструментах", у вялікай меры дзякуючы якой упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва беларускія народныя інструменты ўвайшлі ў партытуру опернага сімфанічнага аркестра. Свой вопыт народны майстра перадаў сыну Алесю, які скончыў Унівэрсытэт культуры. У пачатку 1990 гадоў ні адзін значны канцэрт ці якая іншая ўрачыстасць не праходзілі без удзелу музыкаў Уладзіміра і Алеся Пузыняў. Яны заўжды былі ў гушчы культурных і палітычных падзеяў Беларусі. У 1994 годзе бацька і сын, каб рэпрэзэнтаваць Беларусь на фестывалі лірнікаў у Францыі, выправіліся туды за свой кошт. Праз год музыкаў запрасілі з канцэртам у ЗША ў штат Тэхас. А вярнуліся дахаты яны ўжо пасьля ганебнага рэферэндуму. Усё крута памянялася, пачынаючы з адносінаў кіраўніцтва Ўніверсітэта культуры, дзе месціцца "Беларуская Хатка". Пузыню далі працу толькі на палову стаўкі, а потым выправілі на пенсію. Апошнія гады ён жыў у вёсцы Ганалес (Мінскі раён). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памёр славуты беларускшi дудар Уладзімір Пузыня. Музыку, выкладчыку, народнаму майстру было 72 гады.
|
|